Міланскі праект для Гродна

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Ужо ў часы Сярэднявечча кожны новы агульнаеўрапейскі стыль, кожная эпоха арганічна адбіваліся на развіцці айчынных жывапісу, архітэктуры, музыкі. Аналізу гэтых тэндэнцый і была прысвечана Міжнародная навуковая канферэнцыя “Эпоха Адраджэння ў Беларусі”, што адбылася на мінулым тыдні ў Нацыянальнай бібліятэцы ў рамках акцыі “Італьянскае Адраджэнне ў Беларусі”, якая будзе доўжыцца да 14 лістапада.

 

/i/content/pi/cult/234/3283/14-1.jpgУ сваім выступленні Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Італіі ў Беларусі Джуліа Прыджоні падкрэсліў, што гуманітарным праектам італьянскі бок надае вялікую ўвагу. "Узаемадачыненні ў сферы культуры, - зазначыў італьянскі пасол, - як і ў сферы эканомікі- вельмі значныя. Кажучы пра эпоху Адраджэння, нельга абысці постаць Боны Сфорцы, якая з'яўлялася каралевай Рэчы Паспалітай і, адначасова, вялікай княгіняй Вялікага княства Літоўскага. Менавіта ёй, як і ўплыву італьянскага Адраджэння на культуру і мастацтва ВКЛ, прысвечаны гэты форум". У працы канферэнцыі, што доўжылася два дні, прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Эдмінас Багдонас і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў нашай краіне Генрык Літвін, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Наталля Аўдзеева, дырэктар НББ Раман Матульскі, а таксама вядучыя гісторыкі, мастацтвазнаўцы, літаратуразнаўцы, архітэктары, якія займаюцца вывучэннем эпохі Адраджэння і яе ўплыву на культуру Вялікага княства Літоўскага, даследуюць, якім чынам адбываліся ўзаемасувязі дзвюх культур.

/i/content/pi/cult/234/3283/14-2.jpgНашу краіну прадстаўлялітакія навукоўцы, як Уладзімір Конан, Тамара Габрусь, Уладзімір Кароткі, Настасся Скяп'ян, Сяргей Логіш, Мікалай Волкаў ды іншыя. Даследчыкі адзначалі, што ў найбольшай ступені рэнесансныя павевы адбіліся на беларускай архітэктуры і выяўленчым мастацтве. Доктар мастацтвазнаўства Тамара Габрусь, у прыватнасці, зазначыла, што ўсе плыні, адлюстраваныя ў дойлідстве Рыма, Венецыі, Вероны, Падуі, Равэны, Мілана, Неапаля і іншых гарадоў Італіі - антычныя, хрысціянскай архітэктуры, рэнесанснай і пострэнесанснай, эпохі барока, - суадносяцца з архітэктурай Беларусі, з яе культурай. Рэнесансны ўздым назіраўся на беларускіх землях у ХVІ стагоддзі, калі тут уладарыла каралева Бона, якая ведала творчасць Леанарда да Вінчы. З імем каралевы звязана і будаўніцтва Рагачоўскага замка. У італьянскім стылі пабудаваны Ляхавіцкі, Нясвіжскі замкі, камяніца Вітаўта ў Гродне.

 Вялікае княства Літоўскае другім у Еўропе пасля Італіі пачало ўзвядзенне барочных будынкаў. Першым такім збудаваннем стаўся касцёл у Нясвіжы, спраектаваны в я д о м ы м дойлідам Бернардоні. Нават праспект Незалежнасці ў Мінску, яго пасляваенная забудова, як адзначыла Тамара Габрусь, мае рысы італьянскага Адраджэння. Але адной з самых ранніх фартыфікацыйных пабудоў у падобным стылі ў ВКЛ быў Заслаўскі замак. Асобнае месца займае Пінск, дзе цягам доўгага часу жыла каралева Бона: яго старажытны цэнтр літаральна дыхае італьянскім Адраджэннем. Усе тыя этапы ў архітэктуры, што прайшла Італія, мінула і Вялікае княства Літоўскае. На пачатку ХVІ стагоддзя гэта была позняя готыка, потым фарміруецца мясцовы Рэнесанс, а пасля адбываецца пераход да барока.

/i/content/pi/cult/234/3283/14-3.jpg У італьянскім горадзе Бары (там пэўны час жыла Бона Сфорца) захаваліся архітэктурныя кампазіцыі, якія, паводле слоў Тамары Габрусь, пацвердзілі яе думку, што Бона Сфорца і Ізабэла Арагонская былі выхаваны на эстэтыцы Мілана, дзе працяглы час уладарыў род Сфорцаў. У Мілане шмат гадоў працаваў славуты Леанарда да Вінчы. Жывапісец у той час быў ваенным капеланам. Істотнае месца ў ягонай архітэктурнай спадчыне займае праектаванне фартыфікацыйных збудаванняў. Сярод італьянцаў было нямала людзей, захопленых творчасцю Леанарда, яго ідэямі, у тым ліку - і Бона Сфорца, якая прыехала разам са сваёй світай у Рэч Паспалітую. Не выпадкова італьянскія дойліды, якія прыбылі сюды, адбудоўвалі Вавельскі замак у Кракаве, а потым прымалі ўдзел ў будаўніцтве замка ў Вільні. Гродна ў 1541 годзе атрымала водаправод, былі забрукаваны яго вуліцы, гандлёвая плошча. Мінск пасля пажару 1547 года пачаў адбудоўвацца па плане, распрацаваным італьянскімі спецыялістамі.

/i/content/pi/cult/234/3283/14-4.jpg У цэнтры горада распачалі ўзводзіць мураваныя жылыя пабудовы, якія называлі камяніцамі. У гэты час з'явіўся тэрмін "палац" - ад італьянскага слова "палацца". Напрыканцы міжнароднай канферэнцыі ў НББ Пасол Італіі зазначыў, што яго краіна мае намер развіваць двухбаковыя стасункі на новым узроўні, надаць культурнаму, гуманітарнаму супрацоўніцтву новы імпульс. Ён нагадаў, што ідзе размова пра адкрыццё у Мінску Інстытута культуры Італіі, плануецца заключэнне пагадненняў з беларускім бокам аб супрацоўніцтве ў культурнай, адукацыйнай галінах, у справе наладжвання абменаў паміж універсітэтамі дзвюх дзяржаў.


 На здымках: "Аўтапартрэт" Леанарда да Вінчы; чарцёж шматкупальнага касцёла (праект Леанарда да Вінчы). Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы (акварэль канца ХІХ ст.); чарцяжы Джаванні Марыя Бернардоні.

Ілюстрацыі прадастаўлены Тамарай ГАБРУСЬ