Манеты маюць форму круга, з пярэдняга і адваротнага бакоў - выступаючы кант па акружнасці. Бакавая паверхня манет - рыфлёная. На пярэднім баку манет размешчаны: у цэнтры - рэльефная выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і надпісы: у верхняй частцы - "Рэспубліка Беларусь", у ніжняй - намінал манеты; па крузе - стылізаваны вянок з лісця і кветак валошкі і канюшыны, які ўяўляе суквецце рамёстваў, цесна сплеценых паміж сабой у бясконцасць кола (сімвал даўгавечнасці, шчасця); злева - год чаканкі; справа на сярэбранай манеце - проба сплаву. На адваротным баку манет размешчаны: у цэнтры - выява саламянага коніка на фоне дэкаратыўнага стылізаванага беларускага пейзажу, выкананага ў тэхніцы саламянай аплікацыі; уверсе па крузе - надпіс: "Саломапляценне". Манеты адчаканены на ЗАТ "Літоўскі манетны двор": сярэбраная - якасцю "пруф", медна-нікелевая- "пруф-лайк". Тыраж сярэбранай і медна-нікелевай манет - па 5000 штук.
Паводле паведамлення ўпраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь