Суперхіт пад “рэнтгенам”

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Пра тэорыю хваляў, якую распрацаваў народны артыст Беларусі Эдуард ХАНОК, сёння ведаюць, мабыць, усе, хто цікавіцца шоу-бізнесам. У свой час яна вельмі ўсхвалявала музычную грамадскасць: няўжо, маўляў, кампазітар пасварыўся з Алай Пугачовай, якая спявала яго песні, калі назваў сваю кнігу аб прымадонне — “Пугачоўшчынай”? Тая назва, на мой погляд, сімвалізавала яшчэ і “сляпы бунт” кампазітара супраць тэорыі, распаўсюджанай у савецкія часы, пра “няўмольна ўзыходзячы графік” развіцця мастацтва і культуры. Інтуітыўна зразумеўшы, што мастацтва падпарадкоўваецца сваім законам, Ханок пачаў шукаць доказаў таму ў сферы эстраднай музыкі. І звярнуўся да адной з самых яркіх асоб савецкай эстрады. Сёння ж стала зразумела, што такі падыход да самой дынамікі творчасці дакладна ўпісваецца ва ўсё больш папулярную апошнім часам тэорыю цыклічнага гістарычнага развіцця.

 

/i/content/pi/cult/236/3337/13-1.jpgДый Эдуард Ханок на месцы не стаяў. Тэорыя была апрабавана на больш як 100 біяграфіях гістарычных асоб розных эпох. Для большай нагляднасці даследчык пачаў маляваць "хваляграмы", што адлюстроўваюць творчыя пад'ёмы і спады, натуральныя для мастака, як уздых і выдых: не будзе выдыху - не будзе і новага ўздыху. - Такія хваляграмы (ці, як я яшчэ іх называю, "творчы рэнтген"), - распавёў Эдуард Сямёнавіч, - не трэба блытаць з лініяй народнага прызнання. Публіка можа горача вітаць творцу і тады, калі ў яго ўжо больш не з'яўляецца новых знакавых твораў: мастак, як кажуць, "спачывае на лаўрах", а хваля народнай любові застаецца высокай і нават узрастае. Эстрада, такім чынам, дае магчымасць "даспяваць", але не трэба гэта блытаць з сапраўднай хваляй новага развіцця, якая мае пункт адліку, уздым, пік, спад і рэшткавы след. Вядома, кожная вялікая хваля складаецца з малых уздымаў і спадаў. Каб пабудаваць хваляграму таго ці іншага мастака, трэба спачатку класіфікаваць яго творы па трох катэгорыях.

Першая - гэта шэдэўры (у эстрадзе - знакавыя суперхіты), якія ствараюць свайму аўтару або выканаўцу імя. Другая катэгорыя - творы, што гэтае імя пацвярджаюць (у эстрадзе - проста хіты): яны не даюць уздым хвалі, але ўтрымліваюць яе на дасягнутым узроўні. Нарэшце, трэцяя катэгорыя - творы, якія, так бы мовіць, "дапаўняюць" агульны спіс. Праверыць прыналежнасць да трэцяй катэгорыі вельмі проста: умоўна "выдаліце" я е - у с ё роўна застанецца тое галоўнае, па чым мы і вызначаем індывідуальнасць артыста. Прыбярыце ж першую ці другую катэгорыі - знакамітага творцы быццам не існуе, а па творах, што засталіся ў спісе, яго змогуць пазнаць хіба самыя дасведчаныя знаўцы. Усё вельмі проста і абсалютна даступна: да кожнай хваляграмы я дадаю інструкцыю па карыстанні. Спорт, балет і шоу-бізнес - тры прафесіі, у кожнай з якіх стаіць свой "лічыльнік". Розніца толькі ў тым, што ў першых дзвюх ён тычыцца ўзросту. У шоу-бізнес жа можна прыйсці ў любым узросце, але ледзь толькі прыйшоў - адразу пачынае няўмольна адлічвацца час. У гэтым "лічыльніку" - галоўнае адрозненне акадэмічнай музыкі ад эстрады. Бо творчы почырк, тое, што ў класіцы з'яўляецца галоўнайперавагай, у шоубізнесе ператвараецца ў... недахоп. У эстрадзе надта хутка змяняецца энергетычны асяродак. Кожнае пакаленне стварае свой ідэал.

аму кожнаму пакаленню патрэбны новыя песні. Чаму, да прыкладу, у пэўны час пачалі карыстацца попытам тыя ж рокеры? Музыка такога кшталту існавала і раней, але не знаходзіла такой шырокай падтрымкі ў слухачоў, а ў пэўны момант - надышоў іх час (інакш кажучы, змяніўся энергетычны асяродак, прыйшла новая публіка) і рокеры аказаліся на ўздыме. Сёння ж куды больш моднымі з'яўляюцца ўжо іншыя напрамкі. Каб растлумачыць яшчэ больш проста, што такое "лічыльнік" і энергетычны асяродак, прывяду такі прыклад. Уявіце, што вы варыце ў булёне фрыкадэлькі. Вы самі прыдумалі іх рэцэпт, фрыкадэлькі атрымліваюцца вельмі смачнымі, усе ў задавальненні. Вы так захоплены працэсам, што не заўважаеце: а булён жа скончыўся! І на яго месцы з'явілася юшка. Ці нават кампот. А вы, не звяртаючы ўвагі, працягваеце варыць у юшцы ці кампоце свае мясныя фрыкадэлькі. І пры гэтым здзіўляецеся: чаму ж яны атрымліваюцца ўжо не такімі смачнымі? А паспрабаваць знайсці новы "рэцэпт" не так проста. Калі творца адшукаў сваё "Я", яго не схаваеш. Я спрабаваў пісаць песні ў новай стылістыцы, для моладзі: усё роўна яны атрымліваліся "ханкоўскімі". А моладзь чакае чагосьці невядомага, нязвыклага.

- Таму вы і вырашылі перайсці ад песень да тэорыі? Вычарпаўшы адведзеныя вам кампазітарскія хвалі, пачалі будаваць хвалю даследчую?

- У кампазіцыі я пачуваў сябе не вельмі ўтульна - як чалавек, які не выканаў сваё прызначэнне. Сёння ж у мяне з'явілася адчуванне, што не дарма на зямлі пражыў. Скончыўшы Мінскае музычнае вучылішча, дзе я займаўся ў Яўгена Глебава, і Маскоўскую кансерваторыю, дзе сярод маіх выкладчыкаў быў Дзмітрый Кабалеўскі, я зразумеў, што класікам мне не стаць. Ужо хаця б таму, што позна прыйшоў у прафесію, не паспеў у ёй саспець для вялікіх спраў. Таму пачаў працаваць у песні. Але тут патрабавалася іншая падрыхтоўка- найперш, уменне аранжыраваць. Ці хаця б растлумачыць, што ты хочаш атрымаць у выніку, каб песня стала запамінальнай, адметнай - не толькі ўласна меладычна. Некаторыя дабіралі гэтыя веды ў працэсе практыкі, працуючы ў тых жа рэстаранных ансамблях. Я ж папросту "плаваў" у прафесіі. Так, я пісаў добрыя мелодыі, але песнямі яны станавіліся дзякуючы выканаўцам: тыя рабілі аранжыроўкі на сябе асабіста. Я нават не сачыў за ўсім гэтым.

- Можна сказаць, вашы песні, не паспеўшы нарадзіцца, пачыналі жыць сваім самастойным жыццём?

- Але ж ці будзе радаваць кампазітара такая творчасць? Радасць адчуваеш тады, калі ты ўвесь час знаходзішся "у працэсе": адно пачынаеш, другое працягваеш, трэцяе завяршаеш - гэткі кругаварот.

- Затое акурат такім "кругаваротам" насычана ваша жыццё цяпер...

- Я - "сава", працую па начах - да чатырох-пяці, часам - да шасці гадзін раніцы. Але, можна сказаць, песні дапамагаюць мне жыць і сёння. Праўда, часам - у іншай якасці: іх папулярнасць прыносіць мне той эканамічны падмурак, дзякуючы якому я магу без перашкод аддаваць увесь свой вольны час любімай справе - гістарычна-творчай аналітыцы. Задумак - процьма!

- Першай вашай хваляграмай, звязанай з беларускім мастацтвам, стала хваляграма Уладзіміра Мулявіна і яго ансамбля "Песняры". Мабыць, невыпадкова?

- Пачаў з "Песняроў", бо іхняя біяграфія - гэта і маё жыццё. Іх творчы рост, усе творчыя "зігзагі" адбываліся на маіх вачах. Я адзначаў у сваім графіку і змены ў складзе калектыву: хто прыходзіў, хто сыходзіў, як адбівалася на творчасці ансамбля асабістае жыццё артыстаў.

 - Вашы хваляграмы, падмацаваныя фотаздымкамі, нагадваюць графічныя дапаможнікі: максімум інфармацыі на мінімуме друкарскай плошчы. Не думалі пра выданне?

- Мне ўжо раілі выдаваць хваляграмы ў выглядзе гэткіх "альбомаў". Я не кіруюся меркантыльнымі мэтамі, не збіраюся нажывацца на продажы. Але, сапраўды, такія выданні маглі б дапамагчы вывучаць біяграфіі вялікіх людзей, аналізаваць іх творчыя дасягненні. Мне падказалі, што, выкінуўшы некаторыя спецыфічныя тэрміны, можна прыйсці да новага спосабу ўвекавечвання памяці зорак. Бо такія хваляграмы - гэта, па сутнасці, наглядны дайджэст іх жыцця і творчасці. Наконт Мулявіна ў мяне нават ідэя з'явілася: усталяваць на бульвары, што носіць яго імя, банеры са "старонкамі" хваляграмы. Пройдзе чалавек па бульвары - усё жыццё Мулявіна перад ім, бы на далоні. А з цягам часу можна было б зрабіць цэлую алею з падобнымі банерамі знакавых гістарычных асоб Беларусі. Там павінен быць і Уладзімір Алоўнікаў (ці нават Алоўнікавы, бо сын кампазітара Ігар - вядомы піяніст, выкладчык, аўтар шматлікіх фартэпіянных пералажэнняў), і Юрый Семяняка, і ансамблі "Сябры", "Верасы". Акрамя музыкі - вядома, Якуб Колас, Янка Купала, Максім Танк, тэатральная і кінадынастыя Яроменкаў. Пры далейшым міжнародным разгорце - у Зальцбургу, да прыкладу, прыйшоўся б да месца банер з біяграфіяй Моцарта, у Боне - Бетховена. У Маскве, між іншым, я распрацоўваю праект "Служыць Расіі", дзе ахопліваю ўсю гісторыю краіны - ад Рурыка да Пуціна.

- Яго назва, відаць, звязана з вашай аднайменнай песняй?

- Вось толькі не ўсе ведаюць, што песня "Служыць Расіі", якой адкрываюцца і закрываюцца многія ўрачыстасці ў Маскве, належыць мне. Сёння аўтар песень - гэта, па сутнасці, не прафесія. Імёны стваральнікаў нават не называюць- толькі выканаўцаў. Бо прафесія - гэта род дзейнасці, заснаваны на атрыманых ведах і іх далейшым удасканаленні. Гэтым прафесія адрозніваецца ад паўсядзённай працы, якой можа займацца чалавек без папярэдняй падрыхтоўкі, проста напрацоўваючы навыкі адно ў працэсе практыкі. Таму і ўдасканаленне тут закранае хіба колькасць часу, якая патрабуецца на той ці іншы аб'ём працы. Прафесія ж музыканта нагадвае прафесію медыка. Як у медыцыне рэкамендуюць? "Прымаць па тры-пяць кропляў", а не проста - па чатыры, і ўсё. Так і ў мастацтве: існуе свая сістэма "прыблізных разлікаў". У музыцы, як і ў медыцыне, патрабуецца інтуіцыя, схільнасць да імправізацыі. Дый у хваляграме, як і пры пастаноўцы дыягназу, самае цяжкае- адчуць пераходныя моманты. Важна зразумець, што працягласць і колькасць "хваляў" у кожнага будуць свае. Прафесіі- як людзі. Усе мы адрозныя, але праходзім адзін і той жа шлях- ад нараджэння да смерці. У гэтага шляху ёсць свае ўзроставыя заканамернасці. Гэтак жа - і з прафесіямі. Гэтак жа - і з хваляграмамі. Але ўсё тое, што я цяпер раблю, - толькі прымітыўны пачатак. Хочацца спадзявацца, што следам за мной з'явяцца новыя прыхільнікі гэтай тэорыі. І тыя,хто будуць яе аспрэчваць. Гэта цудоўна! Падобныя разлікі маглі б распаўсюдзіцца на іншыя сферы, у кола даследаваных "персанажаў" - трапіць не адно знакамітасці, але і звычайныя людзі. Думаю, што з цягам часу хваляграмы будуць складацца і для пенсіянераў: наколькі мэтазгодна ім працаваць надалей? Сёння ўлічваюцца пашпартныя даныя, медыкі гавораць пра біялагічны ўзрост, які можа ім не адпавядаць. А чаму б не ўлічваць і творчы ўзрост? Дый мастакам "у росквіце сіл" стварэнне хваляграмы можа дапамагчы зразумець, на якім этапе яны знаходзяцца. І- прыняць адпаведныя меры. Адчуваючы надыход старасці, многія імкнуцца паспець зрабіць як мага болей, сур'ёзна задумваюцца пра сваё здароўе, пра якое не клапаціліся ў маладосці. А калі б яны працягвалі жыць з юначым адчуваннем жыццёвай бясконцасці? Так і з хваляграмамі. Веды яшчэ нікому не перашкаджалі. Нават калі яны не зусім адпавядаюць агульнапрынятаму падыходу да той ці іншай з'явы. Што ні кажыце, а дыскусія заўсёды нараджае новыя думкі і рухае прагрэс!

Фота Юрыя ІВАНОВА   

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"