Плюс тры каштоўнасці

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь у бліжэйшы час папоўніцца яшчэ трыма нематэрыяльнымі гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, якім 18 лістапада 2009 года на Беларускай рэспубліканскай навуковаметадычнай радзе па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне надаць статус гісторыка-культурных каштоўнасцей.

 

Гэтымі каштоўнасцямі сталі наступныя. Каляднае ігрышча "Жаніцьба Цярэшкі" ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласці, якое існуе ў жывой традыцыі ў вёсках Велеўшчына, Аношкі і іншых Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Абрад захоўвае мясцовая інтэлігенцыя маладога і сярэдняга ўзросту сумесна з носьбітамі традыцыі - жыхаркамі вёсак Велеўшчына, Аношкі, Сталюкі і іншых. Названае ігрышча ўключана ў турыстычны маршрут па Лепельскім раёне "Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў". Таксама ў Спіс увойдзе абрад "Намскі Вялікдзень" у вёсцы Аброва Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Праводзіцца ён у чацвер пасля Вялікадня. Першапрычынай устанаўлення гэтага свята з'явілася збаўленне вёскі ад хваробы і смерці дзяцей, якое здарылася на пачатку ХХ стагоддзя. Каб выратаваць сваіх дзяцей, аброўцы выканалі тыповы для Заходняга Палесся аказіянальны абрад: вырабілі за адну ноч аброчны ручнік і разам з іконай Божай Маці здзейснілі хрэсны ход вакол вёскі, пасля чаго хвароба адступіла. У Спісе з'явіцца і тэхналогія вырабу майстрамі Круглянскага раёна Магілёўскай вобласці драўляных музычных народных інструментаў. Да нядаўняга часу на Магілёўшчыне былі вядомы такія сучасныя майстры па вырабе музычных інструментаў, як Клімовіч з Бабруйскага раёна, Башан з Глускага раёна і іншыя. Да шэрагу такіх таленавітых майстроў можна аднесці і Аляксандра Харкевіча, які стварыў сапраўдны аркестр з амаль трох дзесяткаў драўляных музычных інструментаў.

Наталля ХВІР,

загадчык сектара па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь