Дэтэктыў і “дзядуля Бах”

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Сталічная філармонія адкрыла новы цыкл “Гукі роднага краю”, прысвечаны беларускай музыцы для фартэпіяна, домры, струнна-смычковых інструментаў і цымбалаў. Прынцып “кожнаму канцэрту — сваё тэмбравае аблічча” быў удала дапоўнены акцыяй “Трубы бліскучы гук…” у Акадэміі музыкі, дзе таксама былі сабраны выключна айчынныя творы.

 

Аўтарам першага праекта выступіла кампазітар Аліна Безенсон. Арганізатарамі другога - кафедры медных духавых (М.Волкаў) і аркестроўкі (В.Кузняцоў). Статыстыка двух канцэртаў - каля 30-ці кампазітарскіх і безліч выканальніцкіх індывідуальнасцей. Што ж да слухачоў... "Гукі раяля" доўжыліся без малога тры гадзіны, затое трубы гучалі хвілін 70, і пасля выступлення было дастаткова часу, каб абмяняцца думкамі. Тым больш, што на гэты канцэрт прыехаў паўнюткі аўтобус навучэнцаў Брэсцкага музычнага каледжа і студэнтаў філіяла БДАМ на чале з выкладчыкам класа трубы А.Драздом - колішнім выпускніком прафесара М.Волкава. Дый гучала не толькі прызнаная нацыянальнаякласіка, часта прачытаная па-новаму, але і прэм'еры. У большасці - замоўленыя самімі выканаўцамі. Сярод "самага-самага" - найскладаны Канцэрт № 2 для трубы А.Дамарацкага, ператвораны А.Хлябовічам у лірыка-трагедыйны "дэтэктыў" з мноствам нечаканых паваротаў; яркарамантычнае "Мора" У.Каральчука; Саната В.Войціка "Так гаварыў "дзядуля" Бах", літаральна сатканая з нітачак-мініцытат, што вядуць у "паслябахаўскія" часы, ажно да сучаснай эстрады; сюіта "Жавароначкі" С.Янковіча, дзе кампазітар крэатыўна выкарыстаў не толькі вядомыя народныя тэмы, але і матэрыялы, запісаныя самастойна пад час сваіх даўнейшых фальклорных студэнцкіх экспедыцый.

 Як заўсёды, новыя творчыя гарызонты адкрыў В.Кузняцоў: для труб - гетэрафонныя эскізы "3*3", для раяля - поліфанічна-джазавая "Музыка для Юлі" (Прэлюдыя і фуга на тэму К.Бэйсі). Прызнаны майстар паэтычных (а часам - і гарэзлівых) духавых твораў Г.Гарэлава гэтым разам "намалявала" адрэналінавае "Графіці" - на чорна-белых клавішах. З-пад пяра Д.Лыбіна "зляцелі" на раяль востра-імпрэсіянісцкія "Птушкі ў тумане". Аўтарскае бачанне Кітая прапанаваў С.Бельцюкоў у частках з Фартэпіяннай сюіты. Яго сын Мікіта, стварыўшы свой "Дух часу", з'яднаў Рахманінава з рокам. А колькі было адораных выканаўцаў - пачынаючы ажно з першакласнікаў! Філарманічны цыкл прадоўжыцца ў снежні, лютым, маі. А творы для трубы, трэба спадзявацца, дойдуць да меламанаў і ў нотным зборніку, і на СD. Па меншай меры, менавіта гэта марай завяршыўся спантанны "круглы стол" у фае Акадэміі.    

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"