Растварыцца ці застацца чалавекам? Выбар для Агеева

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Пра Вялікую Айчынную вайну сказана ў мастацтве вельмі і вельмі многа. Але і сёння тэма гэтая — не вычарпана, яна хвалюе творцаў і дае падставы для новых мастацкіх асэнсаванняў. Але не з пазіцый таго, як канкрэтна, у якіх бітвах, дзякуючы якой стратэгіі і тактыцы адбывалася перамога над фашызмам.

 

/i/content/pi/cult/234/3272/9-1.jpgВайна, што намагаецца дэфармаваць і разарваць душу чалавека, - вось тэма, якая апошнім часам стала для айчынных тэатральных рэжысёраў той прызмай, праз якую яны разглядаюць тыя падзеі. Сярод падобных пастановак апошняга часу можна згадаць "Мост" паводле В.Быкава на сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, "Бліндаж" А.Паповай у Рэспубліканскім тэатры юнага гледача... Гэты шэраг папоўніла і нядаўняя прэм'ера спектакля "...І Вера" паводле "Кар'ера" В.Быкава Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Неаднойчы беларускія рэжысёры звярталіся да прозы Васіля Быкава, шкадуючы, што ён не пісаў драматычных твораў. Бо тое напружанне, якім прасякнуты літаральна кожны яго радок, не пакідае абыякавым нікога. Ды нярэдка пры тэатральнай "трансфармацыі" прозы яно відавочна аслабляецца, спадае, калі тэатр, ідучы за сюжэтнай лініяй, пазбаўляецца адной з моцных быкаўскіх "дзейных асоб" - акаляючай атмасферы, што ствараецца за кошт магутных па сваёй сіле апісанняў прыроды. У выніку драматычнасць канкрэтнай сцэнічнай сітуацыі не заўсёды ўзнімаецца да філасофска-чалавечага драматызму.

Аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр спектакля Віктар Куржалаў, адчуваючы гэты "айсберг", будуе сцэнічную гісторыю, грунтуючыся не столькі на сюжэтным прынцыпе падачы, колькі на выяўленні жыццёвых пазіцый быкаўскіх персанажаў і тых "схем", што прапануюцца ў якасці выбару галоўнаму герою Агееву. Для маладога Дзмітрыя Дудкевіча гэта першы спектакль, дзе ён выступае ў галоўнай ролі, і акцёр з пастаўленай задачай спраўляецца. Хаця рэжысёр прапануе яму вельмі няпростую партытуру ролі: утрымліваць на сабе глядацкую ўвагу, доўгі час... імкнучыся заставацца нябачным, незаўважным, падсвядома хаваючыся то ў цень, то за пабудаваныя ім "канструкцыі" з лаў ды зэдлікаў.

/i/content/pi/cult/234/3272/9-2.jpg Але "згубіцца" не так і проста: сцэнічную прастору мастак-пастаноўшчык Святлана Архіпава арганізуе як вялізную варонку ад выбуху, у якой усе героі аказваюцца, бы ў адным вялікім слоіку, адкуль выслізнуць нельга, ды і схавацца незаўважным у кутку таксама не атрымліваецца. Кожны з нас ведае: беларусы ў час Вялікай Айчыннай страцілі кожнага трэцяга. Але мала хто задумваецца, што згінулі яны не толькі ў баях на франтах. Толькі ў апошнія часы тэатры пачалі больш глыбока і ўдумліва звяртацца да тэмы акупацыі, імкнучыся разабрацца ў тым, што ж перажывалі людзі, якія аказаліся "па той бок ад лініі фронту". І для Куржалава менавіта гэта становіцца дамінантай. Нездарма на інтэрнет-форумах многія маладыя гледачы казалі, што для іх Вялікая Айчынная паўстала ў пастаноўцы як... і вайна грамадзянская.

Я б удакладніла: вайна маральная, бо, па сутнасці, кожны з герояў спектакля мае права выбару, які ён і ажыццяўляе. Папоўская ўдава Бараноўская (Зоя Бурцава) хавае ў сваім доме параненых чырвонаармейцаў, якім не ўдалося вырвацца з акружэння, партработнік Волкаў (Аляксандр Палкін) арганізуе партызанскі атрад, а Драздзенка (Мікалай Раманоўскі) ды Кавешка (Васіль Галец) ідуць на службу да фашыстаў, бо толькі ў гэтым бачаць шлях да выратавання ўласнай скуры. Але любая безвыходная сітуацыя мае "святло ў канцы тунеля". Гэты тэзіс, прынцыпова важны для Быкава, першы раз у спектаклі пацвярджаецца ў сцэне, калі Вера (Ірына Лысенка), што адмовілася падпісваць паперу аб добраахвотным супрацоўніцтве з паліцыяй, расказвае пра гэта Агееву, які літаральна пару хвілін таму гэта зрабіў... Далей - больш: ланцужок кампрамісаў складваецца ў адзін велізарны снежны камяк. Ён коціцца з неймавернай хуткасцю, і ўжо нікому з герояў не пад сілу яго стрымаць. У фінале спектакля ўжо жорстка, без паўтонаў, галасамі Кавешкі і Бараноўскай агучваецца тая дылема, якая паўстала перад Агеевым, а ў ягонай асобе - перад кожным, хто трапіў у акупацыю: растварыцца і асімілявацца - ці застацца чалавекам? Рэжысёр не спяшаецца ні даць нам адказ на яго, ні нават "падвесці да правільнага разумення" - акурат тут заканчваецца спектакль і... пачынаецца жыццё, наш уласны выбар таго, якім чынам наша фантазія "дамалюе" фінал Агеева.

На здымках: сцэны са спектакля. Фота Яўгеніі АЛЕФІРЭНКА