Архетыпы плюс… псіхалогія

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусіпрацягвае выпуск кніг са шматтомнай серыі “Беларусы”, аўтарскі калектыў якой летась быў узнагароджаны прэміяй “За духоўнае адраджэнне”. Чарговы том прысвечаны 85-годдзю беларускага кіно. Па словах дырэктара Інстытута Аляксандра Лакоткі, праца над кнігай вялася некалькі апошніх гадоў супрацоўнікамі аддзела экранных мастацтваў і ўяўляе з сябе аналіз гісторыі беларускага кіно.

У выданні, што атрымала назву "Экраннае мастацтва", грунтоўна разглядаецца айчынны ігравы кінематограф, у тым ліку асвятляюцца пытанні яго ўзнікнення, для чаго прыводзяцца некаторыя архіўныя матэрыялы. Не засталіся паза ўвагай аўтарскага калектыву кнігі і кінематаграфісты, сцэнарысты, акцёры. У кнізе падрабязна асветлена дзейнасць Юрыя Тарыча, Анатоля Вольнага, Пятра Алейнікава, Уладзіміра КоршСабліна. Асобная гаворка ў кнізе - і пра экранізацыю беларускай і замежнай літаратурнай класікі. У прыватнасці, мастацтвазнаўцай Вольгай Нячай узнімаюцца такія тэмы, як "Янка Купала: слова і экранны вобраз", "Экранныя зоркі Максіма Багдановіча", "Водар і колеры зямлі і вады: Іван Мележ", ды шэраг іншых. Тэма Вялікай Айчыннай вайны разглядаецца ў кнізе праз прызму экранізацыі твораў Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Вячаслава Адамчыка, Івана Чыгрынава. У сувязі з гэтым аналізуюцца найбольш яркія рэжысёрскія прыёмы, стылістыка фільмаў.
 Сярод багатага ігравога кінематографа аўтары кнігі асобна вылучаюць і фільмы для дзяцей, першы з якіх - "Лясная быль" - лічыцца і першай айчыннай мастацкай стужкай. У кнізе можна пазнаёміцца з сюжэтнымі лініямі фільмаў, што атрымалі народнае прызнанне. Сярод іх - "Дзяўчынка шукае бацьку", "Корцік", "Бронзавая птушка", "Прыгоды Бураціна", "Казка пра Зорнага Хлопчыка", а таксама сучасныя - "Дунечка", "Тры талеры". Асобны раздзел прысвечаны дакументальным і навукова-папулярным фільмам. Аўтары выдання дазваляюць прасачыць за дынамікай развіцця неігравога кінематографа, пачынаючы з такіх стужак, як "Кавалерыйская школа ў Паставах" ды "Парад войскаў у Бабруйску ў прысутнасці Мікалая ІІ", і заканчваючы сучаснымі фільмамі "Летапісу" і "Белвідэацэнтра". Апрача іншага, у кнізедаследуецца і ўзаемадзеянне музычнага і выяўленчага мастацтваў з кінематографам, мастацкі фільм разглядаецца таксама і ў кантэксце аналітычнай псіхалогіі.
 К.А.