“Трошкі ілюзіі, якая сагравае рэальнасць”

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Так называецца выстаўка, якая працуе ў мінскай Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва. Аўтар — мастачка Марына Галынская, больш вядомая пад дзявочым прозвішчам — Варакса.

/i/content/pi/cult/236/3331/9-2.jpgУ выяўленчым мастацтве яна працуе практычна ўсё сваё свядомае жыццё. Свой асабісты, непаўторны стыль яна пачала шукаць пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (1987 г.). У творчым актыве М.Галынскай - удзел у рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках, яе работы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Германіі, Польшчы і Францыі. Выстаўка жывапісу і графікі М.Галынскай не мае канкрэтнай тэматычнай скіраванасці.
Хутчэй, праз работы розных перыядаў творчага шляху можна лёгка ўбачыць яе нестандартную аўтарскую пазіцыю: яна стварае рэальнасць, не аддзеленую ад мары. Навакольны свет у ейных работах - сапраўдны і, адначасова, фантастычны, у ім пануюць не канкрэтныя героі і прадметы, а вобразы: у пейзажах - ілюзія, у нацюрмортах - фантазія. З дапамогай розных мастацкіх прыёмаў і тэхнік, сімвалаў і алегорый мастачка выбудоўвае на сваіх палотнах асабістую "рэчаіснасць". З найтанчэйшых пераліваў, неймаверных па сваім спалучэнні фарбаў, адценняў, тонаў і паўтонаў нечакана ўзнікаюць чароўныя - белыя і сінія - гарады, серабрыстыя казачныя лясы, караблі ў тумане... І гэтая, здавалася б, алегарычная складанасць твораў на самой справе - простая і ясная ў сваёй шчырасці і гармоніі паміж светам знешнім і ўнутраным, паміж задумай мастачкі і інтуіцыяй гледача.
Марыя МІХАЙЛАВА, мастацтвазнаўца, супрацоўнік Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва