Сустрэліся славяне

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

Спектакль “Прытворны хворы” па п’есе Ж.-Б. Мальера прадставіў днямі Гомельскі абласны тэатр драмы на юбілейным, XX Міжнародным фестывалі “Славянскія тэатральныя сустрэчы”, які адбыўся ў Чарнігаве. Разам з гамяльчанамі свае пастаноўкі пакажуць тут тэатральныя калектывы з Бранска, Кіева, Луцка, Севастопаля, Масквы і горада, які прымае гасцей.

Штогод лепшыя класічныя творы тэатральнага мастацтва, а таксама сучасныя спектаклі можна наведаць у межах фестывалю ў Бранску і Чарнігаве. А Гомельшчына прымае гасцей раз на тры гады: наступнае свята тут пройдзе ў 2011 годзе. Як паведамілі ў тэатры, амаль уся трупа на чале з дырэктарам Валянцінай Маісеенка прымае ўдзел у сёлетніх мерапрыемствах. Традыцыйна сустракаюцца Чарнігаўскі абласны акадэмічны ўкраінскі музычна-драматычны тэатр імя Т.Шаўчэнкі, які цяпер прымае асноўныя фестывальныя пастаноўкі, нашы землякі, Бранскі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга тэатр драмы імя А.Талстога і ТЮГ з гэтага ж горада.

Пасля вяртання са "Славянскіх тэатральных сустрэч" Гомельскі тэатр чакаюць рэпетыцыі перад прэм'ерай 12 лістапада спектакля "Хросная маці" паводле п'есы "Васа Жалязнова" М.Горкага. Рэжысёрам яго з'яўляецца народны артыст Рэспублікі Беларусь Валерый Раеўскі, а мастаком-пастаноўшчыкам - народны мастак краіны Барыс Герлаван. Прыкладна праз месяц чакаецца прэм'ера "Дэкамерона" Дж.Бакачча ў рэжысёрскай пастаноўцы народнага артыста Расіі Валянціна Варэцкага.