У форме выстаўкі

№ 48 (916) 28.11.2009 - 04.12.2009 г

Амаль тры сотні работ даслалі дзеці і студэнты з усіх рэгіёнаў краіны на Рэспубліканскі конкурс плакатаў “Небяспека — СНІД!”, вынікі якога былі падведзены нядаўна. Навучэнцы агульнаадукацыйных, мастацкіх школ, каледжаў, ВНУ культуры і мастацтва прадэманстравалі новыя падыходы да асвятленнягэтай праблемы, хаця конкурс праводзіцца больш за дзесяць гадоў. Ініцыятарам яго выступіла Міністэрства культуры пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

— Усім удзельнікам будуць накіраваны лісты падзякі, тым жа, хто заняў месцы з першага па трэцяе (іх падзялілі 11 чалавек), прызначаны грашовыя прэміі, — паведамляе ўрач-эпідэміёлаг аддзела прафілактыкі ВІЧСНІД Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Валянціна Быкава. —Работы пераможцаў, па традыцыі, будуць выкарыстаны для друку інфармацыйных матэрыялаў: брашур, лістовак, плакатаў, што пасля будуць распаўсюджаны па розных установах рэспублікі. Аднак і самыя якасныя малюнкі дзяцей з рэгіёнаў стануць узорамі для друку плакатаў у сваіх абласцях.Многія з дасланых работ будуць выкарыстаны для стварэння выстаўкі.

Ацэньвала творы прафесійнае журы на чале з народным мастаком Беларусі, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук Георгіем Паплаўскім. Ускладзе былі галоўны спецыяліст упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Мікалай Мішчанка, загадчык аддзела прафілактыкі ВІЧСНІД Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Лілія Мялежка, намеснік дырэктара Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Канстанцін Федарышкін і дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Васюк.