“Жыццё…”, неаднойчы “распятае”…

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Пра гісторыю фільма “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Гэты фільм — рэкардсмен савецкага кіно па “ляжанні на паліцы”: 22 гады! Ён задумваўся на згасанні “хрушчоўскай адлігі”, запускаўся ў эпоху “валюнтарызму”, здымаўся на пачатку “застою”, тады ж быў забаронены, пераляжаў на паліцы і “стагнацыю”, і “паскарэнне-галоснасць”, і ажно чатырох Генеральных Сакратароў ЦК КПСС, і толькі пры пятым — пакамечаны, зарэзаны-перакроены! — быў дапушчаны да гледачоў ужо зусім другога пакалення напярэдадні распаду СССР. Размова ідзе пра фільм “Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка”, ён жа — “Евангелле ад Іуды”, ён жа — “Летапіс Белай Русі”, ён жа — “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”… Няшчасная стужка перанесла ажно дванаццаць кардынальных рэдакцый!

 

/i/content/pi/cult/235/3303/14-1.jpg-  У другой палове ліпеня 1963 года ў Маскве праходзіў ІІІ Міжнародны кінафестываль. Галоўны прыз атрымаў італьянскі фільм "8 1/2" Федэрыка Феліні, які з тае нагоды спешна прыбыў у Маскву. Але... фільм гэты не быў нават заяўлены ў праграме фестывалю! Выклікала недаўменне яшчэ й тое, што стужка гаспадароў "Знаёмцеся: Балуеў" пра сакратара абкама не была адзначана нават ветлівым дыпломам. У народзе жартавалі: "Фільм атрымаў прыз з фармулёўкай: "За лепшы фільм пра Балуева".

 Не ведалі гледачы і пра жудасны "разнос", які арганізатарам фестывалю ўчыніў тагачасны кіраўнік дзяржавы Мікіта Хрушчоў за фактычны правал савецкай карціны. Старшыня журы амерыканскі рэжысёр Стэнлі Крамэр (дарэчы, ён сімпатызаваў СССР) прыняў бездапаможную савецкую стужку за няўдалы жарт. Ён-та й прапанаваў для захавання прэстыжу фестывалю тэрмінова запрасіць у Маскву Феліні з яго толькі што закончаным фільмам пад такой нязвыклай назвай. Дык што, у нашай краіне з такой моцнай тады кінематаграфіяй не знайшлося фільма, вартага ўласнага фестывалю?! На рубяжы 1950-х - 60-х гадоў яшчэ плённа здымалі майстры даваеннага кіно: С.Герасімаў, М.Ром, Р.Аляксандраў, І.Пыр'еў, М.Калатозаў, Ю.Райзман; на поўную моц працавала пакаленне франтавікоў: Р.Чухрай, В.Ардынскі, С.Растоцкі, І.Шульман, Р.Віктараў; голасна заявілі пра сябе маладыя В.Шукшын, Г.Данелія, А.Міта, Ю.Чулюкін. Гэты час гісторыі СССР названы "адлігай". Такім ён і здаваўся пасля жорсткіх забаронаў і смяротных расправаў у часы сталінізму. Маладыя творцы, якіх пазней назавуць "шасцідзесятнікі", здзейснілі сапраўдны рэнесанс, пераварот ва ўсведамленні савецкіх людзей! Паэты Б.Акуджава, А.Вазнясенскі, Я.Еўтушэнка, празаік В.Аксёнаў сталі "ўладарамі думак". Людзі паверылі ў вольнае слова; Хрушчоў жа дазволіў надрукаваць у часопісе "Новый мир" аповесць "Адзін дзень Івана Дзянісавіча" А.Салжаніцына, нядаўняга вязня ГУЛАГа! І кінематаграфісты выдавалі шэдэўр за шэдэўрам.

* * *

 Але... Існавала так званая "паліца", куды клалі фільмы, што не прымала ўлада. Паліца - па сутнасці: забарона. Знаходзіцца там было ў нейкім сэнсе ганарова. На закрытых сеансахмы праглядалі "Андрэя Рублёва" А.Таркоўскага, "Камісара" А.Аскольдава, "33" Г.Данеліі, "Агонію" Э.Клімава, "Праверку на дарогах" А.Германа, "Малітву" Т.Абуладзэ, "Інтэрвенцыю" Г.Палокі, "Мне 20 гадоў" М.Хуцыева (першая назва - "Застава Ільіча", а ў народзе - "Застава Ільічова", па прозвішчы сакратара ЦК КПСС, які выносіў прысуды). Спрэс - выдатныя творы, бо ў "пільнуючых" устаноў быў нюх на ўсё таленавітае. Паралельна забаранялі кнігі, прасавалі бульдозерамі выстаўкі жывапісу, здзекваліся з творцаў. Пад забаронай былі нават бяскрыўдныя песенькі "Мішка, Мішка..." і "Ландышы"! На "Беларусьфільме" з 1965-га ляжала на паліцы карціна "Рагаты бастыён" (па п'есе А.Макаёнка "Лявоніха на арбіце"). І вось учыняецца расправа над новым беларускім фільмам па сцэнарыі Уладзіміра Караткевіча. Тады пісьменнік быў амаль што адзіным носьбітам беларускага, скараючы нас сваёй бязмежнай эрудыцыяй. Ён адзін ведаў пра Беларусь, пэўна, як цэлы інстытут. Таму не дзіўна, што сям-там ставіліся да яго варожа. Седзячы за сталом, ён гаварыў ціха: "Можа, як паэт я- г...", раптоўна біў кулаком па сталешніцы, ускокваў і крычаў: "...але наконт беларускай геральдыкі-і!.."

/i/content/pi/cult/235/3303/14-2.jpg Гэта ад яго мы ўпершыню чулі тады прозвішчы Радзівілаў, Скірмунтаў, Хаткевічаў, Пацаў, Храптовічаў; ад яго дазнаваліся пра хмяльны напой "Трыс дзівінірыс" - тройчы па сем; пра кубак Вялікага Арла; пра ўменне адным ударам шаблі рассячы ворага з галавы да сядла; пра змену характару подпісу пракурора на следчай "Справе" Кастуся Каліноўскага: ад размашыстага ў ордэры на арышт - і да сціплай загагулінкі на смертным прысудзе... Творы Караткевіча - вершы, проза- траплялі ў друк усё радзей. Затрымлівалі публікацыю ўжо набранага ў друкарні кінарамана "Леаніды не вярнуцца на зямлю". Неяк Караткевіч прыйшоў да Яўгена Глебава, дзе мы з кампазітарам вячэралі, сказаў з усмешкай: "Урэшце вырашылася пытанне з "Леанідамі..." Мы прыняліся яго віншаваць!.. А ён: "З ЦК далі каманду разбіць набор. Давайце, хлопцы, абмыем гэта..." Усё больш старонак кладуцца ў шуфляды стала, перадаюцца на захаванне тым, каму давяраў,- ведаю гэтых людзей. Мне дасталіся рукапісы - падкрэсліваю: рукапісы! - кінарамана "Легенда аббедным д'ябле і аб адвакатах Сатаны", апавядання "Маленькая балерына" (на рускай і беларускай мовах, абодва варыянты), машынапіс няскончанай паэмы ў прозе "Родина" з аўтарскімі праўкамі, малюнкі. Ч а с быў такі- незразумелы, небяспечны: адных выпускалі з ГУЛАГа, другіх заганялі туды, ці выдваралі за мяжу. Кароткая "адліга" была напрыканцы лёту.

* * *

/i/content/pi/cult/235/3303/15-1.jpg І вось у гэтую "глухую пару лістапада" - выбраў жа час! - Уладзімір Караткевіч, скончыўшы ў Маскве Вышэйшыя сцэнарныя курсы, прыносіць на "Беларусьфільм" кінасцэнарый. Там, на 94-х старонках, расказвалася гісторыя валачобніка з батлейкай Юрася Братчыка, якога народ выпадкова прыняў за Хрыста Выратавальніка, а валацуг - за яго апосталаў. У рэдакцыйным заключэнні на сцэнарый чытаем: "Юрась у ролі ачольніка паўстання змагаецца за інтарэсы народа, супраць падману царкоўнікаў..." "Падман" заключаўся ў прыхаванні хлеба ад галадаючага народа - гэта значыць: царкоўнікі прысвоілі механізм размеркавання. Тэма патрабавання хлеба і галоднага бунту - асноўная ў сцэнарыі! Яна сыграе ў лёсе будучага фільма самую чорную ролю. У Мінску быццам забыліся, што з часу "галоднага" паўстання ў Новачаркаску прайшло ўсяго тры гады, але ідэю народнага паўстання палічылі за "рэвалюцыйную" - значыцца, "прахадную", - і сцэнарый прынялі да вытворчасці. Ім зацікавіўся малады, але ўжо выдатны майстар"казачнік", кінарэжысёр Уладзімір Бычкоў. Зняўшы "Увага! У горадзе чараўнік!" і "Горад майстроў", ён рашуча заняў у айчынным кінематографе месца, пустуючае пасля сыходу А.Роу і А.Птушко. Бычкоў (па-студыйнаму - "Бычкок", па сугуччы з Хічкокам) сабраў на фільм найвыдатнейшую каманду аднадумцаў: кампазітарамадэрніста Алега Каравайчука, мастакоў Яўгена Ігнацьева і Шаўката Абдусаламава, аператара Анатоля Забалоцкага, акцёраў Льва Дурава, Данатаса Баніёніса, Любоў Румянцаву, Іллю Рутберга, Паўла Кармуніна.

Ва ўсіх слава яшчэ наперадзе. І калі сыгралі беларуса Канстанціна Заслонава артыст У.Дружнікаў і нашага Несцерку артыст Б.Ценін, ужо і да таго знакамітыя, то малавядома, што дэбютавалі, увасабіўшы беларускіх персанажаў: Алег Янкоўскі - асветніка Скарыну, Д.Баніёніс -ксяндза Басяцкага, а Л.Дураў - вясёлага валацугу Братчыка, - менавіта на "Беларусьфільме". Усе трое - будучыя народныя артысты СССР. Паводле заявы Бычкова старшыня сцэнарна-рэдакцыйнай калегіі, народны пісьменнік Беларусі Аркадзь Куляшоў прызначыў рэдактарам фільма вядомага паэта і сцэнарыста Максіма Лужаніна: рэжысёр і рэдактар ужо "спрацаваліся" на фільме "Горад майстроў". Неўзабаве ім абодвум прыйдзецца "трымаць удары".

* * *

/i/content/pi/cult/235/3303/15-2.jpg Працавалі весела, з уздымам, з натхненнем. Бягучыя прагляды абяцалі выдатны фільм. "Патрэбна заўважыць майстэрства аператара Забалоцкага. Увесь фільм выяўленча вытрыманы ў адзінай манеры: пераважаюць тонкія, пастэльныя, фарбы, добра выкарыстаны колер... Разам з рэжысурай цікава вырашаны камедыйныя сцэны..." - так пазначана ў адным з пратаколаў. Дзеля гэтага фільма Анатоль адмовіў Т.Абуладзэ здымаць з ім "Малітву". Хутка таго ж Забалоцкага будуць кляйміць за тыя ж "цікавыя рашэнні", "адзіную манеру" - і пазбаўляць прэмій. З трыумфам ішлі па экранах свету, здабываючы Краіне Саветаў валюту, "Балада пра салдата", "Сорак першы", "Ляцяць жураўлі", "Андрэй Рублёў"! Але што выклікала недаўменне: "Рублёў" не ішоў на савецкіх экранах- праславутая "паліца", нябачная, прывідная, як і "закрома родины".

* * *

 "Захмялелыя" пры адлізе, беларускія кінематаграфісты-равеснікі амаль паралельна здымалі фільмы, што склалі славу нацыянальнага кінематографа: І.Дабралюбаў - "Івана Макаравіча" ды "Іду шукаць", Р.Віктараў - "Трэцюю ракету" паводле Васіля Быкава, В.Рубінчык- "Магілу льва", В.Тураў- "Праз могілкі" і "Я родам з дзяцінства", В.Чацверыкоў - "Руіны страляюць", В.Нікіфараў - "Бераг прынцэсы Люські", Б.Сцяпанаў - "Альпійскую баладу" паводле таго ж Быкава, Ю.Цвяткоў- "Вясеннюю казку" паводле А.Астроўскага... Студыя ўзнялася да сапраўдных вяршынь! Праўда, насцярожвала злавесная заўвага Хрушчова на IV сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй: - Вы што, мяркуеце, мы арыштоўваць развучыліся?! І калі ўрэшце яго змясцілі, творцы радаваліся канцу часоў "валюнтарызму", не ўсведамляючы яшчэ, што і ў наступную эпоху - "застою", "стагнацыі"- будуць, як заўсёды ў СССР, забараняць фільмы, карціны, кнігі, скульптуру, нават песні... Ідэалагічнае "надвор'е" катастрафічна халаднела. І ў такой напружанай атмасферы цемрашальства нараджаўся ў Мінску вясёлы фільм "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Праўда, Маскоўскі Главк ужо ўнюхаў "крамолу": фільм жа адкрыта заклікаў да паўстання супраць улад, хай сабе і царкоўных!.. А таму яшчэ ў працэсе здымак з Масквы прыходзіць насцярожваючае ўказанне: "...Дазволена часова ўзнавіць здымкі..."

* * *

 Але вось урэшце - закрыты прагляд першага чарнавога варыянта. У маленькай зале - толькі здымачная група і мінскія акцёры. З экрана гучаць апошнія словы дыктара: "Так заканчваецца наша гісторыя, якая мелася адбыцца ў дні жыцця караля Жыгімонта, у дні жыцця і смерці скамароха Юрася Братчыка..." Усе разумелі, што прысутнічаюць пры нараджэнні незвычайнага выдатнага твора - мудрай гарэзлівай кінапрытчы, - і радасна віншавалі рэжысёра, аўтара, аператара. А далей... Фільм прыняліся глядзець інструктары, намзагі аддзелаў агітацыі і прапаганды, загадчыкі тых аддзелаў, затым ужо сакратары - райкама, гаркама, абкама, ЦК. Самыя нізкія інстанцыі праяўлялі звышпільнасць, літаральна вышукваючы "антысаветчыну" ды імкнучыся здагадацца: што менавіта можа насцярожыць больш высокага гледача. Тыя, што вышэй, былі "літасцівыя" і тое-сёе з забароненага дазвалялі, але дадавалі новыя заўвагі, больш кардынальныя, што разбуралі задуму аўтараў. І ўсе разам - не разумелі, да чаго прычапіцца. А па сутнасці - не ведалі, што з гэтым незвычайным кінатворам рабіць... Колькі на сумленні кожнага з іх забароненага, нязнятага, непастаўленага, ненадрукаванага!.. Лексіка пратаколаў: "...неакрэсленая ідэйная канцэпцыя..."; "выключыць цалкам сцэны..."; "істотна пераасэнсаваць..."; "...рэкамендаваць пракансультавацца..." - называлася прозвішча гісторыка-марксіста. Але хто мог тут што падказаць энцыклапедысту Караткевічу, калі лепей за яго ніхто не ведаў гісторыю Беларусі і- галоўнае! - ніхто больш сумленна яе не трактаваў! Фільм "вытрымліваў" рэдакцыю за рэдакцыяй. Урэшце ў Мінску яго прынялі. Ну, па-першае, ён нават пасля "абразанняў" заставаўся таленавітым творам - і гэта разумелі ўсе; па-другое, надыходзіў канец года - і трэба было папросту "закрываць" план вытворчасці, каб не пазбавіць усю студыю прэмій. Але Масква паставілася да фільма больш прыдзірліва. Адтуль пасля прагляду прыйшоў за подпісам самога старшыні Дзяржкіно СССР Раманава жахлівы загад: ануляваць мінскі акт прыёмкі і "...указаць старшыні Дзяржкіно БССР тав. Паўлёнку на адсутнасць належнага кантролю..."; "...вынесці вымову дырэктару "Беларусьфільма" тав. Паўцовуза незабеспячэнне кантролю за працай здымачных груп..."; "...у трохдзённы тэрмін дапрацаваць..."; "...прадоўжыць тэрмін вытворчасці без павелічэння каштарысных асігнаванняў..."; "...зрабіць матэрыяльныя санкцыі ў адносінах да работнікаў, што вінаватыя ў стварэнні фільма нізкага ідэйна-мастацкага ўзроўню..." Нізкі мастацкі ўзровень Масква даравала б: колькі бязлікай жуйкі вывальвалі тады на кінаэкраны краіны! Але ідэйную неакрэсленасць - ні за што! Старшыня Дзяржкіно БССР Барыс Паўлёнак, выконваючы "высокія ўказанні", таропкім загадам адмяніў кінастудыйны акт прыёмкі і ўласны загад.

 * * *

Ратуючы фільм, Бычкоў ішоў на кампраміс: пераздымаў сцэны, пераагучваў, прасіў аўтара тэрмінова - да раніцы!- дапісаць некалькі "ідэйных" рэплік. Назаўтра працавіты Караткевіч прыносіў - амаль штодня!- замест патрабуемых правак з двух-трох сказаў 2-3 аркушы, спісаныя дробным почыркам. Чытаў натхнёна, нараспеў. Лічылі, што ён не здолеў напісаць каротка, ёміста. Аўтар і рэжысёр пераставалі разумець адзін аднаго. І хаця Літва была побач, і ездзілі ў Вільню проста папіць кавы са здобай, але не выклікаць жа адтуль пасля кожнага "кіруючага" ўказання на даздымку адной-дзвюх рэплік Баніёніса! І тады аператар А.Забалоцкі зняў ксяндзоў, да якіх чапляліся "інстанцыі", так, што не было відно іх артыкуляцыі: то твары - у паўцемры, то рот "перакрыты" свечкай - кладзі тэкст, які заўгодна! Але справа, канешне ж, была не ў дапісванні Караткевічам выратавальных рэплік. Прысутныя не ўсведамлялі, што ім чытаюць старонкі іншага твора, што пры іх нараджаецца вялікі раман: па вобразнасці, гумары, новых ведах, сакавітасці мовы - верагодна, лепшая беларуская проза. Гэта быў унікальны выпадак у гісторыі кіно і пісьменства: літаратурны твор стаўся вынікам фільма. Караткевіч стаміўся ад барацьбы з ветракамі і, задумаўшы раман, проста адыходзіў у бок. Праца над фільмам заходзіла ў тупік. Савецкі глядач быў зачараваны французскай камедыяй "Фанфан-цюльпан" з яе іранічным закадравым тэкстам, прачытаным Зіновіем Гердтам. Прыём гэты выкарыстоўвалі і савецкія кінематаграфісты. Засвяцілася надзея: можа, такі тэкст выратуе няшчасны беларускі фільм? Дырэктар карціны Сямён Тульман узгадаў, што, працуючы ў Маскве на фільме "Першыя выпрабаванні", я пісаў смешныя мініяцюры для Аркадзя Райкіна. Мяне запрасілі дапамагчы, можа, пасля сёмай "рэдакцыі" фільма, можа, пасля дзесятай. З абодвума "Валодзямі" я ўжо быў знаёмы, а з Караткевічам - дык дастаткова блізка. Уважліва вывучыў карціну, напісаў закадравы каментарый, прынёс пісьменніку ў ягоную двухпакаёвую кватэру па вуліцы В.Харужай, 48.

 Ён ухваліў тэкст і для беларускага варыянта фільма сам зрабіў пераклад. "Зямля ў тыя далёкія часы была яшчэ нерухомай і плоскай, таму ў кожным балоце, у кожным бары можна было лёгка сустрэцца з чортам, прывідам ці - таго горш! - з рабаўніком..." Калі цяпер у анталогіі "Усе беларускія фільмы" чытаем: "Закадравы голас з іранічнай урачыстасцю распавядае пра..." - гэта камплімент мне. І вось ужо ідзе аптымістычная "Дакладная" дырэктара студыі Паўцова ў Маскву: "Аўтары ўвялі дыктарскі тэкст, які ўдакладніў сюжэтныя лініі, даў магчымасць дакладней прачарціць ідэйны бок фільма і больш поўна раскрыць характары дзейных асоб..." Але ні закадравы тэкст, ні - быццам бы, сімвалічны - стоп-кадр у фінале замест "Нагорнай казані" Хрыстаблазна не ўратавалі карціну. Урэшце знайшлося выйсце: пакласці яе на паліцу! Паклалі- і ўсе "пільнуючыя" органы ўздыхнулі з палёгкай. Наканавана забыццё - на 22 гады. Прозвішча Уладзіміра Бычкова знікла са спіса работнікаў "Беларусьфільма". Зламаны, пакрыўджаны, ён паехаў у Маскву, на студыі імя М.Горкага зняў "Мой бацька - капітан", "Русалачку", "Достояние республики" - памятаеце, у выкананні А.Міронава: "Вжик-вжик! Кто на новенького?"... Следам падаўся ў Маскву А.Забалоцкі, каб стаць нязменным аператарам Васіля Шукшына. А пазней пакінуў нашу студыю і прадаўжальнік "бычкоўскага" жанру - Леанід Нячаеў, які зняў тут "Прыгоды Бураціна", "Пра Чырвоны Каптурык", "Прададзены смех", "Казку аб Зорным хлопчыку". З'ехалі, бо сродкаў на каштоўныя кінаказкі не знаходзілася...

 * * *

Савецкай цэнзуры нельга адмовіць у паслядоўнасці. І ўжо трыумфальна ішоў на экранах СССР і міжнародных фестывалях фільм Валерыя Рубінчыка "Дзікае паляванне караля Стаха", і ў павільёнах"Беларусьфільма" будаваліся дэкарацыі для яшчэ аднаго фільма па рамане Караткевіча "Чорны замак Альшанскі", неўзабаве будзе экранізавана ягоная ж проза: "Маці Урагана", "Сівая легенда", "Паром", "Ладдзя роспачы". А гаротны "Хрыстос..." усё ляжаў на паліцы... У 1989-м яго дазволілі-такі выпусціць на экран - для гледача ўжо зусім іншае эпохі. Сядзім у кіназале - рэшткі здымачнай групы, пісьменнік Янка Брыль, сам Бычкоў,- бачым на экране Караткевіча ў эпізодзе: ён у патлатым перуку грызе сцягно, вяндліну... А самога Валодзі ўжо пяць гадоў няма на свеце... Па праглядзе Бычкоў кажа: "Давайце падумаем, параімся: можа, нешта можна дарабіць у фільме? У нас ёсць час". Мудры Брыль уздыхнуў: "Спяшайцеся. Бо нам ужо не раз казалі, што "ў нас ёсць час"..." Усё ж, на шчасце, вярнуўся Бычкоў на "Беларусьфільм" праз 15 гадоў. У другі раз, як кажуць, "увайшоў у беларускую раку". Увайшоў вельмі паспяхова: зняў "Восеньскі падарунак фей" і поўную вясёлых прыдумак казку "Палёт у краіну цмокаў". А затым дваццаць гадоў, да самой смерці, - маўчанне. Ва ўзноўлены варыянт "Хрыста..." дададзены пралог. Сцяла гучаць словы дыктара: "У гэтага фільма нялёгкі лёс. Яму давялося адчуць на сабе бязлітасныя нажніцы, якія выразалі з яго жывога цела "крамолу". Ён быў асуджаны на "зняволенне" і 22 гады праляжаў на паліцы, ён перажыў там смерць свайго аўтара- незабыўнага Уладзіміра Караткевіча. Парэзаны, пакамечаны, неаднойчы "распяты", фільм увайшоў, "прызямліўся" ў скарбніцу беларускага кіно, а галоўныя стваральнікі- у яго гісторыю. А імёны тых, хто здзекваўся з таленавітага незвычайнага твора, - забытыя, без сумневу, на шчасце для іх.

Уладзімір АРЛОЎ,

 кінарэжысёр

P.S. Не былі экранізаваны ў свой час творы Караткевіча, напісаныя спецыяльна для экрана. Гэта кінараманы "Леаніды не вернуцца на зямлю", "Легенда пра беднага д'ябла". Невядомая "Легенда..." увогуле была надрукавана з маёй падачы ў часопісе "Беларусь" праз 35 гадоў з часу напісання, праз 10 гадоў пасля сыходу пісьменніка. Не пабачыў аўтар на экране і кінасцэнарыя "Гневное солнце, палящее" - шэсць навел аб пераадоленні гераіняй жаху: ад узросту дзяўчынкі да- бабулі. Гэта рваўся здымаць Ігар Дабралюбаў. Тады не далі... Бясспрэчна тое, што кінапроза нашага сусветна вядомага класіка павінна ўвасобіцца ў кінасцэнарыях, а за імі - і ў адметных стужках. Гэта наш абавязак перад пісьменнікам, перад нашай кінематаграфіяй і ўвогуле перад усёй нацыянальнай культурай.

У.А