Рэцэпт эмацыйнага рэзанансу

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

31 кастрычніка сваё 75-годдзе адзначыў народны артыст Беларусі Тадэвуш Кокштыс. …Маё першае знаёмства з гэтым акцёрам адбылося ў спектаклі “Сола для гадзінніка з боем” па п’есе Освальда Заградніка, дзе Тадэвуш Антонавіч іграў Райнера. Здавалася б, вядомы твор, да якога рэжысёры звяртаюцца тады, калі патрэбна “даць працу” старэйшаму пакаленню акцёраў, наўрад ці будзе здольны здзівіць спакушанага тэатральнага гледача. Але злавіла сябе на тым, што ні на хвіліну сцэнічнага часу мяне не адпускалі тыя героі, якія шчырасцю ўзаемаадносін і сваёй цеплынёй са сцэны “запалілі” і мяне. І найбольш уразіў менавіта Тадэвуш Кокштыс. Хаця да гэтага я бачыла яго кінаработы ў “Знаку бяды”, “Палескай хроніцы”, у тэатры нібыта наноў адкрыла гэтага акцёра.

 

/i/content/pi/cult/234/3271/9-3.jpgЗрэшты, маё асабістае адкрыццё адбылося, калі Тадэвуш Антонавіч Кокштыс ужо трывала ўвайшоў у шэрагі тых, каго крытыкі залічвалі да мэтраў айчыннай тэатральнай школы. І нездарма: выпускнік колішняга тэатральна-мастацкага інстытута, вучань "культавага" педагога Дзмітрыя Арлова, ён быў літаральна "выхаплены" кіраўніцтвам Коласаўскага тэатра на дыпломным спектаклі "На дне", разам з Генадзем Гарбукам і Яўгенам Шабаном. З таго часу - ужо больш за 50 гадоў - ён аддана і верна служыць сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ды сваім прыхільным гледачам. Тым, хто возьмецца акрэсліць творчы дыяпазон Тадэвуша Кокштыса, будзе нясоладка, бо ён - акцёр, якому падуладны ролі літаральна любога плана: Труфальдзіна ("Слуга двух гаспадароў" К.Гальдоні), Акім ("Улада цемры" Л.Талстога), Другі Шляхцюк ("Несцерка" В.Вольскага), Благае ("Доктар філасофіі" Б.Нушыча), Жабрак ("Сымон-музыка" Якуба Коласа), Расплюеў ("Вяселле Крачынскага" А.Сухава-Кабыліна), Шаргай, Гастрыт, Салянік ("Парог", "Вечар", "Радавыя" А.Дударава), Жамгуліс ("Клеменс" К.Саі), Блазен ("Кароль Лір" У.Шэкспіра), Качкароў ("Жаніцьба" М.Гогаля), Гаўк Шэндарф ("Рэцэпт Макропуласа" К.Чапека), Сганарэль ("Лекар мімаволі" Ж.Б. Мальера).

 Гэты спіс можна было б доўжыць і далей, ды толькі такім пералікам наўрад ці ўдасца перадаць усю глыбіню акцёрскага таленту Тадэвуша Антонавіча, ягонае ўменне "пранікаць у душы" і сваіх персанажаў, і, адначасова, - гледачоў. І для мяне ў любой сваёй ролі Кокштыс - акцёр, які ў першую чаргу вылучаецца далікатнасцю: у дачыненні да сваіх герояў, сцэнічных партнёраў і, у рэшце рэшт, да гледачоў. Ён - дасканалы акцёрскі "механізм" (калі толькі падобнае азначэнне можна прымяніць да творцы), здольны знаходзіць у характары кожнага персанажа тую струну, што, нібыта нязмушана, але немінуча, выклікае эмацыйны рэзананс у зале. Персанажы Тадэвуша Кокштыса ніколі не бываюць залішне "шумнымі", але акурат гэтая знешняя стрыманасць, далікатнасць, ненадрыўнасць сцэнічнага існавання робяць душэўны боль, пакуты і перажыванні, якія яны церпяць, удвая больш моцнымі і трапнымі. Але, побач з гэтым, многія з ягогерояў грэюць глядацкія сэрцы сваёй сцішанасцю і ўнутранай мудрасцю, што выпраменьваюць ягоныя глыбокія, добрыя і крыху хітраватыя вочы. Не зважаючы на свой узрост, акцёр актыўна заняты ў рэпертуары. З апошніх работ Тадэвуша Кокштыса, у якіх яго могуць пабачыць гледачы Коласаўскага тэатра, - Іосіф Трэці ў "Кракаўскім студэнце" Георгія Марчука, Ньютан у спектаклі "Прывітанне, Альберт!" Юрыя Сохара і Суэцін у "Апошніх сведках" паводле Святланы Алексіевіч. А ў хуткім часе акцёр парадуе гледачоў і новымі ролямі: акурат цяпер ён рэпеціруе Круціцкага ў спектаклі "На ўсякага мудраца даволі прастаты" А.Астроўскага і Бутона ў "Кабале святош" М.Булгакава.

На здымку: Тадэвуш Кокштыс у ролі Ньютана ў спектаклі "Прывітанне, Альберт!". Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА