“У нотах Мулявіна бачна яго кампазітарскае мысленне...”

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

І гэтым разам, завітаўшы ў рэдакцыю “Культуры”, Ігар ЛУЧАНОК спяшаўся: на рэпетыцыю канцэрта “Уладзімір Мулявін. Незабыўнае”, прызначанага ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі на 6 лістапада. Сярод твораў “Песняроў” прагучала нямала работ маэстра Лучанка, папулярнымі якія ў розныя гады зрабіў славуты ансамбль. І, мабыць, гаворка з Ігарам Міхайлавічам павінна была стаць мерным меладычным эцюдам “пра музыку, пра час і пра сябе”, калі б у ёй не ўзнікла адна тэма.

 

/i/content/pi/cult/234/3280/13-1.jpgНа мінулым тыдні беларускае прадстаўніцтва адной з расійскіх газет выдала пад гучнай рубрыкай "Скандал" матэрыял, дзе ў цэнтры апынулася, прынамсі, і асоба Уладзіміра Мулявіна. У інтэрв'ю, нібыта мімаходзь, суразмоўцам журналіста (адзначым, абодва непасрэдна звязаныя з музыкай, былі знаёмы з "песняром" асабіста) зазначалася: "Сам же Мулявин, смею предположить, не владел нотной грамотой в полной мере. Поэтому и партитур не существовало в природе". І ў доказ гэтага сведчання - выява радка-другога накіду мелодыі... Што ж, доказ, мабыць, аказаўся б для кагосьці пераканаўчым. Але... Ніхто, мусіць, не аспрэчыць такі факт: скажам, тое, што Мадзільяні рабіў накіды на сурвэтках, не перашкаджала ствараць яму кампазіцыйна бліскучыя палотны. Гэтак жа і чарнавыя пушкінскія радкіабрыўкі на асобных лістках або на палях рукапісаў перарасталі ў геніяльныя творы. А колькі адкрыццяў прыходзіла будучым нобелеўскім лаўрэатам, можна сказаць, у сне?.. І наспех запісаная ключавая частка рашэння потым пераварочвала свет! Не менш пераконвае і той архіў нотных запісаў, які давялося вывучыць пры падрыхтоўцы артыкула "І сёння я ўначы цябе ўспомніў..." (гл. "К" № 36 за 2009 г.), якраз і прысвечанага мулявінскім накідам і клавірам. У зборах дачкі музыканта Марыны іх захоўваецца не адзін дзесятак. Толькі сярод пераведзеных нашай рэдакцыяй у лічбавы фармат знайшлі чарнавыя, але грунтоўна распісаныя партытуры "Ручнікоў", "Завушніц", "Белая Русь ты мая", амаль невядомага твора (з часоў узыходжання "Песняроў" на музычны Алімп) "Ожидание"... А колькі засталося ў запісах Мулявіна "неоконченного"!.. Адсюль і паўстала натуральнае пытанне адносна валодання нотнай граматай не "ў поўнай меры". Словам, з гутаркі пра гэта і пачалася сустрэча з Ігарам Лучанком. Проста не магла не пачацца з яе. - Не, гэта няпраўда, што Мулявін, маўляў, не валодаў нотнай граматай. Магу засведчыць, што ён валодаў не толькі ёй, але і той самай гармоніяй, і іншымі ведамі па тэорыі музыкі. Я пакажу вам толькі адзін аркуш, што літаральна днямі знайшоў у сваім архіве. Тут ягонай рукой запісаны ноты. Ці не дастатковы доказ таго, што, у рэшце рэшт, даводзіцьі не варта? Калі гляджу, дык лішні раз пераконваюся: тут нават бачна яго кампазітарскае мысленне і няспынны пошук у працэсе стварэння. Як той лісток трапіў да мяне? Мусіць, з ягонай дачы, дзе ён таксама пісаў музыку на сваёй гітары і дзе я неаднойчы бываў...

 "Какая же ты, Венера..."

- Дарэчы, ведаеце, як я пазнаёміўся з Мулявіным? Так, прыйшоў у філармонію і здзівіўся: што гэта за "Лявоны" такія? А пасля прапанаваў яму песню, якая так, мусіць, і застанецца "ненароджанай". Словы да яе напісаў Міхаіл Ясень. Гэта ўжо пасля былі "Хатынь", "Спадчына", "Алеся", але на пачатку было вось што (пачынае спяваць): Какая же ты, Венера, Туманная и неясная! И верю я и не верю, Что ты такая прекрасная. Брожу под твоими окнами, Хожу весь день неприкаянный, Беседую я со звёздами И думаю всё, какая ты... Прызнацца, я яе па сёння не "штурхаю"... Мабыць, прагучаць ёй ужо не наканавана...

/i/content/pi/cult/234/3280/13-2.jpg "Зараджаныя" Палессем

 - Я да першай сустрэчы з Уладзімірам Мулявіным быў ужо "зараджаны" Палессем, бо давялося паўдзельнічаць у экспедыцыі туды разам з Лідзіяй Мухарынскай, Дзмітрыем Смольскім яшчэ ў пачатку 1960-х. Хоць часу мінула і нямала, але я бачу: рускі чалавек, спявае беларускія народныя песні, і, галоўнае, вочы ягоныя прагнуць адкрыцця. Вось і запаліў яго ідэяй: маўляў, гайда на Палессе, на Жыткавіччыну! Там я і прывучаў яго да нашай спаконвечнай народнай песні - аўтэнтычнага фальклору. Там, а не праз радыё, тэлебачанне ці нават хор Цітовіча... Мы ўтраіх (разам з намі быў яшчэ Анатоль Кашапараў) запісвалі народныя песні, дарэчы, без апаратуры, вандравалі. Гэта, лічу, была важная паездка для станаўлення Уладзіміра Мулявіна як музыканта і кіраўніка "Песняроў". Мусіць, вас зацікавіць, на чым мы паехалі? На маёй "Волзе", сам быў за кіроўцу! Між іншым, цяпер гэтая машына знаходзіцца ў "Дудутках", дзе захоўваецца як музейны экспанат.

Якім стане "Гусляр" ХХІ-га?

 - Ідучы на рэпетыцыю канцэрта памяці Мулявіна, зноў і зноў пракручваю ідэю аднаўлення рокоперы "Гусляр". Яна выдадзена не толькі на вініле і CD у нас, але і, да прыкладу, у Швейцарыі. Праз старонкі "Культуры" хачу прапанаваць аднавіць гэты твор. Скажам, паэт і спявак Андрэй Скарынкін вывучыў 16 куплетаў "Гусляра", іншыя можа выканаць якая-небудзь вакальная група. Гэта сапраўды сур'ёзны твор. І - даніна імёнам Янкі Купалы і Уладзіміра Мулявіна. Лічу, што варта адраджаць і іншыя сур'ёзныя творы "Песняроў", а не толькі папулярныя песні. Дарэчы, у гэтым годзе было са мной сапраўднае ўзрушэнне. Практычна не гучала ў радыёэфіры мая "Балада пра маці" на вершы Аркадзя Куляшова і ў выкананні "Песняроў". Нагадаю колькі радкоў з яе: З дарогі ўставала, як каменю маці казала: "Вады табе мала і матчыных слёз табе мала! Цяпер я крывёю сваёю цябе заклінаю: Ня стану зямлёю, а каменем стану сама я!" І вось у Пухавічах, дзе я быў на святкаваннях Дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, загадчык Цэнтра культуры - выпускніца Універсітэта культуры - зрабіла пастаноўку хвілін на дзесяць пад фанаграму з голасам Мулявіна, прыцягнуўшы да ўдзелу ў ёй вайскоўцаў. Я ледзь сам не заплакаў на ўласным сачыненні! Тады нават не паспеў падзякаваць рэжысёру, таму, карыстаючыся магчымасцю, раблю гэта праз старонкі "Культуры".

Апошняй была "Паляна"

- Апошняя песня, якую мы разам з "Песнярамі" запісалі пры ўдзеле Уладзіміра Мулявіна, была "Паляна". А ўжо ў новым стагоддзі з ансамблем пры яго жыцці супрацоўнічаў, напісаўшы песню "У тым сяле". Паверце, мы яшчэ больш зрабілі б з Мулявіным, але смерць абарвала яго жыццё... І яшчэ адзін факт: напрыканцы 1990-х у рэпертуар ягоны вярнулася "Хатынь". Якраз тады моцным было рэха югаслаўскіх падзей. Гэтая песня стала асабліва патрэбнай. Мулявін як мастак быў празорцам...

Вярнуўся "Спадчынай"

 - Мне прыгадваецца развітанне з ім у Маскве, дзе я прысутнічаў. Там, на пачатку цырымоніі, прагучала "Спадчына"... З ёй жа якраз, у ліку некаторых іншых песень, Мулявін зноў выйшаў на сцэну пасля расколу ў ансамблі. Чаму менавіта "Спадчына" загучала ў ягоным выкананні? Мусіць, менавіта тады для гэтай песні прыспеў час вярнуцца і прагучаць наноў. Таму што гэта - "Спадчына"! Разумееце? Я прыгадваю іншую гісторыю, звязаную з творам. Калі я напісаў "Спадчыну", у нашым доме жыў Іван Мележ. Дык вось, "Спадчына" на той час, разам з куляшоўскай "Алесяй", загучала па радыё, тэлебачанні. І вось неяк, сустрэўшыся ў пад'ездзе, ён сказаў мне: "Каб ты напісаў толькі адну "Спадчыну", ты б ужо ўвайшоў у гісторыю". Мы з Мулявіным, дарэчы, наведвалі яго - старшыню Фонду міру. Гэта сталася магчымым, бо для стужкі па рамане Івана Паўлавіча "Мінскі напрамак" я пісаў музыку. У гэтым фільме пачалося жыццё "Песні пра Мінск", выкананай пасля Мулявіным. А ў новым стагоддзі яна стала гукам штогадзіннага бою званоў Мінскай ратушы. Мележ не быў паэтам, таму вершы да яе напісаў Пімен Панчанка. Вось так, з гэтай песняй, і прадоўжыўся ланцужок: Купала - Мележ - Панчанка - Мулявін- Лучанок...

Нотныя аўтографы з архіва Марыны Мулявінай

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах