Азірнуцца на “Панараму”

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Апошнім кастрычніцкім днём завяршыўся “марафонскі” IV Міжнародны фестываль тэатральнага мастацтва “Панарама”, які доўжыўся ў беларускай сталіцы цягам амаль што месяца. За гэты час прыхільнікі сцэны змаглі паглядзець лепшыя спектаклі мінскіх тэатраў, а таксама пастаноўкі з Расіі, Італіі, Венесуэлы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Швейцарыі. Арганізатарамі “Панарамы”, па традыцыі, сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.

 

/i/content/pi/cult/234/3270/8-1.jpgШто і казаць, беларускі глядач не звыклы да падобных тэатральных марафонаў, і многія з уражанняў першых дзён патанулі пад хвалямі эмоцый дзён наступных - балазе спектакляў, якія сталіся сапраўднымі мастацкімі адкрыццямі, было ў праграме фестывалю нямала. Ды і сам сёлетні фестываль можна было б назваць своеасаблівым майстар-класам па сучаснай рэжысуры. Такія імёны, як Пітэр Брук, Алвіс Херманіс, Оскарас Каршуновас, Леў Эрынбург, Джорджа Стрэлер, - па сутнасці, могуць даць уяўленне пра той спектр пошукаў рэжысуры, які пануе ў сучасным тэатральным мастацтве. Гэта асабліва каштоўна, бо "Панарама" на працягу ўсяго свайго існавання была заложніцай таго, што кожны раз за яе арганізацыю браліся новыя людзі, такім чынам, казаць пра пэўную "работу над памылкамі", якая традыцыйна праводзіцца, цяпер не выпадала.

Аднак тых аб'ектыўных прэтэнзій, што "псавалі кроў" пад час фестывалю два гады таму, сёлета арганізатарам удалося пазбегнуць: на "Панараме" панавала нязмушаная, дэмакратычная атмасфера, і на прагляды спектакляў маглі трапіць усе ахвотныя. Іншая справа, што з ліку людзей тэатральных у зале мільгалі збольшага адны і тыя ж зацікаўленыя асобы-практыкі, якія прагна і ўдзячна "паглыналі" ўсё, што дэманстравалася ў рамках фестывальнай праграмы. Зрэшты, памятаючы, што фестывалі ладзяцца не толькі і не столькі для вузкай тэатральнай "тусоўкі", а, у першую чаргу, для гледачоў, варта зазначыць, што фестываль выклікаў немалы рэзананс у колах аматараў гэтага віду мастацтва. Гэта засведчыла жаданне сталічных аматараў тэатра актыўна спажываць не толькі айчынны "прадукт", але і мець магчымасць параўнаць яго з іншым.

Яны дазволілі паглядзець на тое, як некаторыя ідэі, што "лунаюць" у галовах айчынных рэжысёраў, замежныя іх калегі з поспехам увасобілі ў спектаклях, практычна кожны з якіх ужо зазнаў поспех на шэрагу прэстыжных міжнародных фестываляў. Вільнюскі гарадскі тэатр прадставіў спектакль "Сон у летнюю ноч" В.Шэкспіра, які цалкам апраўдаў спадзяванні ўдзячных гледачоў, што куплялі квіткі адмыслова "на Каршуноваса". Гэты рэжысёр, які на мінулых "Панарамах" паўстаў у сваіх работах над "Рамэа і Джульетай" В.Шэкспіра ды "Майстрам і Маргарытай" М.Булгакава, і сёлета прадоўжыў традыцыю рэжысёрскай гульні з аўтарскім тэкстам і вобразамі, калі акцёры на сцэне не столькі "ўжываюцца ў скуру" сваіх герояў, колькі "гуляюць" у іх і ў прадстаўленне па зададзеным сцэнарыі. Літоўскія акцёры робяць гэта так віртуозна, што ў зале ствараецца ўражанне, нібыта для іхгэта - натуральнае і арганічнае сцэнічнае існаванне. Сцэнаграфічны вобраз спектакля выбудоўваецца, традыцыйна для Каршуноваса, з дапамогай аднаго "элемента", які з'яўляецца структураўтваральным для ўсёй сцэнічнай дзеі.

У "Рамэа і Джульеце" гэта было цеста, у "Майстры і Маргарыце" - чорныя крэслы, што час ад часу нібыта ўтваралі спірытычнае кола. У "Сне ў летнюю ноч" гэтую ролю выконвалі... дошкі, якія, пастаянна "жывучы" і трансфармуючыся ў руках акцёраў у самыя розныя рэчы і элементы інтэр'ера і экстэр'ера, стваралі амаль шэкспіраўскае ўражанне таго, што ў гэтым свеце жывое літаральна ўсё, нават гэтыя кавалкі дрэва, абабітыя з аднаго боку тканінай. Нельга не адзначыць у праграме сёлетняй "Панарамы" і заўважнага "піцерскага следу". І гэта не толькі "Запісныя кніжкі Трыгорына" Т.Уільямса тэатра "Камедыянты" і "Гульцы" М.Гогаля Тэатра камедыі імя М.Акімава, паказаныя ў рамках Дзён культуры СанктПецярбурга ў Мінску, але і, можа, нават у большай ступені, - "Навальніца" А.Астроўскага Драматычнага тэатра імя А.Пушкіна з Магнітагорска, пастаноўшчыкам якой з'яўляецца нашумелы рэжысёр з "паўночнай сталіцы Расіі" Леў Эрынбург. У "Навальніцы", як, зрэшты, і ў іншых сваіх спектаклях, якія беларускія тэатралы мелі магчымасць бачыць у рамках брэсцкай "Белай вежы", Эрынбург прадэманстраваў адрозны ад каршуновасаўскага, больш жорсткі і "шчыльны", падыход да аўтарскага тэксту, так што яго сцэнічная дзея нагадвала не эфірнае стварэнне, а насычаны, "мясісты", кавалак жыцця, у якім многае, калі не ўсё, аказвалася тэатральным акурат за кошт сваёй "нетэатральнасці", неадпаведнасці традыцыйна засвоеным намі штампам і прыёмам сцэнічнай падачы. Гэта пачалося з першай сцэны, калі рэжысёр перамяшчае ўсё дзеянне ў лазню, і працягнулася ажно да самога фіналу, дзе, у адрозненне ад хрэстаматыйнай версіі, Кацярына гіне цалкам выпадкова: проста паслізнуўшыся на мастку.

Адрознай рысай почырку Льва Эрынбурга з'яўляецца тое, што ён, па сутнасці, выбудоўвае на сцэне не столькі аўтарскі свет, колькі сваю версію, уласнае адчуванне гісторыі, апісанай драматургам. І "Навальніца" таксама не стала выключэннем, у тым сэнсе,што і тут у драматургічныя "карункі" Астроўскага ўрываліся горкаўскія інтанацыі: у першую чаргу, праз вобраз маці - валявой захавальніцы хатняга ачагу, якая клапоціцца пра працяг роду, і - "дапісаны" адмыслова для Кабаніхі маналогразмову з Богам. ...Падводзячы вынікі сёлетняй "Панарамы", хочацца яшчэ раз падкрэсліць яе галоўную асаблівасць, у параўнанні з мінулымі разамі: удумлівы падыход да фарміравання фестывальнай афішы, калі спектаклі з'яўляюцца ў ёй не па прынцыпе "дружбы народаў" з мэтай пашырэння геаграфіі краін-удзельніц, а з улікам таго, што кожны з іх мусіць быць цікавай тэатральнай падзеяй. У рэшце рэшт, гэткі падыход натуральным чынам прывёў да таго, што і сама "Панарама" сёлета паказала сябе як тэатральны форум, які нарэшце ўстаў на ногі і аказаўся гатовым да таго, каб і надалей крочыць па тэатральнай прасторы нашай краіны.

 Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА