“Я пазнаю тых байцоў…”

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

У дні фашысцкай акупацыі стогадовы (унікальны ў гісторыі выпадак!) палескі селянін Васіль Ісакавіч Талаш быў у партызанскіх шэрагах. Сапраўды, у яго характары праявіліся лепшыя нацыянальныя рысы нашага народа: духоўная і фізічная сіла, энергія, няскоранасць. Пра гэта сведчаць не толькі яго расказы, але і архіўныя дакументы. Яшчэ адна нагода, каб сёння згадаць імя слыннага змагара, — чарговыя ўгодкі з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа, якія прыпадаюць на 3 лістапада. Імя пісьменніка пасля напісання ім аповесці “Дрыгва”, што прысвечана Дзеду Талашу, цесна пераплялося з асобай знакамітага партызана.

/i/content/pi/cult/233/3239/23-1.jpgЖаўнеры кінуліся наўцёкі

 Акупацыя ворагам у 1919-м нашай зямлі выклікала ў насельніцтва нянавісць, асабліва ў моладзі. Больш свядомыя з жыхароў пачалі пратэставаць, згуртоўвацца, падымацца на барацьбу з ліхадзеямі. Адным з першых на гэты шлях стаў і селянін з вёскі Навасёлкі Васіль Талаш. Ён не служыў тады ў арміі, ды і не мог служыць па ўзросце. Пад уплывам ваенных падзей Талаш становіцца на шлях узброенай барацьбы з ворагам. Пры дапамозе чырвоных камандзіраў ён арганізоўвае партызанскі атрад, які актыўна дзейнічае і змагаецца. Напрыканцы лістапада 1919 г. у Навасёлках спынілася каманда польскіх маракоў, якія па загадзе Пілсудскага павінны былі пашырыць сваю ваенную флатылію на Прыпяці ў раёне Турава, Петрыкава, Мазыра. Сумесным ударам атрада чырвонаармейцаў, а таксама і партызан Васіля Талаша ўсе матросы ў Навасёлках былі знішчаны. Многія з партызан уліліся потым у часці Чырвонай Арміі. Пазней быў расфарміраваны і атрад Васіля Ісакавіча. Яго патрыёты дзейнічалі ў чырвонаармейскіх падраздзяленнях, працягвалі рашучую барацьбу з інтэрвентамі. Былы камандзір, дзед Талаш, стаў разведчыкам 417-га пяхотнага палка. Вопытны партызан добра ведаў левабярэжжа Прыпяці, размяшчэнне населеных пунктаў і неаднаразова хадзіў у разведку ў родную вёску, у Курыцічы і ў Петрыкаў. Аднойчы ён трапіў у рукі польскіх жаўнераў. Яго павялі на допыт. Васіль Ісакавіч, вылучыўшы момант, выхапіў у аднаго з іх вінтоўку, ударыў яго, потым- другога. Жаўнеры кінуліся наўцёкі. Вось такім мужным быў Талаш, за што і ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага сцяга.

 "Я чытаў "Дрыгву" разы тры..."

 ...Савецкае камандаванне вызваліла дзеда Талаша ад далейшай ваеннай службы: у 1920 г. яму споўнілася 76 гадоў і быў ён у радах Чырвонай Арміі толькі па сваім жаданні. Вярнуўся Васіль Ісакавіч у родную вёску на голую сядзібу. У навакольных вёсках панавалі галеча і голад. У гэты напружаны час Талаша выбралі старшынёй Навасёлкаўскага сельсавета. На ягоныя плечы ляглі новыя клопаты, аднак палескі селянін энергічна ўзяўся за справу, стаў дэлегатам VIII З'езда Саветаў Петрыкаўскай вобласці, дзе абмяркоўваліся пытанні аднаўлення вёскі. Прозвішча Талаша ўпамінаецца і ў пратаколе № 3 урачыстага пасяджэння мазырскага гарадскога Савета, прысвечанага 7-й гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі, якое адбылося 6 кастрычніка 1924 г. На ім Васіль Ісакавіч выступіў з віншаваннем ад беспартыйных рабочых фабрыкі "Чырвоны Кастрычнік". Ён наведвае мясцовае начальства, просіць, патрабуе, дамагаецца. За кароткі час ён прыдбаў збожжа для сяўбы, з яго дапамогай пагарэльцам бясплатна выдзелілі лес, каб адбудаваць спаленыя хаты. Да ўсяго, Талаш уваходзіў у камісію па складанні плана развіцця жывёлаі птушкагадоўлі ў раёне. Тады ж палескі селянін двойчы прыязджаў у Мінск на сустрэчу з Якубам Коласам. Якраз у той час выйшла з друку аповесць "Дрыгва". Дзед уважліва прачытаў яе і выказаў сваё меркаванне: "Я чытаў "Дрыгву" разы тры. І, нягледзячы на тое, што імёны некаторых людзей, пра якіх там гаворыцца, зменены, я пазнаю сваіх старых сяброў. Я пазнаю тых байцоў, разам з якімі мы баранілі нашу краіну..." Аднак герой кнігі быў згодзен не з усімі фактамі. Многае ён разумеў пасвойму. Паляшук вырашыў сустрэцца з пісьменнікам, каб нешта ўдакладніць і дапоўніць. Пра гэтую першую сустрэчу Якуб Колас прыгадваў: "Дзе і калі я сустрэўся з дзедам Талашом? Упершыню сустрэўся з героем сваёй аповесці ў Мінску, у будынку Акадэміі навук. Гэта было ў 1934 годзе, пасля таго, як аповесць была выдадзена. Дзед Талаш прачытаў яе і вырашыў убачыць мяне. Мы гаварылі з ім пра аповесць. Дзед крыху крытыкаваў мае пралікі. Так, напрыклад, у аповесці дзед названы Рыгорам. На самай жа справе яго завуць Васілём (Ісакавічам). Я пераблытаў і імёны яго сыноў. Ён таксама не быў згодзен са мной і ў тым, што ён збёг ад трох канваіраваўшых яго польскіх салдат. Дзед упарта стаіць на тым, што іх было пяць. Так было занатавана і маім саслужыўцам, які сустрэўся выпадкова з Талашом і запісаў яго расказ...

/i/content/pi/cult/233/3239/23-2.jpg" Слухаў "Люблю я прыволле..."

 Прыязджаў Васіль Ісакавіч у Мінск і ў 1939 годзе. У той час кампазітар Анатоль Багатыроў стварыў оперу "У пушчах Палесся", прэм'ера якой адбылася 28 жніўня. У падрыхтоўцы спектакля непасрэдны ўдзел прымаў Якуб Колас. Ён нярэдка прысутнічаў на рэпетыцыях, сустракаўсяз акцёрамі, расказваў ім пра падзеі Грамадзянскай вайны, мужнасць нашага народа. Цёплыя, задушэўныя гутаркі прыносілі карысць, надавалі акцёрам упэўненасці на сцэне. Былы дырэктар Мінскага тэатра оперы і балета Гантман прыгадваў: - Аднойчы, калі ішла рэпетыцыя партызанскай сцэны, у цёмную глядзельную залу Якуб Колас увайшоў не адзін: побач з ім быў невысокі, ужо зусім сівы, але яшчэ моцны, каржакаваты стары. Пісьменнік клапатліва пасадзіў свайго спадарожніка ў мяккае крэсла. Дзед Талаш у той час падказаў мастаку правільнае афармленне сцэны, з задавальненнем слухаў многія арыі, асабліва - "Люблю я прыволле...". Яны - Якуб Колас і дзед Талаш - надалі радаснай падзеі нараджэння оперы непаўторную прывабнасць. І ім таксама належалі тыя апладысменты, якімі сустракалі спектакль у Мінску і Маскве ў час Першай Дэкады беларускага мастацтва і літаратуры.

"Дзе твой ордэн?"

 Напад фашысцкіх захопнікаў на нашу краіну Васіль Ісакавіч перажываў вельмі цяжка. Быў ён яшчэ фізічна моцны, бадзёры, рухавы. Адчувалася, што няшчасце, якое напаткала наш народ, моцна ўзрушыла яго, болем адгукнулася ў сэрцы. Асабліва невыносным стала жыццё дзеда з прыходам гітлераўцаў у Навасёлкі. Ворагі наляцелі, як каршуны. Сын кароў пасвіў, а дзед корпаўся каля хаты. Сяло аблажылі з усіх бакоў, людзей пачалі зганяць туды, прыляцелі да дзеда і з крыкам "Дзе твой ордэн?" пачалі ператрасаць хатні набытак. Яны штурхалі і білі дзеда. Не знайшоўшы ўзнагароды, з пагрозамі пайшлі (Васіль Ісакавіч надоечы схаваў ордэн у саламяную страху). Пачаліся допыты, катаванні. Талаш на гэта адказваў: "Так, паны, так, але ж я ваяваў не супраць вас, а супраць палякаў. Ды і яны з вамі былі не ў ладах". Такі адказ навёў акупантаў на роздум. Пагрозы зніклі, пачалі гаварыць лагодна: адказ спадабаўся, быў пераканаўчым. Адзін з іх нават расчуліўся, пачаў схіляць героя да супрацоўніцтва з імі. Васіль Ісакавіч спаслаўся на дрэнную памяць, на тое, што ён глухі і сляпы. Дзеда адпусцілі, але сказалі, каб прыходзіў у жандармерыю адзначацца. Гэтым разам дзед Талаш вырашыў развітацца з роднымі і аднавяскоўцамі: ён пайшоў у партызаны. Лес сустрэў дзеда лагодна, ветліва, дыхнуў знаёмымпахам хвоі, прыкрыў зялёнымі яловымі лапкамі. Стары адразу памаладзеў, вочы ягоныя засвяціліся радасцю і ён прашаптаў: "Хутка сустрэнуся з партызанамі..." Каля вёскі Коржыкаўка дзед перайшоў чыгунку і крочыў лесам і балотамі ўсю ноч. Нечакана вандроўнік убачыў людзей, насцярожыўся. Але гэта ён натрапіў на партызан. Сярод народных мсціўцаў быў і камандзір Мінскага партызанскага злучэння Р.Мачульскі.

/i/content/pi/cult/233/3239/23-3.jpg "... І мне з ім весялей..."

У студзені 1943 года дзед Талаш з вострава Зыслаў, што на Любаншчыне, выпраўляецца на самалёце на Вялікую зямлю. У Маскве Васіль Ісакавіч распачаў актыўную дзейнасць: наведаў фабрыкі, заводы, дзяржаўныя ўстановы, вайсковыя часці, сустрэўся з людзьмі розных прафесій, воінамі, расказаў ім пра баявыя справы беларускіх партызан. Адначасова дзед гаварыў пра недахоп зброі, адзення, харчавання. Масквічы стараліся дапамагчы лясным салдатам чым маглі: народным мсціўцам тымі самалётамі дастаўлялі зброю, ежу, боепрыпасы. На Вялікай зямлі дзед Талаш сустрэўся з Якубам Коласам. Народны паэт прыязджаў тады ў сталіцу па справах з Ташкента, дзе быў у эвакуацыі. Спыняўся Пясняр у гасцініцы "Масква", куды патэлефанаваў пісьменніку Васіль Ісакавіч, і яны сустрэліся. Кінакамера засведчыла гэтую памятную сустрэчу: сябры сядзяць за сталом, перад імі- шклянкі чаю, побач - сподак з пячэннем. Дзед захоплены гаворкай, ён жвава жэстыкулюе. Якуб Колас усміхаецца. "Я гляджу на яго сялянскі воблік,- пісаў паэт жонцы, - і мне з ім весялей". Ім было пра што ўспомніць, пагаварыць. І ў гэты цяжкі для нашага народа час у іх была адна мара, адна вера і адно імкненне: усімі сіламі дапамагаць воінам і народным мсціўцам змагацца з лютым ворагам. Гэта была трэцяя сустрэча пісьменніка са сваім героем. * * * Напрыканцы 1943 года беларускі ўрад пераязджае з Масквы ў вызваленую ад фашысцкіх захопнікаў Навабеліцу- прыгарад Гомеля. Разам з усімі прыехаў сюды і дзед Талаш. Сэрца ягонае ахапіў пякучы боль, калі ён убачыў знявечаныя мясціны. У горадзе хоць бы адзін цагляны домік застаўся цэлым... Неўзабаве Талаш накіроўваецца ў родныя Навасёлкі, што на Прыпяці, без якіх ён і дня не мог пражыць, быў сапраўдным гаспадаром тутэйшых мясцін. Начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання Панцеляймон Панамарэнка сардэчна развітаўся ў Навабеліцы з вядомым партызанам, падзякаваў за ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, за дапамогу партызанам, пажадаў герою здароўя. На развітанне аказаў яму грашовую дапамогу. У Навасёлках і дажываў дзед Талаш свае апошнія гады. Тут ён і памёр 28 жніўня 1946-га на 103-м годзе свайго жыцця.

Мікола ЖЫГОЦКІ

На здымках: В.І. Талаш і М.М. Шэшка;

так сёння выглядае хата ў Навасёлках, дзе жыў дзед Талаш;

сустрэча з Якубам Коласам (1943 г.).