Тэатр пачынаецца з... майстэрні

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

Седзячы ў глядацкім крэсле і атрымліваючы асалоду ад відовішчнага спектакля альбо танцавальнага нумара, мы рэдка задумваемся аб тым, якіх намаганняў каштавала яго стварэнне. Работнікі УП “Тэатральныя майстэрні” глядзяць на сцэну зусім іншымі вачыма. У іх увогуле ёсць дадатковы стымул наведваць культурныя імпрэзы – каб убачыць плён сваіх высілкаў ужо ў дзеянні. І зразумець, што многія гадзіны і дні іх карпатлівай працы не былі марнымі, стаўшы важным узнёскам у паўстанне маштабнага мастацкага твора. Слухаючы аповед дырэктара “Тэатральных майстэрань” Святланы Таньковай пра амаль шасцідесяцігадовую іх гісторыю, разумееш, што з ёю звязана і гісторыя тэатральнага і музычнага жыцця Беларусі паваеннага часу. Толькі пералік творцаў, якія былі “кліентамі” “Майстэрань”, паўтарае спіс амаль усіх знакавых беларускіх артыстаў. Пясняр Уладзімір Мулявін, які прагнуў дасканаласці нават у дробязях, аддаваў перавагу менавіта “Майстэрням”, ніколі не сквапячыся на словы шчырай падзякі іх работнікам. Тут былі выраблены і ўсе касцюмы для фільма “Анастасія Слуцкая”. – Толькі для нашых оперы і балета мы “апранулі” каля двухсот спектакляў! – распавядае начальнік цэха “Майстэрань” Ларыса МЕЛЬНІК, якая працуе тут вось ужо 43 гады. – А –уявіце сабе – для такіх опер, як “Барыс Гадуноў” альбо “Хаваншчына”, трэба пашыць пад 500 касцюмаў!

 /i/content/pi/cult/115/329/Teatr1.jpg
І вышыванкі, і жупаны, і мундзіры...
 Сёння майстэрні— на час рамонту будынка Опернага — месцяцца ў невялічкім двухпавярховіку на вуліцы Кабушкіна. У швейным цэху “Майстэрань” — атмасфера прадчування… вялікага карнавалу. На сценах, манекенах і стэлажах — адзенне розных эпох і народаў: і вышыванкі паводле ўзораў з Пастаўшчыны, і шляхецкія жупаны, і гусарскія мундзіры, і нават чувашскія народныя строі. Кваліфікацыя ды ўседлівасць работнікаў “Майстэрань” дазваляе ім лёгка асільваць любыя замовы.

Зрэшты, не зусім лёгка. Кожны фрагмент строю вымагае не адной гадзіны карпатлівай працы. Навукова-тэхнічны прагрэс працу “Майстэрань”, бадай, не закрануў, бо тут кожны строй — эксклюзіўны, і яго выраб нярэдка можна назваць сапраўдным рукачынным чарадзействам. Узнаўляючы старадаўнія народныя строі, майстры стараюцца выконваць іх у тэхналогіі, блізкай да арыгінальнай. Вось і ў ткацкім цэху стаяць, бадай, такія самыя кросны, якімі карысталіся яшчэ ці не Багдановічаўскія ткачыхі. Праўда, сённяшняя ткачыха беларускія карункі тчэ свядома, а зусім не “забыўшыся”, хаця і “персідскія ўзоры” таксама можа.

Работнікі “Майстэрань” даведваюцца пра новыя спектаклі значна раней, чым іх назвы замільгаюць у афішах. І пабачыўшы ў руках Ларысы Мельнік эскізы касцюмаў да новага балета “Бахчысарайскі фантан”, я пацікавіўся ў начальніка цэха, як наогул ствараюцца новыя касцюмы.

 /i/content/pi/cult/115/329/Teatr2.jpg
— Пасля таго, як мастак “знайшоў” вобразы герояў спектакля, ён прыязджае сюды, і мы збіраем усіх нашых спецыялістаў. Падчас працы над “Бахчысарайскім фантанам” мы сядзелі 12 гадзін, дэталёва прадумваючы кожны са 177 патрэбных для балета касцюмаў. Далей належыць знайсці патрэбныя матэрыялы — што, зазначу, не заўсёды лёгка, бо сярод іх вельмі шмат рэдкіх і нават эксклюзіўных. Потым да працы прыступаюць нашы канструктары і закройшчыкі, і ўрэшце пачынаецца само стварэнне касцюмаў. Зазвычай гэта забірае 2-3 месяцы.

Такі тэрмін зусім не сведчыць пра “запаволенасць” працы, хутчэй, — пра яе складанасць. Мяркуйце самі: на выраб аднаго балетнага пачка спрактыкаванаму работніку патрэбна пяць васьмігадзінных працоўных дзён!

  

Абутак для канкрэтнай нагі

 

Калі касцюмы — гэта менавіта тое, па чым глядач “сустракае” артыстаў, то на сцэнічны абутак можна проста не звярнуць увагі. Хаця для харэаграфічнага мастацтва гэтая дэталь куды істотнейшая за эфектныя строі. Бо, перафразуючы вядомую прымаўку, танцора ногі кормяць.

— Менавіта таму да абутку прафесіяналы ставяцца надзвычай уважліва, а часам нават капрызліва, распавядае начальнік мужчынскага абутковага цэха Вольга Высакінская. — Наша прадукцыя не серыйная, мы шыем толькі ўручную. Наш абутак не супініраваны, ён увесь прашыты і мае гнуткасць, якая дазваляе артысту пры танцы цягнуць насок. Танцавальны абутак нацягваецца на нагу, як панчоха, і дакладна адпавядае ступні.

Не кажучы ўжо пра тое, што тут няма аніякай звыклай для ўсіх уніфікацыі паводле памераў. Кожнаму канкрэтнаму танцору адпавядае адмысловая драўляная калодка, на якой рэгулярна адбіваюцца ўсе “прафесійныя” дэфармацыі нагі артыста. Такія калодкі спадарожнічаюць кар’еры кожнай балерыны. Дарэчы, майстэрні— адзіная на Беларусі ўстанова, дзе вырабляюцца пуанты.

А выраб пуантаў — гэта вельмі тонкі і складаны тэхналагічны працэс ды спецыфічныя гіграскапічныя матэрыялы, некаторыя з якіх выпускаюцца адмыслова для “Тэатральных майстэрань”. Іх работнікі не шкадуюць высілкаў, разумеючы хаця б такую немалаважную акалічнасць, што балерыны праз усё сваё творчае жыццё захоўваюць вернасць тым пуантам, да якіх яны ад пачатку прызвычаены. І гэты спецыфічны мінскі абутак незамянімы не толькі з той прычыны, што ён значна таннейшы за імпартны.

Нялёгка задаволіць патрабаванні і артыстаў іншых жанраў і відаў, якія толькі на паверку здаюцца “менш шляхетнымі”. “Майстэрні” вырабляюць і вастрадзюбыя боты для клоунаў, і адмысловы абутак для стэпа ды разнастайных танцавальных трукаў, і пасталы для народнікаў...

Нядзіўна, што кожны спрактыкаваны майстар тут мае свае сакрэты,
 /i/content/pi/cult/115/329/Teatr3.jpg
дзяліцца якімі ён не стане з першым сустрэчным. “Бывала, што нават на хітрыкі давялося ісці, каб выпытаць у карыфеяў іх таямніцы, — прызналася Ларыса Мельнік.— Але нічога не зробіш. Досвед працы перадаецца толькі ад майстра да майстра іначай усе яе шматлікія нюансы не засвоіш. Такія майстры — сапраўдны скарб! І працуюць яны не толькі дзеля заробку. “

— Канкурэнцыі нашым вырабам у плане іх якасці на Беларусі, мусіць, няма,— без залішняй сціпласці адзначае начальнік абутковага цэху.

Зрэшты, Вольга Высакінская пераканана, што выраблены ў іх абутак прызначаны не толькі для карыфеяў танца:

— Прафесійна трэба ставіцца да ўсяго. Тым болей, калі справа тычыцца дзетак, якія толькі пачынаюць займацца харэаграфіяй. Для бацькоў, вядома, прасцей прыдбаць у краме простыя чэшкі, але калі дзяўчо дасягне ў гэтай справе плёну і “дарасце” да пуантаў, мы ўбачым сумны вынік такой эканоміі: разбітыя ступні. Таму прывучаць танцораў да балетак (дзе ёсць свае сакрэты), лічу, трэба ад самага пачатку — каб з малечы, якая робіць першыя па, некалі магла атрымацца народная артыстка.

Тым болей, і каштуюць яны не нашмат даражэй за тыя ж чэшкі. Абутак ні ў якім разе нельга недаацэньваць: пачаткоўцу ён дазваляе сфармаваць патрэбныя навыкі, а прафесіяналу дасягнуць яшчэ большага плёну.

 

Дзіцячая радасць масцітых артыстаў

 

Спытаўшы ў Святланы Таньковай, ці па кішэні ўбачанае мною хараство для народных калектываў з глыбінкі, пачуў станоўчы адказ. Цана на вырабы майстэрань зусім не прапарцыянальная іх якасці ды складанасці, не кажучы ўжо пра затрачаныя час і сілы. Больш за тое — кошт таго ці іншага строю тут вельмі гнуткі, і таму любы замоўца здолее абраць сабе адпаведны ўласным магчымасцям варыянт. Можа, не кожны аматарскі калектыў “адолее” такі шэдэўр, як канцэртны строй артыстаў Дзяржаўнага ансамбля танца РБ, для вырабу якога спатрэбіўся цэлы сплаў філігранных тэхнік, але… Здольнасць здзіўляць ужо адным сваім выглядам атрымаюць нават артысты, гатовыя выкласці за яго ўсяго пару-тройку соцень тысяч рублёў.

Хаця за таннасцю тут, вядома, ніхто не гоніцца. Гэта наогул зусім не самы істотны паказчык у такой далікатнай справе, як канцэртныя строі, бо ёсць мноства “падводных” фактараў, якія здаюцца дробнымі толькі на першы погляд. Прыкладам, здараліся выпадкі, калі салісты балета гублялі прытомнасць з той прычыны, што падкладка іх касцюмаў была сінтэтычнай.

— Калі патрэбна нейкая складаная праца, усе звяртаюцца толькі да нас, — кажа Святлана Віктараўна, — бо ведаюць, што мы з належнай увагай паставімся да кожнай дэталі, дбайна падбярэм матэрыялы і нідзе не схібім. Нашы ж майстры, зноў паўтару, умеюць літаральна ўсё. Прыкладам, зусім нядаўна мы асвоілі вытворчасць адзення для сцэны з адмысловай супрацьпажарнай прапіткай. Наколькі мне вядома, у Мінску яго больш ніхто не робіць.

Тэмай асобнага матэрыялу маглі б стаць уражанні Святланы Віктараўны пра стасункі “Майстэрні” са знакамітымі артыстамі— стасункі гэтыя надзвычай цёплыя і чулыя. Тут ніхто не папракне майстроў сцэны за іх капрызлівую патрабавальнасць, але затое іхняя радасць — часам проста дзіцячая — пасля прымеркі новых касцюмаў становіцца лепшай прэміяй для ўсяго калектыву. Як і эмоцыі гледачоў.

— Нядаўна мы “апранулі” духавы аркестр музычнай школы ў Лагойску, — радасна распавядае Святлана Віктараўна, — дык мне спецыяльна патэлефанавалі, кааб падзякаваць за свята, якое мы падарылі ўсяму гораду!

... Імёны майстроў, якія вырабляюць касцюмы для спектакля, не згадваюцца ў тэатральных афішах. І, можа быць, незаслужана. Бо іх карпатлівая праца, без сумневу, уваходзіць у тое фігуральнае паняцце “вешалкі”, з якой пачынаецца тэатр.

Ілля СВІРЫН
Фота аўтара