Прыгоды італьянцаў у Беларусі

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Фінальным акордам “Панарамы” стаўся “Арлекін — слуга двух гаспадароў” К.Гальдоні Пікала-Тэатра з Мілана. Традыцыі камедыі дэль артэ, адроджаныя ў пасляваенны час легендарным італьянскім рэжысёрам Джорджа Стрэлерам, паўсталі найсучаснай сінтэтычнай з’явай, дзе паяднаны віртуозная акцёрская ігра, жывая музыка, пластыка, спевы (папраўдзе італьянскае бельканта!), нават акрабатычныя элементы і, галоўнае, атмасфера гульні: паміж сабой і з гледачамі.

/i/content/pi/cult/234/3269/8-3.jpgПастаноўка любоўна захоўваецца ў рэпертуары з самога адкрыцця тэатра ў 1947 годзе. Але ў спектаклі няма ні паддашнага пылу, ні, тым больш, нафталіну - ад яго патыхае маладосцю, свежасцю, незаштампаванасцю, нерастрачанасцю сіл і эмоцый, быццам глядзіш добра адрэпеціраваную прэм'еру. Акцёры, талеркі з ежай, гукі труб, трамбона, флейты, акустычнай гітары ("забойны" інструментальны склад) літаральна лёталі па сцэне, сплятаючы мудрагеліста "поліфанічныя" ансамблевыя сцэны з сольнымі "кадэнцыямі", што часам імітавалі акцёрскую імправізацыю. І ўсё гэта - пры мінімуме сцэнаграфіі (тры заслонкі, што замяняюць заднік) і максімуме акцёрскай узаемападтрымкі, што было ўласціва старадаўнім перасоўным трупам.
Невыпадкова "Арлекін..." можна разглядаць не толькі як фестывальны клічнік, але і як своеасаблівы вынік, "збіранне тэм" у фінале буйной сімфанічнай партытуры: у ім спляліся такія знакавыя для "Панарамы" і ўсяго сучаснага тэатра тэндэнцыі, як нацыянальная адметнасць, гульня (ва ўсіх сэнсах гэтага слова - акурат да філасофіі), сінтэзаванае дзеянне з элементамі інтэрактыву, нарэшце, "панарамнасць" як максімальна шырокі ахоп і спалучэнне жанраў, тэхнік, мастацкіх фарбаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"