Стартуе першы адборачны

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

З гэтага нумару на старонках “Культуры” пачынае працаваць прэс-цэнтр Рэспубліканскага конкурса “Зорка ўзышла над Беларуссю”, які будзе прадстаўляць найбольш поўную інфармацыю аб падзеях гэтага творчага спаборніцтва.

 

/i/content/pi/cult/234/3252/3-1.jpgЯк "К" паведамляла ўжо, у раёнах Беларусі гэтымі днямі стартуе яго першы адборачны тур, які будзе доўжыцца да канца года. Патэнцыйным удзельнікам творчых спаборніцтваў, навучэнцам, студэнтам, выкладчыкам, проста таленавітым маладым людзям ва ўзросце да 16 да 31 года нагадваем, што пераможцы будуць вызначаны па 12 наступных намінацыях: "Эстрадныя спевы", "Народныя спевы", "Аўтарская песня", "Размоўны жанр", "Сучасны танец", "Жывапіс і графіка", "Скульптура", "Дызайн", "Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва", "Фатаграфія", "Сацыяльная рэклама", "Рэжысура масавых святаў, тэатралізаваных прадстаўленняў і шоу-праграм". Першы этап конкурсу стартуе, і вось што нам паведамляюць з рэгіёнаў...

Брэстчына

Па словах першага намесніка начальніка ўпраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Тамары Паўлюковіч, арганізацыйны камітэт па правядзенні конкурсу маладых талентаў на Брэстчыне ўзначаліў намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык, а кантроль за рэкламным забеспячэннем акцыі ўзяў на сябе аддзел ідэалагічнай работы. Менавіта рэклама і забяспечыць найбольш поўны ўдзел у конкурсе таленавітай моладзі рэгіёна, упэўнены начальнік аддзела культуры Іванаўскага райвыканкама Уладзімір Шэляговіч. Таму раённыя СМІ забяспечваюць гэтымі днямі інфармацыйную падтрымку першаму адборачнаму этапу. А ўдзел у конкурсе бяруць не толькі самадзейныя артысты клубных калектываў, навучэнцы музычных школ і школ мастацтваў, але і ўсе ахвотныя. 17 лістапада ў раёне будзе працаваць кансультацыйны цэнтр: удзельнікі конкурсу атрымаюць дапамогу ў стварэнні фанаграм, займеюць магчымасць атрымаць адказ на любое пытанне, звязанае з умовамі конкурснага адбору.

 Віцебшчына

 А вось у Дуброўне першы адборачны тур прайшоў 28 кастрычніка. Як распавядае начальнік аддзела культуры Дубровенскага райвыканкама Кацярына Лабука, заявак на ўдзел было пададзена больш за тры дзесяткі. Адборачны тур, што ладзіўся ў РДК, ператварыўся ў канцэрт-шоу. У выніку было вызначана 8 лепшых творцаў. Як кажа начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі, у абласны аргкамітэт увайшлі прадстаўнікі ўлады рэгіёна, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, абласных арганізацый грамадскіх аб'яднанняў "БРСМ" і "Беларускі саюз мастакоў", упраўленняў культуры і адукацыі. Дзейнічае прэс-цэнтр конкурсу, створаны на базе ідэалагічнага ўпраўлення аблвыканкама.

Гомельшчына

Абласным аргкамітэтам кіруе начальнік упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў. У кожным з 21 рэгіёна Гомельшчыны дзейнічаюць раённыя арганізацыйныя камітэты. Начальнік аддзела культуры Рагачоўскага райвыканкама Міхаіл Зайцаў паведамляе, што ў складзе раённага арганізацыйнага камітэта па правядзенні першага конкурснага этапа ўвайшлі прадстаўнікі ўлад, ідэолагі, спецыялісты па рабоце з моладдзю, работнікі культуры, адукацыі, рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

Гродзеншчына

 Кіраўнік абласнога аргкамітэта- намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Ігар Жук. Інфармацыйную падтрымку конкурсу ў вобласці забяспечвае тэлерадыёкампанія "Гродна". Адбор маладых талентаў на першым конкурсным этапе, як паведамляе намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Маціевіч, будзе ладзіцца занальна. Да прыкладу, у Смаргоні неўзабаве збяруцца канкурсанты з Ашмянскага і Астравецкага раёнаў. Першы этап будзе доўжыцца да 7 снежня. Другі пройдзе 25 - 26 лютага 2010 года ў абласным драмтэатры і Гродзенскім каледжы мастацтваў.

 Магілёўшчына

 Пры Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы, як паведамляе дырэктар гэтай установы Алег Хмялькоў, дзейнічае абласны прэсцэнтр рэспубліканскага конкурсу. Размеркаваны арганізацыйныя абавязкі паміж супрацоўнікамі Палаца культуры вобласці і прадзюсерскага цэнтра, што дзейнічае пры абласной філармоніі. На сайтах райвыканкамаў аддзелы культуры размясцілі ўсю інфармацыю, звязаную з правядзеннем конкурсу.

 Міншчына

Прэс-цэнтр, як распавядае намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Святлана Баранок, створаны і дзейнічае пры Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці. Па словах загадчыка сектара навучальных устаноў і кадраў упраўлення культуры аблвыканкама Яўгена Асташова, першыя мерапрыемствы па адборы адбудуцца 20 лістапада ў Вілейскім раёне. Першы адборачны этап конкурсу маладых талентаў пройдзе да 10 снежня. Да 15 снежня ў Мінскі АЦНТ паступяць заяўкі на ўдзел у другім конкурсным этапе.