“Каласавіны”: чвэрць стагоддзя

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Шэраг разнастайных мерапрыемстваў, разлічаных як на дзяцей і моладзь, так і на сталых аматараў беларускага мастацкага слова, адбыўся на гэтым тыдні ў межах XXV літаратурнага свята “Каласавіны”, якое, па традыцыі, было прымеркавана да дня нараджэння Якуба Коласа і прайшло на базе Дзяржаўнага літаратурнамемарыяльнага музея Песняра.

Напярэдадні дня нараджэння беларускага класіка адбыўся літаратурны вечар, прысвечаны прэзентацыі новых кніг са Збору твораў пісьменніка. Сваімі меркаваннямі наконт унікальнага выдання падзяліліся ўкладальнікі Збору твораў, сярод якіх - член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі, загадчык аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі Тэрэза Голуб, а таксама малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч.
У межах свята прыгадалі юбілей пісьменніка і літаратурнага крытыка Максіма Лужаніна, да 100-годдзя з дня нараджэння якога адкрылася выстаўка з фондаў музея "Мой дарагі друг, сакратар і памочнік". Своеасаблівай кульмінацыяй "Каласавін" стала навукова-практычная канферэнцыя, галоўнай тэмай якой была роля асобы Якуба Коласа і яго сучаснікаў у вывучэнні беларускіх і іншых літаратурных ды культурных сувязей. Сярод даследчыкаў, што прынялі ўдзел у форуме, - літаратуразнаўцы, мовазнаўцы, культуролагі.