“Сесці на зямлю”

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

Так казаў Фёдар Дастаеўскі пра жыццё і творчасць. Гэтак жа адгукнуўся аб прыездзе ў Дастоева Іванаўскага раёна праўнук пісьменніка Дзмітрый Дастаеўскі з Санкт-Пецярбурга. Упершыню за аглядны час прадстаўнік Дастаеўскіх наведаў зямлю, на якой узяў пачатак славуты род. З Дзмітрыем Андрэевічам пашчасціла сустэцца ў Мінску.

 /i/content/pi/cult/115/324/Dostoevsky.jpg
— Я невыказна рады, што першым з Дастаеўскіх пабываў на прарадзіме, убачыў родную зямлю, палеткі, ясені, якія (мне расказалі пра гэта ў Дастоеве) засталіся на месцы, дзе былі родавыя скляпы Дастаеўскіх, — распачаў гаворку нашчадак геніяльнага пісьменніка.
— Я бачыў у школе імя свайго прадзеда цудоўны музей, створаны настаўнікамі і вучнямі, пабачыўся з Анатолем Іосіфавічам Бураком, які шмат робіць для музея, вядзе вялікую асветніцкую работу, каб уваскрэсла сядзіба Дастаеўскіх у Дастоеве. Я ўбачыў прыгажосць гэтых мясцін, слухаў расповеды вяскоўцаў, пераканаўся, што на разбуранай сядзібе ёсць праца для археолагаў.
— Музей у Дастоеве па-свойму унікальны. А колькі ўсяго музеяў Фёдара Міхайлавіча існуе?

— Дзякуй за такое пытанне. У Дастоеве — восьмы музей, які мне асабліва дарагі, бо знаходзіцца на зямлі продкаў. У Расіі 6 музеяў — у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Омску, Сяміпалацінску, Кузнецку, Старой Русе. Адзін — у Казахстане. Усе гэтыя музеі, безумоўна, адлюстроўваюць пэўным чынам жыццё і творчасць майго прадзядулі.

— Мне давялося пабываць у Старой Русе. Тут прайшлі самыя шчаслівыя гады Фёдара Міхайлавіча. Тут нараджаліся яго дзеці. Тут Ганна Рыгораўна стэнаграфавала “Братоў Карамазавых”, іншыя раманы і аповесці. Тут з’явіўся чалавек, які па волі лёсу пражыў столькі ж, колькі і Фёдар Міхайлавіч, — франтавік Рыгор Мікалаевіч Смірноў, які пасля Вялікай Айчыннай вайны стварыў музей пісьменніка. Цяпер гэта сапраўдны дастаеўсказнаўчы цэнтр.

— Так, дастоевазнаўства развіваецца. Фёдара Міхайлавіча ведаюць паўсюль. Хутка Міжнароднае таварыства Дастаеўскага ў Маскве будзе ладзіць канферэнцыю ў Венгрыі. У Будапешце збяруцца літаратары, літаратуразнаўцы з усяго свету, усе, хто любіць і чытае пісьменніка.

Японцы казалі мне: “Мы выйшлі з Дастаеўскага”. Аказваецца, пісьменніка яны ўспрымаюць як свайго нацыянальнага героя. Я быў здзіўлены, што менавіта ў Японіі “Бесы” выдадзены 2-мільённым тыражом. Пакуль што пісьменнік больш выдаецца за мяжой, чым у нас, у Расіі, і ў вас, у Беларусі… Дарэчы, а вы самі былі ў Дастоеве?

— І не аднойчы. А ці бачылі вы, Дзмітрый Андрэевіч, дубок — сімвал адраджэння вашай родавай сядзібы, пасаджаны ля помніка Фёдару Міхайлавічу? Ці вырас ён?

— Бачыў, і не адзін! Гэтыя дубкі выраслі з жалудоў, прывезеных з магілы прадзеда. Я глядзеў на дрэўцы і вельмі хваляваўся… Дастоева кранула старасвецкасцю, незабыўнай памяццю пра наш род… Хоць і не быў тут Фёдар Міхайлавіч, Але ўсе яго ведаюць: у школе і ў сельскім савеце — цудоўная бібліятэка Дастаеўскага.

А дубочкі, сапраўды, — як сімвал таго, што адродзіцца сядзіба, і зоймуцца гэтым, натуральна, і Расія, і Украіна, і Беларусь — славянская зямля, радзіма нашых продкаў. І з-за мяжы не адмовяцца дапамагчы. Патрэбны толькі праект. І было б цудоўна, калі б быў гэты праект Прэзідэнцкім, бо вельмі паважаю Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку.

— Дзякуй і вам за шчырасць! Таксама веру, што мара ваша здзейсніцца…

— Ёсць генетычная памяць. Усе мы ў вялікай нашай сямейнай дынастыі ў чымсьці падобны і тварам, і звычкамі. Кажуць, мой сын Аляксей — выліты Фёдар Міхайлавіч. Ён пэўны час быў труднікам у адным з манастыроў, стаў займацца, як і прадзед, коньмі. Атрымаць у спадчыну можна звычкі, нават прафесію. Прызнаюся, што таксама крыху пішу і публікуюся ў розных часопісах. Гэта, у асноўным, звязана з успамінамі дзяцінства. Чытачы і крытыкі кажуць, што мне гэта ўдаецца… Але не падумайце, што стаўлю сябе побач з прадзедам. Мая ўнучка Аня таксама напісала маленькую кніжачку, праўда, рукапісную. Першае, што я зрабіў, калі яна крыху падрасла, паказаў ёй акадэмічнае выданне Фёдара Міхайлавіча, 32-томнае, і сказаў ёй: “Гэта твой прапрапрадзед напісаў”. Яна на гэта адказала сваім маленькім рукапісам.

— Фёдар Міхайлавіч — па-за часам…

— Так, хоць, калі ён жыў і тварыў, атрымліваў менш за тых пісьменнікаў, на якіх усе ўжо забыліся…

— А нашчадкі Дастаеўскага, верагодна, ужо не маюць патрэбы ў грошах?

— Ды што вы! Законы на аўтарскія правы ў розных краінах розныя. У Расіі праваўладальнікі — удава, жонка, дзеці… У іншых краінах спадчыннасць абмяжоўваецца толькі ўдавой, а праўнукі і прапраўнукі пад увагу не бяруцца… У 1917 годзе спадчына пісьменніка ўвогуле была нацыяналізавана. Ні бацька, ні я ад перавыданняў не атрымлівалі нічога. Але аднойчы з Омска прыйшоў працэнт ад выдання збору твораў — гэта быў сюрпрыз.

— Атрымліваецца, у нашчадкаў вялікага Дастаеўскага няма ніякіх правоў?

— Цяпер ёсць! Салжаніцын дапамог набыць патэнт на таварны знак “Маё прозвішча”… У Санкт-Пецярбургу ёсць гандлёвы дом “Дастаеўскі”, ёсць рэстаран з такой жа назвай. Не хапала, каб яшчэ і казіно так назвалі, таму што пісьменнік любіў іграць у рулетку. Наша сям’я супраць гэтага.

— Нельга эксплуатаваць прозвішча дзеля камерцыі, перакрэсліваючы тое, што зрабіў пісьменнік для чалавецтва… Праўда, што вы водзіце экскурсіі па месцах Дастаеўскага ў Санкт-Пецярбургу?

— Так, я цяпер на пенсіі, і гэта мой занятак. Любімы занятак, бо Санкт-Пецярбург Дастаеўскага — горад асаблівы. Экскурсіі платныя. Такім чынам дапамагаў унучцы Ані набыць адукацыю. Яна паступіла ў прыватную школу.

— Унучка ваша, верагодна, названа ў гонар Ганны Рыгораўны Дастаеўскай? Не ведаю, дарэчы, дзе Ганна Рыгораўна пахавана, бо пасля рэвалюцыі яна з’ехала ў Ялту.

— Ганна Рыгораўна перапахавана побач з Фёдарам Міхайлавічам у Аляксандра-Неўскай Лаўры Санкт-Пецярбурга. Тут пахаваны і прах майго бацькі Андрэя Фёдаравіча. Дарэчы, ён удзельнічаў у абароне Ленінграда…

— Мой бацька таксама атрымаў медаль “За абарону Ленінграда”. Ён расказваў, што, нягледзячы на жорсткія баі, вельмі хацелася на Пулкаўскіх вышынях паглядзець на зоркі ў тэлескоп. Пра гэты час знята шмат фільмаў… Цікава, а як вы ставіцеся да экранізацый твораў вашага прадзеда?

— Фёдар Міхайлавіч самадастатковы. Нельга яго скажаць. Іншым разам мяне запрашаюць кансультаваць серыялы. Пасля іх выхаду заўважаў, што ў грамадскім транспарце маладыя людзі чыталі “Ідыёта”. Гэта проста цудоўна!

— Трэба прымусіць сябе прачытаць Дастаеўскага. У мяне гэта было гадоў у 27 — 28. Такое пачуццё ўзнікла: усё напісана пра мяне…

— Як і пра кожнага з нас. Дастаеўскі спачуваў усім.

— І змог выказаць гэтае спачуванне ва ўласных творах… Дзмітрый Андрэевіч, падчас паездкі ў Старую Русу мы не ўбачылі ў музеі асабістых рэчаў пісьменніка. А ці ёсць у вас што-небудзь?

— У музеях асабістыя рэчы прадзеда падзялілі лёс краіны. Гарэла, знікала! Добра, калі дзесьці захаваліся фотаздымкі кабінета, пакояў, дзе жыла сям’я пісьменніка… Па іх потым усё і ўзнаўлялася. З рукапісамі таксама было шмат гора. Але і дзіўнага шмат. Да прыкладу, некаторыя рукапісы Фёдара Міхайлавіча знайшліся ў архівах Стэфана Цвейга! А цяпер яны іншым разам прадаюцца на прэстыжных аўкцыёнах…

— І немагчыма прад’явіць на іх правы?

— Трэба радавацца, што знайшліся!

— А які, на вашу думку, галоўны раман Дастаеўскага?

— Лічу, што “Браты Карамазавы”. За мяжой чамусьці ўсе лепшым лічаць “Злачынства і пакаранне”.

— Згодна з вамі, Дзмітрый Андрэевіч: “Браты Карамазавы” — гісторыя рускай душы. Яна заўжды сучасная.

— Дзякуй, што знайшлі мяне!
— А вам — за кранальны расповед… 

Гутарыла Вольга ЯГОРАВА
Фота Валерыя МІХАЛЬЧУКА