Дзіды князевай дружыны

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

Як ні дзіўна, але музейныя фонды Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь папаўняюцца не толькі за кошт набыцця каштоўных прадметаў альбо падарункаў ад неабыякавых аматараў мінуўшчыны, але і ад уласнай археалагічнай дзейнасці.

/i/content/pi/cult/233/3240/22-2.jpgУ прыватнасці, цягам 2005 - 2009 гадоў экспедыцыя праводзіла даследаванні курганнага могільніка ля вёскі Пагошча Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Гэты аб'ект адметны тым, што з'яўляецца першым цалкам раскапаным і даследаваным курганным могільнікам у Падзвінні. З 15 раскапаных курганоў адзін датуецца VII ст. і з'яўляецца ці не самым старажытным помнікам крывічоў на Браслаўшчыне. У ім былі знойдзены астанкі нашых продкаў, фрагменты бронзавых упрыгожанняў. Астатнія курганы датуюцца другой паловай Х - першай паловай ХІ ст. У большасці з іх знаходзіліся пахаванні па абрадзе трупапакладання.

/i/content/pi/cult/233/3240/22-4.jpgПры мужчынскіх пахаваннях знойдзены сякеры, дзіды, нажы, крэсівы для высякання агню, бронзавыя фібулы, бранзалеты і пярсцёнкі, гаршчкі. Унікальнай знаходкай з'яўляюцца фрагменты драўлянай разной чашы, якія захавалася дзякуючы медным рамонтным накладкам. Гэта самая старажытная драўляная пасудзіна на Поўначы Беларусі на сённяшні дзень. У жаночых пахаваннях знойдзены шматлікія бронзавыя ўпрыгожанні (шыйная грыўня, бранзалеты, пярсцёнкі, фібулы, бразготкі, шкляныя пацеркі), а таксама гаршчкі. Даследаваны могільнік можна лічыць могілкамі дружыннікаў Полацкага княства, якія баранілі яго заходнія межы ад ворагаў і выконвалі адміністратыўныя абавязкі, збіраючы падаткі з навакольнага насельніцтва. Дзякуючы раскопкам у Пагошчы адкрыта новая старонка таямнічай сярэднявечнай гісторыі нашай Радзімы.

Мікалай ПЛАВІНСКІ, археолаг

На здымках: на месцы раскопу; першыя знаходкі.