“Я — Алег Янкоўскі…”

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Айчынныя кіназнаўцы і арганізатары фестывалю “Лістапад” аднадушныя: стужка Паўла Лунгіна “Цар” — ці не самая моцная з усіх, што калі-небудзь адкрывалі галоўны беларускі кінафорум. Постаць акцёра Алега Янкоўскага на адным з фестывальных плакатаў менавіта сёлета сімвалічная: акцёр заўсёды быў ці не самым верным сябрам “Лістапада”, наведваў Мінск у фестывальныя дні пры самай першай магчымасці. Алег Янкоўскі — свой для Беларусі і беларусаў. І таму шаснаццаты “Лістапад” пройдзе “пад знакам” Майстра...

 

/i/content/pi/cult/235/3295/10-1.jpgПершае кіно...

 Мусіць, усім вядома, што першая тэатральная сцэна маладога Алега Янкоўскага была менавіта мінскай - у тэатры імя М.Горкага. А вось з першай кінароляй звязана такая гісторыя. Саратаўскі драматычны тэатр, дзе на той час служыў Янкоўскі, знаходзіўся на гастролях у Львове. У мясцовым рэстаране будучую зорку заўважыў папулярны тады акцёр і рэжысёр Уладзімір Басаў, які шукаў выканаўцу на роль Генрыха Шварцкопфа ў сваю карціну "Шчыт і меч", што пасля стала культавай. Генрых Янкоўскага стаў сенсацыяй: маладога акцёра адразу адзначылі гледачы Савецкага Саюза. Прапановы здымацца пасыпаліся адна за адной. "Мода" на Алега Янкоўскага пачалася і ўжо ніколі не заканчвалася. Ды нават не мода - у савецкім кіно без такога таленту проста нельга было абысціся. У вобразе савецкага інтэлігента з ягонай шляхетнай знешнасцю і ўнутранай сутнасцю (а таксама, дадамо, паходжаннем: старажытная фамілія мае і беларускія карані) Янкоўскаму не было роўных. Аднак з аднолькавай лёгкасцю акцёр мог сыграць і чалавека працы. Гістарычныя персанажы таксама даваліся лёгка. Нездарма Барыс Сцяпанаў абраў яго на ролю першадрукара ўсходніх славян у сваёй стужцы "Я - Францыск Скарына...". Так, напрыканцы 1960-х постаць беларускага асветніка яшчэ не мела такога значнага статуса, як цяпер. Ды Алег Янкоўскі інтуітыўна знайшоў патрэбныя інтанацыі свайго героя. Ягоны Скарына - не проста адукаваны "чалавек Адраджэння". Ён - нястомны змагар на баку святла навукі і гуманізму. Мінаюць гады, а новай стужкі пра Скарыну пакуль няма. Можа, яшчэ і таму, што сыграць вобраз пасля Алега Янкоўскага, нават праз сорак гадоў, вельмі і вельмі складана...

Заўжды Народны

 Алег Янкоўскі, як вядома, стаў апошнім творцам, які атрымаў ганаровае званне "народны артыст СССР". Але ягоныя героі з першых з'яўленняў на экране "пайшлі ў народ". Пры гэтым Янкоўскі пазнавальны ў любой ролі: ён не проста акцёр, а - Асоба, чыя самасць бачна адразу, нягледзячы на грым і гістарычны касцюм. Аднак, часам бывала, і грыму ніякага не патрабавалася. Янкоўскі іграў не тварам, а - сэрцам. Чырвонаармеец Някрасаў у "Служылі два таварышы" Яўгена Карэліна, парторг у "Прэміі" Сяргея Мікаэляна, карэспандэнт у беларускай стужцы "Чакай мяне, Анна" Валянціна Вінаградава... Часцей за ўсё ўзгадваюць іншыя ролі Янкоўскага, але маленькіх ці другасных у яго проста не было: Янкоўскі заўсёды яркі, пазнавальны і прыцягальны, нават калі выконвае адмоўных персанажаў. Дарэчы, апошніх не баяўся, і яны атрымліваліся ў яго ці не больш цікавымі за "добрых", якіх ігралі іншыя акцёры. Безумоўна, пэўныя стужкі застануцца ў гісторыі толькі дзякуючы яго ўдзелу. Хочацца адзначыць яшчэ адну асаблівасць ягонага таленту: героі Янкоўскага зразумелыя гледачам самых розных краін. Адно з самых вялікіх дасягненняў сусветнага кінематографа - "Настальгія" Андрэя Таркоўскага не магла б здзейсніцца без таленту акцёра. Постаць героя фільма стала адным з сімвалаў духоўнасці ў мастацтве напрыканцы ХХ стагоддзя. У 2001 годзе галоўны прыз Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" - Прыз глядацкіх сімпатый - атрымала стужка "Прыходзь на мяне паглядзець", рэжысёрам якой выступіў Янкоўскі...

/i/content/pi/cult/235/3295/10-2.jpgCімвал духоўнасці

Стужка Паўла Лунгіна "Цар", якую Алегу Іванавічу так і не давялося ўбачыць, нельга назваць гістарычнай. Хутчэй, гэта прыпавесць, кінадрама на фоне гістарычных асоб і падзей. "Цар" апавядае пра сутыкненне характараў дзвюх вельмі важных для гісторыі Расіі постацей - цара Івана ІV (Жахлівага) і Мітрапаліта Маскоўскага Філіпа. Вядомае яшчэ па класічнай карціне Сяргея Эйзенштэйна супрацьстаянне дзікунскай улады і духоўнага сумлення ў Лунгіна зводзіцца да непасрэднага супрацьстаяння герояў, якіх выконваюць Пётр Мамонаў і Алег Янкоўскі. Філіп Янкоўскага, пры вельмі стрыманай і дзесьці нават сціплай гульні акцёра, - ці не самая важная роля ў расійскім кіно за апошні год. І не толькі дзякуючы гучнай постаці і тэме. Так, як падышоў да гэтай ролі Янкоўскі, наўрад ці здолеў бы падысці іншы акцёр, нават вялікага таленту. "Ён быў магутным слупом карціны. Мяне ўразіла, як ён працаваў. Гэта старая школа. Неверагодная ўнутраная здольнасць да працы. Здольнасць без перапынку паўтараць, спрабаваць. Абсалютная адсутнасць "зорнасці", капрызлівасці... Гэта чалавек, які ўвасобіў у сабе тое, што сыходзіць, калі ўжо не сышло, з рускага жыцця: велікадушнасць, унутраную высакароднасць", - кажа Павел Лунгін пра Алега Янкоўскага. І да гэтых слоў цяжка нешта дадаць. Наведвальнікам праглядаў фестывалю "Лістапад", як і кінаманам усяго свету, застаецца толькі пазнаёміцца са стужкай і - пашкадаваць, што ў кар'еры выдатнага артыста яна стала апошняй..