Вось і сёння музей адкрывае гледачам новае імя: Аляксандр Камянец. У выстаўках у краіне і за мяжой жывапісец удзельнічае з 1998 года, але займець у скарбонку творчых заваёў персанальную выстаўку яму даводзіцца ўпершыню. Па словах арганізатараў экспазіцыі, рашэнне аб прадастаўленні мастаку залы было аднадушным, таму што аўтар - сапраўды высокапрафесійны мастак, не проста таленавіты, але і сур'ёзны, адказны творца і добры каларыст. Здзіўляе тое, наколькі ўпэўнена і ўсвядомлена жывапісец у свае 28 гадоў прытрымліваецца абранага стылю, у якім ён удала спалучае элементы рэалізму і сімвалізму, часам звяртаючыся і да фармальнай умоўнасці. Усё гэта дазваляе казаць пра Камянца як пра мастака, здольнага да самаразвіцця, да няспыннага пошуку ўласнага творчага "Я".
Адметна таксама і тое, што ў наш час, калі новае пакаленне творцаў робіць аблічча мастацтва ўсё больш экспрэсіўным, эпатажным і правакацыйным, Камянец не забываецца і на традыцыі, надаючы вялікае значэнне вопыту класічнай жывапіснай школы. На думку самога Аляксандра, у наш час лічбавых тэхналогій, калі амаль кожны з дапамогай камп'ютэра можа стварыць тую ці іншую работу, каштоўнасць традыцыйнага мастацтва, прытрымліванне жывапісных канонаў і прафесіяналізму ўсведамляюцца асабліва яскрава.