Колькі крыніц у “Крыніцы”?

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

“Восень — макрота, хлопцам жаніцца ахвота”. Радок узяты з песні. А песня, з абраду “Пакрова”, запісана са слоў Яніны Вікенцьеўны з вёскі Быцава (1928 года нараджэння). Бабульку гэтую, як і многіх іншых даўніх пявунняў, адшукаў у Бешанковіцкім раёне гурт “Крыніца”. І не проста адшукаў, а годна прадоўжыў мясцовую спеўную традыцыю.

/i/content/pi/cult/236/3338/12-4.jpg"Крыніца" нарадзілася ў Чурылаўскім СДК у 1985 годзе, а ў 2003-м калектыў атрымаў званне народнага. Калі ж клуб у Чурылаве скасавалі ў выніку аптымізацыі ўстаноў культуры, гурт "прапісаўся" ў СДК аграгарадка "Бачэйкава". У рэпертуары "Крыніцы" - беларускія народныя песні, гумарэскі, камічныя мініяцюры, абрады "Заручыны", "Хрэсьбіны", "Саракі", "Троіца", "Асяніны", "Талака", "Багач"... Словам, не ансамбль, а маленькі тэатр! У "трупе" - аж 17 чалавек: пенсіянеры, студэнты, культработнікі, супрацоўнікі мясцовай бальніцы, рабочыя жывёлагадоўчага комплексу, настаўнікі, хатнія гаспадыні. Пабачыць усіх разам можна толькі на рэпетыцыях ды канцэртах. На базе калектыву дзейнічае мужчынскі гурт "Валачобнікі". А этнічны матэрыял, сабраны "Крыніцай", быў выкарыстаны пры складанні энцыклапедыі "Беларускі фальклор". Сёлета ансамбль стаў лаўрэатам абласнога свята-конкурсу ў гонар Аляксандра Рыпінскага.
А.С.
На здымку: салісткі народнага фальклорнага гурта "Крыніца" Раіса Піліпёнак і Ірына Зайцава. Фота аўтара