Цэнтр у Цэнтральнай

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Гісторыя Кобрынскай бібліятэкі бярэ адлік з восені 1939 года. Першым яе дырэктарам стаў краязнаўца і гісторык, ганаровы грамадзянін горада Аляксей Мартынаў... Славу бібліятэкі ствараюць людзі. Гэта, перш за ўсё, ветэраны: Любоў Фарнель, Марыя Краснова, Ларыса Цвяткова, Валянціна Ігнацюк, Тамара Сідзюк, Людміла Сысоева.

 

/i/content/pi/cult/234/3277/12-3.jpgУ 1995 годзе дырэктарам бібліятэкі стала Марыя Іванова. Цяпер установа складаецца з трох аддзелаў: абслугоўвання і інфармацыі чытачоў, бібліятэчнага маркетынгу, камплектавання і апрацоўкі літаратуры. Пры ёй дзейнічае гісторыка-краязнаўчы цэнтр, у якім сабраны этнаграфічныя, тапанімічныя матэрыялы. Не забыты і такія накірункі, як экалогія, прававыя пытанні, здаровы лад жыцця... Кобрынская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма ўключае ў сябе 48 бібліятэк, агульны іх фонд складае 500 тысяч асобнікаў, у тым ліку ў цэнтральнай бібліятэцы знаходзіцца 105 тысяч мультымедыйных і друкаваных выданняў. Створаны цэнтр прававой інфармацыі. Бібліятэка аказвае 20 відаў новых платных паслуг. Колькасць чытачоў за апошнія 10 гадоў павялічылася на 2 тысячы. Штодзённа бібліятэку наведваюць больш за 100 чалавек. На святкаванні 70-годдзя ўстановы самым актыўным чытачам былі ўручаны ганаровыя чытацкія білеты. Павіншаваць бібліятэкараў прыйшлі і чытачы-франтавікі, і работнікі Кобрынскага аддзела культуры на чале з Надзеяй Жук. Выказалі словы падзякі начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк, дырэктар абласной бібліятэкі Тамара Данілюк і загадчык аддзела бібліятэказнаўства абласной бібліятэкі Людміла Кароль. Яны ад імя ўсіх працаўнікоў культуры вобласці падарылі Кобрынскай бібліятэцы набор кніг на суму больш за мільён рублёў, а райвыканкам - яшчэ адзін камп'ютэр.

Наталля КАНДРАШУК Кобрын

 На здымку: бібліятэку віншуе "дырэктарскі корпус" аддзела культуры.