Напярэдадні дня нараджэння беларускага класіка адбыўся літаратурны вечар, прысвечаны прэзентацыі новых кніг са Збору твораў пісьменніка. Сваімі меркаваннямі наконт унікальнага выдання падзяліліся ўкладальнікі Збору твораў, сярод якіх - член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Міхась Мушынскі, загадчык аддзела выданняў і тэксталогіі Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі Тэрэза Голуб, а таксама малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч.
У межах свята прыгадалі юбілей пісьменніка і літаратурнага крытыка Максіма Лужаніна, да 100-годдзя з дня нараджэння якога адкрылася выстаўка з фондаў музея "Мой дарагі друг, сакратар і памочнік". Своеасаблівай кульмінацыяй "Каласавін" стала навукова-практычная канферэнцыя, галоўнай тэмай якой была роля асобы Якуба Коласа і яго сучаснікаў у вывучэнні беларускіх і іншых літаратурных ды культурных сувязей. Сярод даследчыкаў, што прынялі ўдзел у форуме, - літаратуразнаўцы, мовазнаўцы, культуролагі.