Энцыклапедыя Легенд

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Нагодай для сустрэчы са старшынёй Рады грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд культуры”, галоўным рэдактарам “Краязнаўчай газеты” Уладзімірам ГІЛЕПАМ стаў выхад у свет 300-га нумара гэтага профільнага выдання. Але гутарка наша скіравалася, найперш, у рэчышча сінтэзу і аналізу такой з’явы, як краязнаўства ХХІ стагоддзя. І нават набыла крыху містычнае адценне…

/i/content/pi/cult/236/3316/14-2.jpg- Краязнаўству як аб'екту і суб'екту навуковага і папулярнага вывучэння спадчыны таго ці іншага рэгіёна ўжо не адна сотня гадоў. Ды ўсё ж ХХІ стагоддзе, думаецца, вымагае і новых падыходаў у гэтай справе. Якім вам бачыцца сучасны этап краязнаўчай працы ў Беларусі?

- Выхаванне ў ХХ стагоддзі часцяком адбывалася на рэвалюцыйнай аснове, калі мы знішчалі старое і выхоўвалі такім чынам новых патрыётаў. Але цяпер мы асэнсавалі гэтую ўласцівасць нашага мінулага і ўсвядомілі: лепш за ўсё ісці эвалюцыйным шляхам. Менавіта таму я перакананы: выхаванне сёння павінна прытрымлівацца якраз-такі нацыянальна-патрыятычнага кірунку. Прычым гэта не замкнутая сістэма, а няспынная дыфузія з традыцыямі нашых краін-суседак. Адсюль і мая выснова, што новае стагоддзе самастойнай, незалежнай Беларусі павінна прынесці і новае ў развіцці краязнаўства. З іншым, сучасным, поглядам на справу. А цэнтрам намаганняў у гэтым напрамку мне бачыцца паўстанне краязнаўчага таварыства.

- Ці можна сёння казаць пра новую генерацыю асоб, якія займаюцца гэтай працай?

- Так! Цяпер такія асобы растуць, бы грыбы. Мы гэта адчуваем і па нашай газеце: хто чытае, хто піша. У 300-м нумары зрабілі падборку выказванняў падпісчыкаў, якія накіравалі на наш адрас добрыя словы, а хтосьці - і крытыку. Усё гэта сведчыць пра зацікаўленую пазіцыю чытачоў і краязнаўцаў наогул. Калі ж казаць пра ўзровень падрыхтаванасці, дык некалі мы ўвесь час прыводзілі за прыклад работу вядомага краязнаўца Генадзя Каханоўскага. А сёння даследчыкаў падобнага ці блізкага з ім узроўню па сваёй дасведчанасці - не адзін дзесятак. У кожнай вобласці ёсць свае адметныя асобы. Чым не паказчык? І радуе, што сярод іх я бачу ўсё больш маладых людзей. Заўважце, мы і "Краязнаўчую газету" скіравалі ў значнай ступені на моладзь: у кожным нумары абавязкова друкуем артыкулы школьнікаў, студэнтаў, нават калі гэта яшчэ не вельмі дасканалы матэрыял. Галоўнае- не адштурхнуць іх ад справы.

- Ці адбыліся відавочныя змены ў метадах і прынцыпах краязнаўчых даследаванняў? І галоўнае: прыцягненне моладзі да вывучэння мінуўшчыны сваёй зямлі вымагае і новых падыходаў да яе прадстаўлення. На вашу думку, ці не зашмат у краязнаўчых даследаваннях, так бы мовіць, стэрэатыпна-этнаграфічнага?

- Многія людзі лічаць: калі краязнаўства - дык гэта абавязкова побыт сялян, ды іншага дзеці і падлеткі не бачаць у сваіх школьных музеях, акрамя лапцей, чыгункоў... Але этнагарафія - гэта толькі частка краязнаўства. Трэба ж глыбей зазірнуць у гісторыю. Скажам, праз тое, каб настаўнікі арыентавалі дзяцей на вывучэнне свайго радаводу. Няхай яны глыбока не "капнуць" ды і няма магчымасці ў іх працаваць у архівах, але яны перададуць у мясцовы музей звесткі пра гісторыю свайго роду, прозвішча. А разам з тым, зробяць велізарную справу для сваёй сям'і. І для сябе. Бо як толькі дзіця дакранецца да гісторыі свайго роду, яно ўжо не будзе чалавекам, абыякавым да спадчыны сваёй краіны.

- А наколькі плённа ў гэтым кірунку працуюць аддзелы адукацыі, культуры райвыканкамаў?

- А ёсць жа яшчэ аддзелы ідэалогіі, спорту і турызму... Калі працаваў у Міністэрстве культуры, дык бачыў такую зацікаўленасць. Магчымасцей, у першую чаргу - фінансавых, наадварот, бракавала. Як правіла, начальнікі аддзелаў культуры - людзі неабыякавыя, і менавіта іхняя апантанасць у многім спрыяе, у тым ліку, і краязнаўству. Зрэшты, прывяду прыклад: апошнія 20 гадоў у краіне назіраецца сапраўдны "музейны бум": на месцах адкрылася больш за 100 новых устаноў, прычым абсалютная большасць падобных ініцыятыў ішла з раёнаў, ад аддзелаў. Лічу, што гэтае жаданне падняць культуру рэгіёнаў на новы ўзровень не знікае.

Яркі прыклад- фестываль "Берагіня". Ініцыятыва яго хоць і пайшла ад аднаго чалавека- этнахарэографа Міколы Козенкі, але без падтрымкі начальніка аддзела культуры Акцябрскага райвыканкама Святланы Беразоўскай задума не стала б настолькі маштабнай з'явай у рэспубліцы. Нядаўна быў уражаны ініцыятыўнасцю Ашмянскага райвыканкама. Сабралася папраўдзе каманда: старшыня, намеснік, начальнік аддзела культуры, нават старшыні сельскіх Саветаў... Калі казаць пра Гальшаны, дык усе яны апантана шукаюць варыянты, як зрабіць з гэтага паселішча цэнтр турызму, прыцягнуць да яго ўвагу. "Любыя прапановы падтрымаем!" - гэта і іх кліч, і ўсіх неабыякавых нашых калег у раёнах. І тут, апроч іншага, бачна і наша з вамі стваральная праца: дзейнасць прэсы.

- Нядаўна пісалі пра ініцыятыву якраз-такі з Ашмяншчыны: наладзіць у Гальшанах Фэст прывідаў. Сапраўды, ідэя вартая пераймання...

- А калі я зараз скажу, што аўтар назвы гэтага фэсту, які пяць гадоў таму ў невялікай нататцы ў "Краязнаўчай газеце" агучыў яе, сядзіць насупраць?.. Быў я тады ў будынку тагачаснага тамтэйшага філіяла Нацыянальнага мастацкага музея, яго дырэктар пераконвала мяне пераначаваць у Гальшанах, каб на свае вочы ўпэўніцца: маўляў, Белая Дама - існуе. Праз брак часу не атрымалася застацца, але з'явілася ідэя: уключыць у сцэнарыі мясцовых фэстаў... прывід Белай Дамы, каб ён з'яўляўся там у самых розных месцах. Таму: няхай жывуць легенды і... ствараюцца новыя.

- Ды ўсё ж не кожны раён мае такую адметнасць або легенду...

- Ды не, яе мае абсалютна кожны раён! Урэшце, этнаграфія, песні, легенды аднаўляюцца ў нашай памяці. На вербальным або на пісьмовым узроўні, а часам інакш як генетычнай памяццю інтарэсу да мінуўшчыны, здаецца, не растлумачыш.

- Тут, мусіць, самы час яшчэ раз вярнуцца да асобы краязнаўца. Ці можаце намаляваць яго прыблізны сацыяльны партрэт?

- Гэта не толькі работнікі культуры, настаўнікі. Краязнаўцам можа быць, як у Паставах, галоўны ўрач бальніцы або, як у Вілейцы, энергетык. Кразянаўства - не спецыяльнасць, а, зноў жа, паўтаруся: тое, - як цябе выхавалі. - Новае стагоддзе патрабуе ўкаранення новых тэхналогій. Гэты працэс, думаецца, не можа абмінуць і краязнаўства. Якія электронныя рэсурсы, базы даных па гэтай тэме варта ствараць найперш?

- Сёння ні адна з былых савецкіх рэспублік не можа пахваліцца стварэннем энцыклапедыі фальклору. У нас жа яна - ёсць. Безумоўна, трэба было б, як наступны этап, на энцыклапедычным узроўні зафіксаваць нашы легенды. І, у тым ліку, стварыць іх электронны звод. Чаму б і не? Гэта ж цікавая ідэя! Вынаходніцтвам жа нашай газеты з'яўляецца "Малая краязнаўчая энцыклапедыя", якую мы пачалі друкаваць у 2003 годзе з першых нумароў "КГ". Марым і аб выхадзе яе асобным выданнем.

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах