Да авангарда!

№ 45 (914) 07.11.2009 - 07.11.2009 г

18 — 21 лістапада ў Віцебску пройдзе ХХІІ IFMC — Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі. Акрамя беларусаў, у ім возьмуць удзел прадстаўнікі Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі (у тым ліку з Екацерынбурга, Масквы, Пярмі), Украіны, Эстоніі.

Паводле традыцыі, фестывальная праграма ахопіць не толькі выступленні і спектаклі гасцявых калектываў. Мэта фестывалю - развіваць і папулярызаваць нацыянальнае харэаграфічнае мастацтва, прычым не выкананне балетнай класікі ці фольку, чым Беларусь даўно ўжо праславілася ва ўсім свеце, а наш айчынны мадэрн. Таму ў цэнтры фестывальнай інтрыгі, як заўсёды, апынецца конкурс сучаснай харэаграфіі, у якім возьмуць удзел творчыя групы з Віцебска, Гродна, Мінска і Магілёва.
Сёлета абавязковай умовай для ўключэння кампазіцыі ў конкурс стала беларускае грамадзянства яе харэографа-пастаноўшчыка. Атрымалі свае "абавязковыя ўмовы" і запрошаныя на фестываль госці: паводле папярэдняй дамоўленасці, яны таксама павінны запрасіць да сябе адзін з нашых калектываў - той, што больш спадабаецца. Так што ацэньваць канкурсантаў сёлета будзе не толькі міжнароднае журы на чале з народным артыстам СССР, народным артыстам Беларусі Валянцінам Елізар'евым, не толькі члены экспертнага савета, якія дапамогуць знайсці пераможцу ў адной з пяці намінацый, але і ўласна госці-прафесіяналы. Як заўсёды, фестываль дасць шмат новай інфармацыі, тэарэтычных і практычных ведаў: у яго межах пройдуць майстар-класы, творчыя сустрэчы, "круглыя сталы".