Вырашаем праблему разам

№ 10 (776) 10.03.2007 - 16.03.2007 г

У Нью-Йорку ў штаб-кватэры ААН 5 сакавіка 2007 года адбылася міжнародная канферэнцыя “Гандаль жанчынамі і дзяўчатамі: вырашаем праблему разам”. Яна была арганізавана пастаяннымі прадстаўніцтвамі Беларусі і Філіпін пры ААН, Упраўленнем ААН па наркотыках і злачынствах і буйнейшай міжнароднай неўрадавай арганізацыяй “Вайтл Войсіз”.

Канферэнцыя стала першым міжнародным форумам такога маштабу ў штаб-кватэры ААН па праблеме гандлю людзьмі з удзелам усіх асноўных партнёраў па барацьбе з гэтым сацыяльным злом. Больш за 400 удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі прадстаўлялі звыш 90 дзяржаў, каля 20 міжнародных міжурадавых арганізацый, больш за 100 арганізацый і структур грамадзянскага супольніцтва. Сярод іх былі кіраўнікі міністэрстваў, якія адказваюць за пытанні паляпшэння стану жанчын і сацыяльнага развіцця, кіраўнікі праваахоўных органаў дзяржаў-членаў ААН, кіраўніцтва вядучых міжнародных арганізацый сістэмы ААН.

На міжнароднай канферэнцыі Рэспубліку Беларусь прадстаўлялі намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч і міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў.

Да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся старшыня Генеральнай Асамблеі ААН Шэйха Хайя Рашэд Аль Халіфа, старшыня Эканамічнага і Сацыяльнага Савета Далюс Чакуоліс, першы намеснік генеральнага сакратара ААН Аша-Роуз Мігіро. Яны віталі ініцыятыву урадаў Беларусі і Філіпін і іх партнёраў па скліканні міжнароднай канферэнцыі. Выказана агульнае меркаванне аб тым, што форум здольны стаць моцным фактарам падтрымкі дзейнасці разнастайных структур ва ўсім свеце, якія вядуць рашучую барацьбу з гандлем “жывым таварам”, стаць натхняючым сімвалам для далейшага нарошчвання іх намаганняў.

Выступаючы ў рамках тэматычнага форуму на канферэнцыі, Н.Пяткевіч падкрэсліла, што Беларусь першай на постсавецкай прасторы разгарнула маштабную барацьбу з гандлем людзьмі, распачала шэраг мер у мэтах папярэджвання ўцягвання самых уразлівых слаёў насельніцтва — жанчын і дзяўчат — у злачынны бізнес па гандлі “жывым таварам”. У Беларусі на нацыянальным узроўні створаны дакладны каардынацыйны механізм на чале з МУС для выяўлення і ліквідацыі каналаў гандлю рабамі, пакарання арганізатараў гэтых злачынстваў і рэабілітацыі былых ахвяр гандлю людзьмі. Беларусь імкнецца да стварэння такога ж дакладнага каардынацыйнага механізма і на міжнародным узроўні пад эгідай ААН. Выказана надзея на тое, што канферэнцыя дасць пачатак міжнароднаму працэсу, які вядзе да распрацоўкі стратэгіі ААН па барацьбе з гандлем людзьмі.

У.Навумаў пазнаёміў удзельнікаў канферэнцыі з існуючай у Беларусі сістэмай расследаванняў і прафілактыкі злачынстваў у галіне гандлю людзьмі, прывёў прыклады, калі супрацоўніцтва МУС Беларусі з праваахоўнымі органамі іншых дзяржаў дазволіла выратаваць жыцці многіх беларускіх дзяўчат. Была падкрэслена важнасць каардынацыі на міжнародным узроўні намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі.

Удзельнікі канферэнцыі былі таксама праінфармаваны аб мерах Урада Беларусі па стварэнні спрыяльных сацыяльных умоў для жыцця і рэалізацыі чалавечага патэнцыялу беларускіх жанчын, што перашкаджала б іх залучэнню ў злачынныя планы гандляроў людзьмі.

Удзельнікі канферэнцыі закранулі два галоўныя аспекты міжнароднай дзейнасці па барацьбе з гандлем людзьмі: каардынацыя намаганняў і абмен вопытам і інфармацыяй паміж праваахоўнымі органамі; прыняцце і рэалізацыя мер па ліквідацыі глыбінных сацыяльных фактараў, якія падпітваюць гандаль людзьмі (галеча, непісьменнасць, сацыяльная няроўнасць жанчын).

Канферэнцыя прыцягнула ўвагу афіцыйных і грамадскіх колаў вялікай колькасці дзяржаў да актуальнасці ўсё ўзрастаючай праблемы гандлю людзьмі і стварэння ўмоў для аб’яднання намаганняў міжнароднай супольнасці па барацьбе з гэтай формай сучаснага рабства. Многія ўдзельнікі канферэнцыі падкрэслілі, што форум у ААН зробіць важкі ўнёсак у падрыхтоўку Глабальнай міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з гандлем людзьмі, правядзенне якой запланавана на лістапад 2007 года ў Вене.


Прэс-служба Міністэрства замежных спраў РБ