Свавольнікі “Лістападзіка” і не толькі

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Новымі выпускамі кіначасопіса “Ералаш” распачнецца XI Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістападзік”. Беларускі поўнаметражны фільм “Навагоднія прыгоды ў ліпені” Алены Туравай і Івана Паўлава прадставіў краіну ў конкурснай праграме, якую складаюць восем кінастужак. Сёлета ў спаборніцтве таксама ўдзельнічаюць Аўстралія, Нідэрланды, Узбекістан, Латвія, Італія.

Кінастужкі цікава будзе паглядзець дзецям разам з бацькамі, паколькі асноўная тэма, якая ў іх узнімаецца,- гэта праблема сталення, развіццё характару малых і падлеткаў. Як не загубіць таленты юных творцаў, як падтрымліваць іх захапленні, з гумарам адносіцца да прыгод малых свавольнікаў - на гэтыя пытанні адкажуць фільмы замежных аўтараў, што будуць дэманстравацца ў "Піянеры". Журы ўзначальвае народны артыст Украіны Міхаіл Галубовіч, у складзе "калегіі" - галоўны рэжысёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Ляляўскі, актрыса Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык і нямецкі аніматар Фолькер Пецольд. Яны будуць узнагароджваць удзельнікаў "За лепшы ігравы фільм", "За лепшую дзіцячую ролю", "За лепшую работу дарослага акцёра ў дзіцячым фільме". Па традыцыі, юная публіка таксама паўплывае на вызначэнне пераможцаў. На жаль, некаторыя маленькія гледачы (дзеці з дзіцячых дамоў, інтэрнатаў) не змогуць пабачыць анімацыйныя фільмы ў кінатэатрах. Спецыяльна для іх арганізатары пакажуць пазаконкурсную праграму, якая складаецца з анімацыйных фільмаў, як паведаміла дырэктар праграм "Лістападзіка" Ксенія Даніна. Фолькер Пецольд прывёз лепшую анімацыю, якая была прадстаўлена на апошнім Міжнародным кінафестывалі для дзяцей і юнацтва "Шлінгель", што адбыўся ў кастрычніку ў нямецкім горадзе Кемнітц. Праграма еўрапейскага анімацыйнага кіно, якую можна будзе пабачыць у кінатэатры "Піянер", складаецца са стужак з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Швецыі і Іспаніі. Таксама новыя творы пакажуць аніматары з расійскай студыі "Пілот" і польскія вытворцы.