Год сяброўскіх сустрэч

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

23 — 24 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі пройдуць урачыстыя мерапрыемствы з нагоды закрыцця Года культуры Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.

 

/i/content/pi/cult/236/3319/2-1.jpgА 11 лістапада міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка і міністр культуры Расійскай Федэрацыі Аляксандр Аўдзееў падпісалі ў Маскве праграму арганізацыі і правядзення ў 2010-м Года культуры Беларусі ў Расіі. Пасля падпісання дакумента міністры абедзвюх краін адзначылі, што рэалізацыя названай праграмы з'яўляецца важным крокам да далейшага паглыблення беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне культуры. Афіцыйнае адкрыццё Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі адбудзецца ў сакавіку 2010 года: у Маскве будзе паказаны балет у выкананні артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Будзе наладжана таксама выстаўка твораў сучасных беларускіх мастакоў.

 Дні беларускай культуры пройдуць і ў Санкт-Пецярбургу. У красавіку мяркуецца правядзенне гала-канцэрта майстроў нашай эстрады, а таксама адкрыццё мемарыяльнай дошкі слыннаму сыну Беларусі Яну Баршчэўскаму. Але на гэтым красавіцкія мерапрыемствы ў Санкт-Пецярбургу не завершацца: у канцэртнай зале Эрмітажа выступіць Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь, а літаратары зладзяць "круглы стол", дзе абмяркуюць тэму патрыятызму ў творчасці сучасных пісьменнікаў. Значнай падзеяй у культурнай прасторы нашых дзяржаў мае стаць сумесны гала-канцэрт вядучых майстроў мастацтваў Беларусі і Расіі, прымеркаваны да 65-й гадавіны Вялікай Перамогі, які пройдзе ў Маскве майскімі днямі. А пры дасягненні дамоўленасці з прадзюсерскімі арганізацыямі па гарадах Расіі будзе арганізаваны гастрольны тур нашых славутых калектываў - Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" і Заслужанага калектыву ансамбля "Сябры". Сярод іншых мерапрыемстваў на верасень 2010-га запланавана тэматычная выстаўка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі- горада, дзе паэт правёў гады навучання ў тамтэйшай гімназіі. Таксама цягам года ў расійскіх гарадах будуць ладзіцца Дні беларускага кіно. Як мяркуецца, закрыццё Года культуры Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі адбудзецца ў лістападзе: у Маскве пройдзе спектакль Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

***

У дні афіцыйнага візіту адбылася таксама сустрэча беларускай дэлегацыі з народным мастаком СССР Зурабам Цэрэтэлі, наведваннем Расійскай акадэміі мастацтваў. Дарэчы, нагадаем, што знакаміты скульптар-манументаліст неаднаразова прымаў на майстар-класы студэнтаў з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Пад час знаходжання ў расійскай сталіцы міністр культуры нашай краіны Павел Латушка ўсклаў кветкі да помніка народнаму паэту Беларусі Янку Купалу, які ўсталяваны ў Маскве на Кутузаўскім праспекце. Сярод іншых падзей маскоўскага візіту варта адзначыць сустрэчу міністра культуры з кіраўніком Дэпартамента па культуры Масквы, на якой абмяркоўваліся пытанні перспектыўнага супрацоўніцтва ў сферы культуры расійскай сталіцы і Рэспублікі Беларусь. На сустрэчы з выконваючым абавязкі выканаўчага дырэктара Міжнароднага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД Таццянай Бубновай вялася гаворка пра сумесныя з фондам праекты і ўдзел у іх дзеячаў культуры і мастацтваў рэспублікі. Міністр культуры нашай краіны правёў гутарку і са старшынёй савета Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі "Беларусы Масквы" Сяргеем Кандыбовічам, у ходзе якой узнімаліся пытанні пра ўзаемадзеянне ў галіне культуры, адукацыі, навукі. Беларуская дэлегацыя ў час наведвання расійскай сталіцы пабывала таксама на канцэрце фестывалю класічнай музыкі "Узыходзячыя зоркі ў Крамлі", у рамках якога выступалі пераможцы фестывалю- маладыя музыканты з дзяржаў - удзельніц СНД.

Нашу краіну ў канцэрце прадставіла лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Таццяна Кармазынава. *** Фінальным жа акордам стане арганізаваны міністэрствамі культуры Беларусі і Расіі, а таксама Міжнародным цэнтрам фестываляў канцэрт з удзелам Вялікага сімфанічнага аркестра Расіі імя П.Чайкоўскага пад кіраўніцтвам народнага артыста СССР Уладзіміра Федасеева. У рамках канцэртаў будуць выкананы творы П.Чайкоўскага, Д.Шастаковіча, а таксама музычна-літаратурная кампазіцыя паводле рамана Л.Талстога "Вайна і мір" на музыку Л. ван Бетховена, С.Пракоф'ева, П.Чайкоўскага з удзелам артыстаў маскоўскіх тэатраў.