Як без камп’ютэра?

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

29 кастрычніка ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў прайшоў рэспубліканскі семінар “Новыя шляхі вырашэння праблем сельскай культуры: праграмны падыход”. У ім бралі ўдзел спецыялісты ўстаноў культуры па арганізацыі сацыякультурнай дзейнасці з аграгарадкоў Беларусі.

- Камп'ютэры сёння выключна неабходныя не толькі ў сельскіх бібліятэках, але і ў клубных установах, - запэўніваў прысутных начальнік аддзела інфарматыкі і сістэмнага аналізу Інстытута Уладзімір Бастракоў і, неаспрэчна, меў рацыю. Як паказалі сацыялагічныя даследаванні, людзі сярэдняга веку, што не авалодалі пакуль навыкамі абыходжання з камп'ютэрам, жадаюць кампенсаваць гэты недахоп менавіта ў сценах СДК. Чым не яшчэ адзін кірунак інавацыйнай дзейнасці, маштабнасцю і планавасцю якой могуць пахваліцца далёка не ў кожнай аграгарадоцкай установе культуры? Між тым, мультымедыйныя святочныя ці дзелавыя прэзентацыі павінны ўжо сёння стаць неад'емнай часткай творчай дзейнасці сельскіх дамоў культуры. І самі клубнікі, і кіраўніцтва рэгіёнаў наўпрост зацікаўлены ў больш актыўнай камп'ютэрызацыі СДК, бо за гэтым - будучыня. Словам, камп'ютэр сёння патрэбны не толькі дляскасавання папяровай справаздачнасці і папаўнення інтэграванага банка даных устаноў культуры, але і для больш эфектыўнай рэалізацыі мэтавых праграм сацыякультурнай дзейнасці.
Менавіта пра гэта казаў дэкан факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці БДУКіМ Мікалай Каралёў. Інавацыйныя формы культасветнай работы дыктуе само жыццё. Ужо цяпер намячаецца тэндэнцыя да таго, што некаторыя гараджане выбіраюць для сталага месца жыхарства прыгарад, вёску. Сельскія ўстановы культуры - усё больш запатрабаваныя. І тут без дакладнага, навукова абгрунтаванага праектавання культурнай дзейнасці, ад якой залежыць адпаведны вектар палітыкі рэгіёна, проста не абысціся. Для гэтага абавязкова выяўляюцца яго праблемная сітуацыя, сацыяльна-дэмаграфічныя групы як спажыўцы культуры, зыходзячы з гэтага вызначаюцца прыярытэтныя кірункі работы і матэрыяльныя затраты на культурнае абслугоўванне. Натуральна, у сённяшніх эканамічных умовах грошы выдаткоўваюцца толькі пад канкрэтны, яркі і нешараговы, сацыякультурны праект...

А.С.