УЛАДАРЫ “заКАЛЬЦАванага працэсу”, або Сусветны стандарт “Беларусьфільма”

№ 46 (915) 14.11.2009 - 20.11.2009 г

Перад фасадам трохпавярховіка кінастудыі магутны ЗІЛ узняў доўгую мачту з пражэктарам. Сноп святла скіраваны толькі на два акны. Акурат — на кабінет першага намесніка генеральнага дырэктара ўстановы Аляксандра Цялушкі. Што здарылася? Ды нічога! Проста здымаецца чарговае беларускае кіно. А таямнічая магія “Беларусьфільма” ў тым і заключаецца, што нават службовы пакой становіцца тут час ад часу здымачнай пляцоўкай, — так бы мовіць, спецыфіка фільмавытворчасці, дзе літаральна ўсё працуе на выніковасць дзеі пад назвай “кіно”. Напярэдадні “Лістапада” наш карэспандэнт прыадкрыў творчыя планы айчынных майстроў экрана.

 

/i/content/pi/cult/235/3294/7-1.jpgНа "поўным метры"

 "Беларусьфільм" - вялізны мурашнік, у студыях і цэхах якога (творчых і вытворчых падраздзяленняў тут - ледзь не дваццаць) цягам трох працоўных змен не спыняецца пошук ідэй і рэалізоўваюцца самыя неверагодныя планы. Студыя ігравых фільмаў (так званага "поўнага метра") - адна з галоўных на "Беларусьфільме". Па бясконцых калідорах скіроўваюся ў "святую святых". Пытаюся ў намесніка дырэктара Надзеі Гарашэвіч: "Дык што за фільм здымаецца ў службовым кабінеце?" - Поўнаметражная ігравая карціна "Рыжык", - адказвае Надзея Канстанцінаўна. - А рэжысёр і сцэнарыст яе - Алена Турава. Мяркуецца здаць фільм у чацвёртым квартале наступнага года. Так няхутка таму, што і гэтая карціна Туравай будзе насычана камп'ютэрнай графікай, якая вымагае карпатлівай працы... Але ўжо цяпер зразумела, што "Рыжык" атрымліваецца цікавым і яркім. Алена Турава распавяла нашаму карэспандэнту, што яна - не толькі рэжысёр "Рыжыка", але і аўтар сцэнарыя гэтага фэнтэзійнага фільма, бо ў свой час скончыла філфак і ўсе сцэнарыі для ўласных карцін робіць сама.

"Рыжык" - сучасная чарадзейная казка, і дзея тут адбываецца ў дзвюх паралельных прасторах: рэальнай і прыдуманай. Таму большасць акцёраў выконвае па дзве ролі. Не будзем пераказваць сюжэт карціны. Падкрэслім толькі, што гісторыя пачынаецца ў бібліятэцы, у фільме прысутнічаюць апеляцыі да вядомых казак свету, фабула твора звязана з выратаваннем Залюстэрачча і дабро ў рэшце рэшт перамагае зло. - Пра містычны трылер "Масакра", які здымае цяпер на Гродзеншчыне Андрэй Кудзіненка, "К" пісала ўжо неаднойчы. Чым яшчэ занятая студыя ігравых фільмаў? - Дзве групы цяпер рыхтуюцца да запуску ў вытворчасць, - паведаміла Надзея Гарашэвіч. - Маю на ўвазе дзвюхсерыйны тэлевізійны фільм маладога рэжысёра Дзмітрыя Лося "Оптам і ў розніцу". Сцэнарый напісалі Яўген Амельчанка і Валянціна Бялько. Аператар-пастаноўшчык - Міхаіл Бродскі. Здымкі маладзёжнай карціны пачынаюцца 23 лістапада... Падрыхтоўчы перыяд - і на чатырохсерыйным тэлевізійным фільме "Белая сцяжына" рэжысёра Ігара Чацверыкова. Гэта карціна з элементамі дэтэктыву. Здымаць яе будзе аператар-пастаноўшчык Аляксандр Абадоўскі - адзін з лепшых нашых майстроў...

/i/content/pi/cult/235/3294/7-3.jpgТон для гуку

 На той дзень кіпела праца і ў цалкам рэканструяванай Тонстудыі. У дзве змены ішлі мантаж і агучванне карціны "Замах", якую рэжысёр Аляксандр Яфрэмаў завяршыў месяц таму, а здаваць збіраецца 24 снежня. Як мне распавялі, да гэтага ж часу будзе здадзены фільм "Дрэва" Аляксандра Канановіча. Чарнавы мантаж камедыі і праведзены на яго аснове маніторынг сведчаць: карціна займее ў моладзі гарантаваны поспех. Глядач ужо паспеў ацаніць сёлетнія фільмы "Дняпроўскі рубеж", "Кадэт" "Снайпер". На "Лістападзе", поруч з апошнім, Беларусь у конкурсе прадставіць стужка "Інсайт". Я размаўляў напярэдадні з выканаўцам галоўнай ролі ў гэтай карціне - Багданам Ступкам, які па заслугах ацаніў і творчы калектыў здымачнай групы, і тэхнічныя магчымасці сённяшняга "Беларусьфільма". Менавіта пра гэта мы і гаварылі з дырэктарам студыі ігравых фільмаў Віталём Чарвяковым. Той распавёў, што на "Беларусьфільме" з'явіліся новыя здымачныя камеры "Red One", 500-ы Panasonic - тэхніка найвышэйшых сусветных стандартаў. Гэта ж тычыцца і цэха спецыяльных кінавідэатэхналогій "Тэлекіно" - дарэчы, самага маладога падраздзялення "Беларусьфільма", узнікненне якога звязана з укараненнем лічбавай здымкі. Усё гэта паўплывала на тое, што ўвесь тэхналагічны працэс кінавытворчасці "закальцаваўся" на самой установе. Аўтаматычна адпала патрэба ў тэхнічнай дапамозе замежных калег, а закрыты вытворчы цыкл - гэта ўжо сусветны ўзровень...

/i/content/pi/cult/235/3294/7-2.jpgУ чалме і макінтошы

На трэцім паверсе, у адным з калідораўлабірынтаў, сустрэў аніматара Ігара Волчака ў... чалме. - Люблю разнастайнасць у жыцці, таму цяпер здымаюся ў казцы Алены Туравай "Рыжык": іграю эпізадычную ролю ўсходняга чалавека. Адсюль і чалма. Сустрэўся і з начальнікам вытворчага комплексу Тонстудыі Ірынай Клютчэня. - Апаратура ў нас цяпер - не горшая за галівудскую, - расказала яна. - У Тонстудыі цяпер - тры апаратна-праграмныя комплексы для лінейнага мантажу адлюстравання на аснове прафесійнай тэхнікі "Макінтош", дзейнічае сучасная праграма відэамантажу. Робім мантаж адлюстравання, гуку, перазапіс монавідэафільмаў... А яшчэ на "Беларусьфільме" ёсць цэх дэкаратыўна-тэхнічных збудаванняў, дзе працуюць архітэктары, бутафоры-дэкаратары, маляры, сталяры... Дарэчы, дэкарацыі для "Рыжыка" ў павільёнах "Беларусьфільма" - бліскучыя па выкананні. Цэх падрыхтоўкі здымак прапаноўвае унікальную калекцыю касцюмаў, зборы мэблі і рэквізіту розных эпох, краін і культур. Піратэхнічны ўчастак мае ў "арсенале" каля дзвюх тысяч адзінак разнастайнай зброі: ад пісталетаў да артылерыйскіх сістэм. Ёсць цэхі спецыяльнага і ігравога аўтатранспарту, здымачнай тэхнікі, святлатэхнікі і электраабсталявання, апрацоўкі плёнкі, участак мантажу фільмаў... І ўся гэтая неабсяжная кіношная "краіна" з неўтаймоўным і няўрымслівым кінанародам бярэ за адлік часу не змену сутак і пор года, а - творчую цыклічнасць ад запуску карціны да яе здачы... Карацей, краіна пад найменнем "Беларусьфільм" жыве і няўхільна ўдасканальваецца ў строгай адпаведнасці з законам кінамастацкай эвалюцыі. У выніку яе і нараджаецца кіно.

На здымках: этапы працэсу кінавытворчасці.

 Фота Юрыя ІВАНОВА (з архіву "К")  

 

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"