Гістарычны інтэрактыў

№ 48 (916) 28.11.2009 - 04.12.2009 г

Цяпер кожны аматар мінуўшчыны нашай краіны зможа віртуальна пазнаёміцца з выстаўкамі і калекцыямі аднаго з самых буйных музеяў краіны — Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага, на сайце http://history.museum.by, прэзентацыя якога адбудзецца ў межах Музейных чытанняў “Гістарычная навука і музейная экспазіцыя”, прадстаўлена інфармацыя пра гісторыю музея, яго філіялы, а таксама апошнія публікацыі супрацоўнікаў установы.

 Па словах намесніка дырэктара музея Вольгі Мірончык, характэрнай рысай сайта зяўляецца асвятленне навукова-даследчай дзейнасці ўстановы і інфарматыўнасць, скіраваная не толькі на яе наведвальнікаў, але і на спецыялістаў.

У рабоце згаданай канферэнцыі прымуць непасрэдны ўдзел навукоўцы вядучых музеяў Беларусі, вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, выкладчыкі ВНУ краіны, супрацоўнікі архіваў, бібліятэчныя работнікі.

Сярод пытанняў, што будуць разглядацца ў межах Музейных чытанняў, — шляхі рэалізацыі навуковай канцэпцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, вывучэнне музейных прадметаў і калекцый, сучасныя прыярытэты і новыя падыходы ў культурна-адукацыйнай дзейнасці музеяў гістарычнага профілю, арганізацыя і правядзенне сацыялагічных даследаванняў на матэрыялах стацыянарнай экспазіцыі. Апрача гэтага, будуць абмяркоўвацца актуальныя аспекты стварэння і функцыянавання інфармацыйных сістэм у музеі.

Пад час афіцыйнага адкрыцця Музейных чытанняў адбудзецца таксама і падвядзенне вынікаў конкурсу на стварэнне лагатыпа музея і ўручэнне прыза пераможцу.

К.А.