З аркестрам і сола…

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Магутнымі акордамі Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра нашай краіны на чале з Аляксандрам Анісімавым завяршыўся XXXVI Міжнародны фестываль мастацтваў “Беларуская музычная восень”. Гэты цудоўны калектыў, выступіўшы цягам фестывалю з чатырма адметнымі праграмамі, надаў святу папраўдзе высокакласнае (і высока класічнае) атачэнне: французскі рамантызм, оперны “тандэм” П.Чайкоўскага і А.Пушкіна, творчасць Яўгена Глебава, невядомыя старонкі музыкі ХХ стагоддзя.

 

/i/content/pi/cult/236/3326/7-2.jpgУ фінальнай праграме славуты маэстра з'яднаў прэм'еры і папулярную класіку, мастацтва Еўропы і Азіі, аркестравую моц і сакавітасць сола. Салістам выступіў заслужаны дзеяч мастацтваў Казахстана Марат Бісенгаліеў, напоўніцу прадэманстраваўшы не толькі віртуознасць, але і тэмбравую разнастайнасць скрыпічнай ігры, еднасць скрыпкі з традыцыйнымі струннымі смыкавымі інструментамі розных народаў. Аркестр жа паўстаў ва ўсёй сваёй раскошы, сакавітасці, насычанасці гучання, асабліва- у музыцы Б.Бартака і А.Хачатурана. Дый сярод іншых фестывальных канцэртаў было шмат запамінальных кульмінацый: літаральна штовечар - чарговае адкрыццё. Двойчы выступіў Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І.Жыновіча пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Казінца. Калектыў не толькі па-новаму высвяціў "песняроўскую" класіку і творчасць Уладзіміра Мулявіна (дырыжыраваў канцэртам-прысвячэннем "Незабыўнае" Аляксандр Крамко), але і замацаваў на філарманічнай сцэне імёны выдатных маладых спевакоў. А колькі прыемных сюрпрызаў падрыхтавалі іншыя калектывы і салісты сталічнай філармоніі! Сапраўдным святам баяна і акардэона стаўся канцэрт "Ігар Квашэвіч запрашае сяброў".

Наш малады музыкант, які ўжо неаднойчы скараў публіку сваімі сольнымі вечарынамі, гэтым разам сабраў на сцэне цэлае суквецце сваіх былых "канкурэнтаў" па міжнародных конкурсах - менавіта тых, што ў розныя гады сталі лаўрэатамі самага, бадай, прэстыжнага конкурсу ў Клінгенталі. На гэтым вечары перамагло нават не сяброўства, а музыка ва ўсім сваім стылёва-гістарычным разгорце - ад Баха да эстрады. Перамаглі неабмежаваныя магчымасці інструментаў і, галоўнае, музыкантаў, у кожнага з якіх - свая школа, свае сакрэты ігры на іх. Завяршала той канцэрт выступленне народнага артыста Расіі Валерыя Коўтуна са сваім ансамблем. Планавалася, што ў фінале да знакамітага віртуоза далучацца ўсе ўдзельнікі вечарыны. Але музыканты так "разыграліся" (на радасць публікі, якая іх не адпускала), што ледзь не спазніліся на цягнік.

Дарэчы, да артыстаў магла б далучыцца і добрая палова залы: паслухаць гэты канцэрт прыехалі цэлыя "дэлегацыі" з навучальных устаноў розных куткоў нашай краіны і нават з... Германіі. Ну, а сярод гасцей самога фестывалю вылучаліся, безумоўна, канцэрты сусветна вядомага валтарніста Аркадзя Шылклопера і амерыканскага арганіста Рональда Эбрэхта. Само імя А.Шылклопера - гэта ўжо "знак якасці", бо творца не стамляецца здзіўляць усё новымі магчымасцямі "рагавой музыкі", дасягаючы неверагоднай прыгажосці і інтрыгуючага магнетызму гучання. Не ўпершыню спалучыўшы на нашай сцэне валторну з джазам, гэтым разам ён, здаецца, пераўзыйшоў самога сябе, стварыўшы папраўдзе фантастычны свет тэмбравых фарбаў і адценняў. Адкрыццём вельмі цікавых і раней не вядомых нам твораў (у тым ліку, класікі амерыканскага авангарда) сталася выступленне Р.Эбрэхта. Канцэрт па праве можна было назваць сумесным праектам. Не толькі таму, што ён прадоўжыў цыкл апантанай музыказнаўцы Вольгі Савіцкай "Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва", але і таму, што замежны саліст выступаў разам з нашымі музыкантамі. Увогуле, сёлета, як ніколі, непадробнай увагі заслугоўваў кожны фестывальны канцэрт. "Беларуская музычная восень", крыху страціўшы былую неабсяжнасць у часе (некаторыя фестывалі доўжыліся больш за месяц), набыла большую кампактнасць і логіку "формаўтварэння", адметнасць канцэртаў-кульмінацый і, у выніку, яшчэ большую прыцягальнасць для слухачоў.

На здымку: саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі Ігар Квашэвіч.   

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"