SOUND-бачанне

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Калі праект “On-line” за час існавання “Панарамы” стаўся ягонай “фішкай” і трывала прапісаўся ў фестывальнай афішы, то Тэатральны sound, які ўпершыню з’явіўся поруч з ім, уяўляў з сябе terra incognitа: многія з інтарэсам чакалі, што ж “выдадуць” акцёры. Арганізатары фестывалю абяцалі, што гэта будзе адмысловае відовішча, не падобнае на колішнія канцэрты з серыі “спяваюць драматычныя артысты”, і акурат гэтак атрымалася.


/i/content/pi/cult/234/3268/8-2.jpg

 

 

/i/content/pi/cult/234/3268/8-4.jpgАгульную сцэнічную дзею, што паўстала перад намі пад назвай Тэатральны sound, можна вызначыць як- акцёрская ініцыятыва. Аднак не ў тым сэнсе, што артыстам захацелася сабрацца разам і паспяваць, - для іх гэта цалкам натуральная частка творчага жыцця, якая развіваецца па сваіх, ужо нетэатральных, законах. Пры гэтым інтарэс да музыкі ўзнік зусім не з-за незапатрабаванасці і жадання такім чынам "кампенсаваць" уласныя сцэнічныя амбіцыі: большасць з удзельнікаў праекта - Ганна Хітрык, Міхаіл Зуй, Дзмітрый Есяневіч, Святлана Бень, Настасся Шпакоўская, Андрэй Бібікаў, Сяргей Рудзеня - ужо заявілі пра сябе шэрагам яркіх роляў у спектаклях мінскіх тэатраў.

Па сутнасці, перад намі - нагода для таго, каб паразважаць, што ж займае гэтых маладых творцаў у вольны ад "асноўнай работы" час, што асабіста для іх выглядае аптымальнай формай выражэння ўласных эмоцый і мастацкіх ідэй. Першую дзею гэтага відовішча склалі выступленні такіх калектываў, як "StepHall", "9-ы міліметр", "Маланка Orchestra" і "Naka", кожны з якіх прадэманстраваў свой накірунак творчых пошукаў у музычнай сферы. У другім жа аддзяленні на Купалаўскую сцэну выйшла "цяжкая артылерыя" - "Сярэбранае вяселле" і "Дзецідзяцей", якія папраўдзе маюць ужо свае "фанклубы" і сваю аўдыторыю. Зрэшты, не засталася абыякавай да гэтай дзеі і выключна тэатральная аўдыторыя, што адкрыла для сябе знаёмых акцёраў і рэжысёраў у новай іпастасі. У прыватнасці, яшчэ некалькі дзён пасля ў кулуарах "Панарамы" не сціхалі захопленыя водгукі аб выступленні "Сярэбранага вяселля" і абаяльнай Бенькі - балазе яны прадэманстравалі сапраўдны ўзор таго, як можна спалучыць разам тэатральнасць сцэнічнага існавання і музычнуюстыхію.

 

На здымку: выступае гурт "Сярэбранае вяселле".