Ствараючы прадстаўленыя ў Мінску работы, польскія майстры глядзелі значна шырэй: гэта не толькі вобраз зямлі, дзе мы жывём, гэта таксама людзі, якімі мы з'яўляемся. Работы выконваюць не столькі эстэтычную, колькі сацыяльную функцыю: створаны яны былі ў перыяд грамадска-палітычных змен у Польшчы, калі і ў творчасці належнае месца атрымаў плюралізм думак, ідэй, канцэпцый. Яскравы доказ гэтаму - мазаічнасць экспазіцыі: разнастайныя тэхнікі, прыёмы, сюжэты і формы сабраны ў адным месцы, не ствараючы пры гэтым уражання залішняга эклектызму. Так, побач з фотакалажамі можна ўбачыць палотны, напісаныя алеем, а побач з творамі плакатнага жанру - мініяцюрную копію будынка польскай галерэі "Арсенал", звязаную кручком. Дарэчы, творы, прадстаўленыя ў Музеі, - толькі адзін фрагмент вялікай калекцыі Беластоцкай галерэі "Арсенал" і Падляскага таварыства падтрымкі мастацтва. Арганізатары згаджаюцца, што падобная выстаўка можа даць толькі агульнае прадстаўленне аб польскім выяўленчым мастацтве. Таму ўжо сёння яны выказваюць надзеі на працяг праекта і далейшае супрацоўніцтва.
Алена ШАХНОВІЧ