Зрэшты, маё асабістае адкрыццё адбылося, калі Тадэвуш Антонавіч Кокштыс ужо трывала ўвайшоў у шэрагі тых, каго крытыкі залічвалі да мэтраў айчыннай тэатральнай школы. І нездарма: выпускнік колішняга тэатральна-мастацкага інстытута, вучань "культавага" педагога Дзмітрыя Арлова, ён быў літаральна "выхаплены" кіраўніцтвам Коласаўскага тэатра на дыпломным спектаклі "На дне", разам з Генадзем Гарбукам і Яўгенам Шабаном. З таго часу - ужо больш за 50 гадоў - ён аддана і верна служыць сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа ды сваім прыхільным гледачам. Тым, хто возьмецца акрэсліць творчы дыяпазон Тадэвуша Кокштыса, будзе нясоладка, бо ён - акцёр, якому падуладны ролі літаральна любога плана: Труфальдзіна ("Слуга двух гаспадароў" К.Гальдоні), Акім ("Улада цемры" Л.Талстога), Другі Шляхцюк ("Несцерка" В.Вольскага), Благае ("Доктар філасофіі" Б.Нушыча), Жабрак ("Сымон-музыка" Якуба Коласа), Расплюеў ("Вяселле Крачынскага" А.Сухава-Кабыліна), Шаргай, Гастрыт, Салянік ("Парог", "Вечар", "Радавыя" А.Дударава), Жамгуліс ("Клеменс" К.Саі), Блазен ("Кароль Лір" У.Шэкспіра), Качкароў ("Жаніцьба" М.Гогаля), Гаўк Шэндарф ("Рэцэпт Макропуласа" К.Чапека), Сганарэль ("Лекар мімаволі" Ж.Б. Мальера).
Гэты спіс можна было б доўжыць і далей, ды толькі такім пералікам наўрад ці ўдасца перадаць усю глыбіню акцёрскага таленту Тадэвуша Антонавіча, ягонае ўменне "пранікаць у душы" і сваіх персанажаў, і, адначасова, - гледачоў. І для мяне ў любой сваёй ролі Кокштыс - акцёр, які ў першую чаргу вылучаецца далікатнасцю: у дачыненні да сваіх герояў, сцэнічных партнёраў і, у рэшце рэшт, да гледачоў. Ён - дасканалы акцёрскі "механізм" (калі толькі падобнае азначэнне можна прымяніць да творцы), здольны знаходзіць у характары кожнага персанажа тую струну, што, нібыта нязмушана, але немінуча, выклікае эмацыйны рэзананс у зале. Персанажы Тадэвуша Кокштыса ніколі не бываюць залішне "шумнымі", але акурат гэтая знешняя стрыманасць, далікатнасць, ненадрыўнасць сцэнічнага існавання робяць душэўны боль, пакуты і перажыванні, якія яны церпяць, удвая больш моцнымі і трапнымі. Але, побач з гэтым, многія з ягогерояў грэюць глядацкія сэрцы сваёй сцішанасцю і ўнутранай мудрасцю, што выпраменьваюць ягоныя глыбокія, добрыя і крыху хітраватыя вочы. Не зважаючы на свой узрост, акцёр актыўна заняты ў рэпертуары. З апошніх работ Тадэвуша Кокштыса, у якіх яго могуць пабачыць гледачы Коласаўскага тэатра, - Іосіф Трэці ў "Кракаўскім студэнце" Георгія Марчука, Ньютан у спектаклі "Прывітанне, Альберт!" Юрыя Сохара і Суэцін у "Апошніх сведках" паводле Святланы Алексіевіч. А ў хуткім часе акцёр парадуе гледачоў і новымі ролямі: акурат цяпер ён рэпеціруе Круціцкага ў спектаклі "На ўсякага мудраца даволі прастаты" А.Астроўскага і Бутона ў "Кабале святош" М.Булгакава.
На здымку: Тадэвуш Кокштыс у ролі Ньютана ў спектаклі "Прывітанне, Альберт!". Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА