Экскурсія ў дзень вяселля

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

“Маладыя ў дзень вяселля наведалі раённы музей?!” — здзіўлена запытала знаёмая, калі даведалася, што пасля афіцыйнай рэгістрацыі маладыя завіталі менавіта туды.

/i/content/pi/cult/236/3339/12-2.jpgМузейная паслуга для тых, хто ўзяў шлюб, узнікла пасля размовы з індывідуальным прадпрымальнікам, які займаецца вясельнымі відэаздымкамі. Ён наракаў на тое, што відэашэраг атрымліваецца аднастайным: загс, рэстаран або кавярня... А хочацца, каб была яркая дзея. Вось мы з навуковымі супрацоўнікамі і падумалі: "А чаму б не запрасіць маладых у музей і прыдумаць для іх цікавую беларускамоўную праграму з вясельнай абраднасцю, добрымі пажаданнямі і змястоўнай інфармацыяй пра розныя прыкметы і забабоны?" Падумалі - і зрабілі. Праект пачалі ажыццяўляць з красавіка 2007 года. У забаўляльнай праграме ёсць элементы беларускіх традыцый, звязаных з вясельнай абраднасцю. Напрыклад, вядучая ў аўтэнтычным беларускім строі звязвае рукі маладых з дапамогай ручніка або пояса і тлумачыць: "Вашы жыццёвыя шляхі злучаюцца". Ці саджае маладых на драўляны куфар, пакрыты кажухом навыварат, і кажа: "Кажух цёплы і махнаты - жыць вам добра і багата! Колькі варсінак на кажуху - столькі грошай у вашым кашальку".
 Потым ідзе расповед аб пасагу, які дзяўчына рыхтавала да замужжа; аб неабходных падарунках сваякам будучага мужа; аб вясельных прыкметах і забабонах. Напрыклад, элемент чырвонага колеру ў строі маладой павінен прысутнічаць абавязкова: ад нячыстай сілы і нядобрага вока. Цягам праграмы гучаць беларускія прыказкі і прымаўкі... А што ж за вяселле без пажаданняў маладым: "Дару скрынку жыта, каб у вашым жыцці ўсё было скрыта"; "Дару маладым каробку медзякоў, каб не слухалі чужых языкоў"... Для маладых заводзім патэфон, і ў музейнай зале гучыць песня "Маладушка маладая". Натуральна, і фота-, і відэаздымка ў нашым экспазіцыйным антуражы атрымліваецца арыгінальнай. На сёння больш за 30 пар завіталі да нас у музей пасля афіцыйнай рэгістрацыі шлюбу, а іхнія імёны засталіся ў "музейным вясельным альбоме". Нават ёсць ужо і "музейныя дзеткі", якія ў хуткім часе наведаюць экспазіцыю разам з бацькамі, а потым, спадзяёмся, прыйдуць і ў дзень свайго шлюбу.
 Іна КАЗАКОВА, дырэктар Чавускага раённага гісторыка-краязнаўчага музея