Камп’ютэрызацыя працягнецца

№ 48 (916) 28.11.2009 - 04.12.2009 г

У № 39 “Культуры” за 2009 год пад рубрыкай “Родная зямля: час крэатыву” быў надрукаваны артыкул “Ці наладзіш “агрэсіўны маркетынг” без камп’ютэра?”. Гаворка ў матэрыяле вялася пра дзейнасць музейных, клубных і бібліятэчных устаноў Петрыкаўскага раёна і аб недахопе камп’ютэраў ва ўстановах культуры. Артыкул быў накіраваны на рэагаванне. Вось што адказаў “К” начальнік упраўлення культуры Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Дзмітрый Чумакоў:

“Упраўленне культуры аблвыканкама паведамляе, што артыкул ”Ці наладзіш “агрэсіўны маркетынг” без камп’ютэра?”, апублікаваны ў газеце “Культура”, разгледжаны сумесна з аддзелам культуры Петрыкаўскага райвыканкама.

У Петрыкаўскім раёне працуе 90 устаноў культуры, дзе налічваецца 251 спецыяліст. Ва ўстановах культуры раёна ёсць 17 камп’ютэраў, у тым ліку: у раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме — 8; у клубных установах — 6; у раённым арганізацыйна-метадычным цэнтры — 1; у дзіцячай школе мастацтваў — 1; у краязнаўчым музеі — 1.

У 2008 — 2009 гг. было набыта чатыры камп’ютэры, у тым ліку адзін — за кошт пазабюджэтных сродкаў, тры камп’ютэры былі бязвыплатна перададзены ўпраўленнем культуры і Петрыкаўскім райвыканкамам. У бліжэйшы час плануецца набыццё двух камп’ютэраў для бібліятэк аграгарадкоў за кошт сродкаў абласнога бюджэту і аднаго камп’ютэра за кошт сродкаў мясцовага бюджэту.

Раённаму краязнаўчаму музею камп’ютэр быў выдзелены ў лістападзе 2009 г. У сувязі з недастатковай колькасцю ў 2009 годзе грашовых сродкаў, набыццё і ўсталёўку АСУ4 для ўліку музейных фондаў плануецца ажыццявіць у2010 годзе.

На наступных сайтах: http://museum.gomelregion.by іhttp://petrikov.gomelregion.by —размешчана рэкламная інфармацыя аб рэжыме работы і кантактныя тэлефоны Петрыкаўскага краязнаўчага музея і Музея дзеда Талаша, а таксама рэгулярна размяшчаецца інфармацыя аб тых мерапрыемствах і выстаўках, якія праводзяцца ў музеях. Выданы буклеты, флаеры з рэкламай музеяў, аб’ектаў спадчыны, а таксама — візітоўка Музея дзеда Талаша. Сярод аграсядзіб раёна распаўсюджаны буклеты, візітоўкі музеяў з іх кантактнымі тэлефонамі і рэжымам работы. Супрацоўнікамі раённага краязнаўчага музея з пачатку бягучага года арганізавана 7 выставак (2008 г. — 2), 22 экскурсіі (2008 г. — 15). Колькасць наведвальнікаў за 10 месяцаў склала 1548 чалавек (у 2008 г. —661). Асноўная колькасць выставак прысвечана Году роднай зямлі. У рамках праграмы Дзён еўрапейскай спадчыны Рэспублікі Беларусь з 12 па 19 верасня сёлета была арганізавана выстаўка “Народная культура Петрыкаўскага раёна”. Музей дзеда Талаша з пачатку бягучага года наведала 1041 чалавек, праведзена 41 экскурсія. Тэмпы росту ў музейных установах раёна аб’ёму платных паслуг у супастаўных цэнах склалі за10 месяцаў бягучага года 131,7% (2008 г. — 130%). Аб’ём платных паслуг па музеях склаў 2,2 млн. рублёў. У бягучым годзе зарэгістравана тры віды новых паслуг музейных устаноў (раённы краязнаўчы музей — 2, Музей дзеда Талаша — 1).У Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2010 — 2015 гг. Прадугледжаны капітальны рамонт Музея дзеда Талаша і абсталяванне прылеглай да яго тэрыторыі ў стылі беларускага падворка. Аддзелам культуры райвыканкама сумесна з аддзелам фізічнай культуры, спорту і турызму распрацоўваюцца турыстычныя маршруты, што прадугледжваюць наведванне музейных устаноў раёна. Пры наведванні турыстамі нацыянальнага парку “Прыпяцкі” прадугледжана азнаямленне з аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны раёна. У 2008 — 2009 гг. творчыя калектывы і ўстановы культуры раёна прынялі ўдзел у рэспубліканскіх і абласных конкурсах, аглядах і фестывалях: V Міжнародным фестывалі харэаграфічнага мастацтва “Сожскі карагод”; V Рэспубліканскім фестывалі фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў г.п. Акцябрскі; VІІ Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур (Гродна); абласным фестывалі харавога мастацтва імя Т.Лапацінай (Рэчыца); абласным фестывалі духавых інструментаў (Рэчыца) і іншых. Установамі культуры раёна распрацаваны план па добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі, прадугледжана высадка кветак, пасадка дрэў, разбіўка альпійскіх горак, пафарбоўка агароджы, рэкламных шчытоў, пабелка дрэў, бардзюраў, пад’язных шляхоў. Штотыднёва ва ўстановах культуры праводзяцца санітарныя дні. Усе праблемныя пытанні, закранутыя ў артыкуле, узяты на кантроль аддзелам культуры Петрыкаўскага райвыканкама”.