Каханне з рокам і барока

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбылася прэм’ера оперы Г.Пёрсэла “Дзідона і Энэй”. Пастаноўка відавочна перасягнула межы вучэбнай працы, прадэманстраваўшы сучасную еўрапейскую эстэтыку і ў выбары рэпертуару (гэты твор англійскага барока ўпершыню з’явіўся на нашай опернай сцэне), і ў яго прачытанні, здзейсненым маладзёжнай творчай групай — гэткім “хорам” аднадумцаў, прычым з розных устаноў культуры і адукацыі.

 

/i/content/pi/cult/236/3325/7-1.jpgТакі спектакль упрыгожыў бы любую камерную сцэну, і не толькі ў Беларусі. Тут сышліся ў раўнавазе філасофская глыбіня, пластычная відовішчнасць і музычная прыгажосць. Старажытны міф заклікае "не паддавацца на правакацыі" року, змроку і дэпрэсіі. Цудоўная музыка ХVІІ ст., тактоўна адрэдагаваная класікам ХХ ст. Б.Брытэнам, зачароўвае высакароднасцю і прафесіяналізмам: багаццем меладызму, поліфанічным развіццём, разнастайнасцю чаргаванняў камерных складаў і tutti - аркестравага і харавога. Яе выкананне (дырыжор Іван Касцяхін)- імкненнем правесці адзіную лінію гістарычнага развіцця ад барока да рамантызму (рысай якога становіцца больш вольная па тэмпарытме фінальная сцэна Дзідоны) і ад барока да рок-оперы ці мюзікла (пра што сведчыць вакальная манера "сіл зла": яе "здзеклівасць" пранікае нават у партыю Дзідоны, калі тая не верыць Энэю). Сцэнічнае ўвасабленне ўражвае мінімалізмам (паводле выкарыстаных сродкаў), неабсяжнай шматзначнасцю (паводле думак і іх распрацоўкі) і пластычнай бясконцасцю развіцця (закладзенай у самой музыцы і тонка адчутай пастаноўшчыкамі). Чорна-белая строгасць графікі "размываецца" шэрым "павуціннем", што апутвае герояў.

Чорныя сталы становяцца не толькі рознаўзроўневым "подыумам", злучаючы зямлю і нябёсы, але і ператвараюцца ў ваенізавана-урбаністычныя шчыты "зорных воінаў", літаральна сціскаючы Энэя ў сваіх "абдымках". Белыя стужкі, працягнутыя зверху ўніз, у розныя моманты асацыіруюцца з сонечнымі промнямі, дыяментамі вадаспада, стваламі дрэў у райскім куточку, нарэшце, з канатамі, на якіх матросы ўздымаюць ветразі перад адплыццём. Чырвоныя стужкі - сімвал кахання - палаюць трывогай і хуткай трагедыяй. Стужка Дзідоны, падораная ёй Энэем, у сцэне смерці ціха струменіцца долу, быццам сцякаючы апошнімі кроплямі крыві. Светлавыя і шумавыя эфекты акцэнтуюць найбольш значныя нават не сюжэтныя, а псіхалагічныя павароты ў разгортванні падзей. Спектакль стаўся рэжысёрскім дэбютам Ганны Маторнай - нядаўняй выпускніцы БДАМ па харавым дырыжыраванні і цяперашняй пяцікурсніцы па музычнай рэжысуры. У псіхалагічнай распрацоўцы вобразаў і агульнай сцэнічнай канцэпцыі адчувалася моцная рука мастацкага кіраўніка курса - прафесара Маргарыты Ізворска-Елізар'евай, якая засталася задаволена сваёй выхаванкай: "У Ганны выдатнае вобразнае мысленне, гарачае жаданне ставіць, яна ўмее запаліць сваёй зацікаўленасцю, не баіцца чарнавой рэжысёрскай працы. І вынік - уражвае!" Для ажыццяўлення задумы быў запрошаны таксама рэжысёр па пластыцы - кіраўнік тэатра "Inzhest" Вячаслаў Іназемцаў. Пластычны трэнінг праводзіў Дзмітрый Скачкоў. І ўдзельнікі спектакля дамагліся папраўдзе бездакорнага прафесійнага ўзроўню - прытым, што сярод іх былі не толькі вакалісты і харавікі, але і музыканты-аматары - артысты Маладзёжнага камернага хору "Salutaris" Саюза музычных дзеячаў Беларусі.

Гэты "харавы" пачатак (маўляў, спектакль ставіць - лепей хорам) адчуваўся ў зладжанасці дзеянняў артыстаў, у тым, як кожны пачуваў сябе і асобным героем (нават у масавых сцэнах), і часткай адзінай сцэнічнай супольнасці. Невыпадкова некаторыя ўдзельнікі пастаноўкі выступалі адразу ў некалькіх ролях. Кіраўнік хору "Salutaris" Вольга Янум (яна ж- выкладчыца кафедры харавога дырыжыравання БДАМ) выступіла не толькі хормайстрам-пастаноўшчыкам, але і выканаўцай цэнтральнай партыі - Дзідоны. Можа, ёй крыху не хапала "сольнага адчування" ў вакале, асабліва- на высокіх нотах, але створаны ёй вобраз аказаўся надзвычай кранальным. У каларытнай партыі Матроса выступіў удзельнік хору, прафесійны дызайнер, выкладчык БДУ Усевалад Швайба: менавіта яго аўтарству (разам з выпускніцай той жа кафедры мастацтваў Алесяй Русаковай) належалі сцэнічныя строі спектакля. Кіраваў афармленнем (вядома, разам з Г.Маторнай) малады, але ўжо вядомы тэатральны мастак Андрэй Меранкоў. Так што да спектакля папраўдзе спрычыніўся цэлы "хор" спецыялістаў і апантаных аматараў. А яшчэ на заслужаную авансцэну выйшлі не толькі ўдзельнікі Опернай студыі БДАМ (аркестр студыі прадэманстраваў увогуле суперузровень!), але і ўласна харавікі - выхаванцы кафедры харавога дырыжыравання БДАМ, некаторыя з якіх на роўных удзельнічалі з вакалістаміў стварэнні сольных партый.

Міжволі ўзгадаліся іншыя перамогі нашых харавікоў - тым больш, што апошнім часам было шмат знакавых падзей, наўмысна ці выпадкова "прымеркаваных" да 75-годдзя кафедры, якую цяпер узначальвае прафесар Валерый Аўраменка. Выпускнік кафедры і цяперашні аспірант Аляксандр Хумала, нязменны выканаўца ў оперы "Дзідона і Энэй" партый Варажбіткі і Духа Меркурыя, днямі стаў лаўрэатам Першай прэміі ІV Міжнароднага конкурсу харавых дырыжораў імя Я.Віталса ў Рызе (Латвія). А на Адкрытым конкурсе харавых дырыжораў імя Віктара Роўды (гл. "К" № 45 за 2009 г.) Першую прэмію давялося падзяліць ажно паміж трыма выхаванцамі кафедры: Аляксеем Кліманавым (клас Л.Шымановіч), Данілам Франтавым (клас Т.Слабодчыкавай), і Марысяй Янушкевіч (клас Ю.Караева), якая атрымала таксама спецыяльны прыз кампазітара Вячаслава Кузняцова, чый твор быў на конкурсе абавязковым для выканання. Пэўна, такія ініцыятывы павінны мець працяг. Няма сумневу, што згаданы конкурс імя В.Роўды стане традыцыйным. А што ж са спектаклем? Вельмі хацелася б, каб ён таксама атрымаў далейшае сцэнічнае жыццё. Тым больш, што ў ім з-за хваробы не паспелі паказацца знаныя артысты: партыю Дзідоны таксама рыхтавала салістка Беларуск а й опер ы Таццяна Гаўрылава, а Энэя, акрамя трапнага па спалучэнні мужнасці і пяшчотнасці Дзяніса Іванова, рэпеціраваў магістрант БДАМ Канстанцін Батурын. На другім прэм'ерным спектаклі прысутнічалі мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі Юрый Гільдзюк і знакаміты рэжысёр Мікалай Пінігін, які ўзначальвае Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Дык, можа, спектакль "перанясецца" і ўдасканаліцца яшчэ і на іншых сцэнах? Бо ён папраўдзе годны нават для выязных фестывальных паказаў.

 На здымках: сцэны з оперы "Дзідона і Энэй".

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"