Вы не бачылі “трусіка”?

№ 47 (915) 21.11.2009 - 27.11.2009 г

Мабыць, ніводны з беларускіх прадстаўнікоў на дзіцячым “Еўрабачанні” не выклікаў такой вялізнай увагі, як Юрый Дземідовіч. Наконт дарослых спевакоў ва ўсім свеце, па традыцыі, дыскусій нямала, а да дзятвы ставяцца ў гэтым больш паблажліва.

 

Што ж да Юры Дземідовіча, дык ён, можна сказаць, перамог ужо напярэдадні, пераадолеўшы глядацкую кансерватыўнасць густаў сваёй песняй, не падобнай на тыя, што ствараліся раней на дзіцячай эстрадзе. Чарговым выпрабаваннем стаў Кіеў: тут увага журналістаў да ўдзельнікаў дасягнула свайго піку. Як жа пачуваецца на піку спаборніцтва нашаму Юры і ўсёй яго "камандзе"? З гэтым пытаннем мы патэлефанавалі ў Кіеў да мастацкага кіраўніка дружнага дзіцячага калектыву Уладзіміра Глушакова - педагога Рэспубліканскага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кіраўніка Капэлы хлопчыкаў гэтай навучальнай установы:

/i/content/pi/cult/236/3311/3-2.jpg- Настрой у нас працоўны, а праца - цяжкая. Бо вытрымаць такую ўвагу журналістаў вельмі няпроста. Немагчыма кроку зрабіць "проста так": усё пад прыцэлам фота-, кінакамер і прыдзірлівых позіркаў, кожная дробязь адразу трапляе ў эфір і на старонкі друкаваных выданняў. Гэта, вядома, збівае працоўны рытм, вымушае шукаць дадатковыя ўнутраныя рэзервы, а графік тут вельмі шчыльны. Вось зараз, да прыкладу

(Размова адбывалася ў сераду ўвечары. - Н.Б.), у так званым "еўраклубе" дзеці робяць своеасаблівае дэфіле мод. З тых матэрыялаў, што ім прапанаваны, кожны сам намагаецца зрабіць сабе афрыканскі строй. Чуеце, якія візгі-піскі і іншыя радасці жыцця? Увогуле, акцэнт тут робіцца на самастойнасць дзяцей, уздзеянне ж на іх дарослых намагаюцца абмяжоўваць. І гэта правільна! З аднаго боку, такі падыход стварае папраўдзе дзіцячую атмасферу, замацоўвае сяброўства, "адмятае" даросла-спаборніцкае стаўленне да жыцця. З іншага, гэта яшчэ і выпрацоўвае папраўдзе дарослую, без усялякага двукосся, адказнасць. Пад час самога конкурсу мы будзем у глядзельнай зале: так прадугледжана ўмовамі. Дзеці ж будуць знаходзіцца ў вядомым усім гледачам па ранейшых трансляцыях "зялёным пакоі". Яны павінны самі падрыхтавацца да свайго выступлення, самастойна настроіцца - усё, як у дарослых артыстаў, без памагатых і "нянек". Пакуль жа была першая рэпетыцыя, першыя тэлездымкі выступленняў. Тут важна было дамагчыся, каб супала бачанне кожнага нумара тых, хто здымае, і тых, хто гэтыя нумары рыхтаваў: дзе даць буйны план, на што скіраваць увагу тэлегледачоў - усё гэта вельмі важна. Для таго і праводзяцца такія рэпетыцыі, каб потым усё прайшло максімальна якасна і без залішняга нервавання. На гэтым падрыхтоўчым этапе ўсім, зразумела, цяжка, але мы прыкладаем максімальныя намаганні, каб атрымаць як мага больш цікавы вынік.

- Як у Кіеве ставяцца да нашага "трусіка"?

- Вы правільна сказалі, яго так і называюць: "трусік", "чароўны трусік", "наш трусік". Дастаткова запытаць: "Вы "трусіка" не бачылі?" - і ўсе адразу ці пакажуць на нашага Юру, ці падкажуць, дзе яго знайсці. Такая вялізная цікавасць не можа не стамляць, бо часам бывае карысна пабыць сам-насам, а тут трэба пастаянна кантраляваць кожны рух. Пастаянная ўвага да тваёй асобы з боку наваколля патрабуе і вялізных энергетычных затрат. Але дзеці хутчэй адаптуюцца да любых абставін і аднаўляюць свой эмацыйны і душэўны запас. Галоўнае- усе ў Кіеве ўжо цяпер добра ведаюць нашага "трусіка". Яго запомнілі- і гэта не можа не радаваць.

На здымку: Кіеўскі Палац спорту, дзе пройдзе конкурс.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"