Дон Кіхот і “Паэма пра сякеру”

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Больш за 40 гадоў таму ў студэнцкай газеце ВГИКа “Путь к экрану” было расказана пра тое, як маладыя кінематаграфісты, студэнты інстытута, у адной з творчых паездак па краіне сустрэліся з кінагледачамі г. Златауста, дзе разгарнулі экспазіцыю выстаўкі мастакоў кіно. Эскізамі да тэлеспектакляў “Завяшчанне” і “Паэма пра сякеру” здаў справаздачу і студэнт майстэрні народнага мастака СССР Ю.Піменава Уладзімір Чарнышоў. У 1968 годзе ён паспяхова абараніў дыплом і быў размеркаваны на працу ў якасці мастакапастаноўшчыка ігравых фільмаў на кінастудыю “Беларусьфільм”.

/i/content/pi/cult/235/3307/13-2.jpgУжо першыя яго карціны - "Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў" і "Бераг прынцэсы Люські" - становяццавядомымі не толькі ў нас. З таго часу Уладзімір Фёдаравіч актыўна ўдзельнічае ў творчым жыцці Беларусі, што стала для яго не толькі другой радзімай, але і тым моцным творчым фундаментам, на якім сфарміраваўся талент арыгінальнага сцэнографа, жывапісца і графіка. У ягоным творчым актыве - такія знакамітыя фільмы, як "Ясь і Яніна", "Сямейныя абставіны", "Вялікі трамплін", "Купальская ноч", "Пушча", "Выклік", "Дзікія звяры свету", "Інтэрпол" і іншыя, а таксама афармленне шэрагу спектакляў у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М.Горкага.
 /i/content/pi/cult/235/3307/13-3.jpgНекаторыя з твораў Уладзіміра Чарнышова сёння экспануюцца на яго юбілейнай выстаўцы сцэнаграфіі і жывапісу "У гэтым цудоўным свеце...", прысвечанай 70-годдзю з дня нараджэння майстра. Яна працуе ў салоне "Мадэрн" мінскай бібліятэкі імя Ф.Багушэвіча. Акрамя эскізаў да фільма "Зацюканы апостал" і спектакля "Папялушка", у экспазіцыі можна пабачыць пленэрныя пейзажы Крыма, Даніі, Італіі, Аўстрыі, новыя карціны "Народжаныя ў СССР", "Скрыпачка Таня і Дон Кіхот", "Прадавец карцін", партрэты артыстаў тэатра і кіно. А з 12 лістапада ў рамках Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" у Музеі гісторыі беларускага кіно пачала працаваць яшчэ адна персанальная выстаўка У.Чарнышова пад назвай "Мой сучаснік у жыцці і кіно". На ёй прадстаўлена каля 50 твораў сцэнаграфіі, жывапісу і графікі, у тым ліку эскізы да фільмаў "Дачка камандзіра", "Запіскі юнага ўрача", "Пушча", "Зацюканы апостал", партрэты народных артыстаў СССР Мікалая Кручкова і Расціслава Янкоўскага.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"