Акцэнты і акцэнтуацыя

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

Стажыроўкі студэнтаў-філолагаў з блізкага і далёкага замежжа ў нашай краіне сваім вынікам мусяць мець не толькі авалоданне азамі мовы, але і перадачу праз яе духоўнага набытку нашай краіны — з’яў культуры і мастацтва ў іх гістарычным развіцці, — адметнага іміджа Беларусі ў свеце. Менавіта гэтая тэма і зацікавіла карэспандэнта “К”, калі ў рэдакцыю патэлефанавалі з філалагічнага факультэта БДУ і запрасілі сустрэцца з групай сербскіх стажораў — будучых навукоўцаў і настаўнікаў. Пра іх культурныя ўражанні ад Беларусі, рэпрэзентацыю імі сваёй нацыянальнай своеасаблівасці і ўспрыняцце нашай гутарым са студэнтамі Бялградскага універсітэта Анай Груіч, Наташай Нікаліч, Іванай Мрджа, Аліверай Праліцай, Аляксандрай Джукіч і Ураашам Джорджавічам.

 

 /i/content/pi/cult/233/3237/13-1.jpg Тэма 1. Мова

 "Літары таксама можна параўнаць з часткамі адзення. Узімку апранаеш баваўняныя рэчы або мех, шалік, цёплую шапку і як мае быць падпяразваешся, а ўлетку карыстаешся льняным адзеннем, ходзіш без пояса і закідваеш як мага далей усё цяжкае і цёплае, а паміж зімой і летам то штосьці дадаеш да адзення, то штось адкідаеш. Гэтак жа адбываецца і з чытаннем: у розным узросце змест кніг для любога з нас будзе неаднолькавым, таму што мы парознаму камбінуем "адзенне"..."

Гэта наш, зразумела, досыць адвольны пераклад радкоў Міларада Павіча з "Хазарскага слоўніка" - паводле вызначэння крытыкаў свету, аўтара "першай кнігі ХХІ стагоддзя". Хто ведае, мо сённяшнія стажоры-беларусісты з Сербіі перакладуць яе праз колькі гадоў на беларускую мову?!. - Дарэчы, недзе вычытаў у Інтэрнеце: Павіч - самы чытэльны ў свеце серб! - кажа Ураш. - Прынамсі, мільённыя наклады яго кніг і сапраўды пра тое сведчаць. Адразу падкрэслім: Ураш Джорджавіч - адзіны з шасцярых нефілолаг. Ён - будучы юрыст. І з гэтым звязана адно з "моўных" уражанняў ад Беларусі: - Аднойчы вырашыў наведаць вашу кнігарню. Вывучаючы не першы год мову, без напругі адшукаў аддзел з юрыдычнай літаратурай. І менавіта там, пагартаўшы вашы зводы заканадаўчых актаў, зразумеў: у вывучэнні сваім дасягнуў пэўных, невялікіх пакуль, вяршыняў. Бо даволі дакладна зразумеў, што да чаго ў тых дакументах. Нездарма прыгадаўся "...Слоўнік" Павіча і яшчэ з адной прычыны. Запытаўшыся ў стажораў пра найбольш складанае ў беларускай мове, пачуў адказ: - Націск!

 Тэма 2. Постаць

 "Ноч мірная, добрая ноч. Быццам яна вялікі, адказны рубеж у жыцці, калі зняможаны чалавек (зняможаны звыш усякае меры) адпачывае і сам сабе кажа: "Нікуды больш!" - і ў велічы і адчаі свайго рашэння знаходзіць магчымасць жыць далей..."

Гэта радкі з-пад пяра лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры серба Іва Андрыча. Яго, як і многіх іншых сербскіх літаратараў, перакладалі на беларускую мову яшчэ за савецкім часам. А вось гэта - словы нашага Уладзіміра Караткевіча:

"Паступова я зразумеў, хто я. Што прымусіла мяне зрабіць гэта? Можа, цёплыя агні вёсак, назвы якіх і дагэтуль нейкім цёплым болем уваходзяць у маё сэрца: Ліпічна, Сорак Татар, Бярозава Воля, урочышча Разбіты Рог, Памярэч, Дубрава, Вавёркі? А можа, начлег на поплаве, калі дзеці баюць казкі і драма крадзецца да цябе праз кажух разам з холадам? Ці мурожны пах маладога сена і зоры праз прадзёртую страху адрыны?.."

Што можа паяднаць такіх далёкіх, падавалася б, пісьменнікаў? Найперш- усведамленне асновы, што заклалі яны ў развіццё сваіх нацыянальных літаратур. А яшчэ адзін, асабісты, штрых дадала Аляксандра Джукіч: - З "Дзікага палявання караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча (Менавіта з гэтага твора і згадаліся радкі. - С.Т.) і пачалося маё знаёмства з беларускім словам. Кніга ж выйшла на сербскай мове!.. І як не захапіцца было?! Каб сёння пачала чытаць па-беларуску, дык, мусіць, не ўсё зразумела б. Але на сербскай кнігу літаральна праглынула. Каго мы яшчэ ведаем з вашых пісьменнікаў? Адразу скажу, што не шмат вершаў ды прозы даводзілася чытаць. Ды імёны Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Васіля Быкава, Івана Шамякіна нам знаёмыя.

Тэма 3. Імпрэсія

Зямля рухаецца а яны стаяць зямля бяжыць пад нагамі іхні бег спынены куды вараныя коні!

 - такім імклівым падаўся Бялград дзесяцігоддзі таму паэту Паўле Попавічу праз скульптуру перад тамтэйшай Народнай скупшчынай. Мне гэты горад заўжды бачыўся іншым: спакойным і ўраўнаважаным. Як, шмат у чым, і Мінск. - А я вельмі добра запомніла словы выкладчыка: Мінск вельмі падобны да Бялграда. І як тут не пераканацца: папершае, у нашых сталіцах жыве амаль два мільёны чалавек, па-другое, гэта вельмі прыгожыя старажытныя гарады. Але ўсё ж ёсць адна асаблівасць, якая вылучае старую частку нашай сталіцы: там багата вулачак, вузенькіх-вузенькіх, куды зварочваеш і проста не ведаеш, на што натрапіш за рогам камяніцы, - распавядае пра свой Бялград Івана Мрджа. - Зрэшты, у Мінску мне якраз такі Бялград нагадвае ваша Траецкае прадмесце, - заўважае Аляксандра. - А вось я ўжо дакладна ведаю, што распавесці сваім сябрам у Бялградзе: у Мінску ўбачыў усе перавагі метро. І як я там без яго буду? - усміхаецца Ураш.

Тэма 4. Інтэрпрэтацыя

"Слова - агонь! Я хвалу, што жывы, праспяваў яму..." Гэта словы колішняга выпускніка таго ж філфака Бялградскага універсітэта, адкуль і большасць сербскіх стажораў, Бранка Мількавіча. Яны нагадалі пра такі момант з нашай гутаркі: - Я вывучаю беларускую мову два гады. Заняткі - і ў Бялградзе, і ў Мінску - падабаюцца... Ведаеце, напачатку асабіста мне падавалася, што беларусы больш - як гэта трапна сказаць? (Шукае слова.) - халодныя, мабыць... Але ў вашай сталіцы пераканалася: гэта зусім не так! Беларусы - гасцінныя і прыемныя людзі. А, да ўсяго, нам было чаму здзівіцца: ужо паспелі, да прыкладу, пабываць у Вялікім тэатры. Глядзелі балет... Хацелася б пабачыць яго і ў Бялградзе, - кажа Наташа Нікаліч. А што, пытаюся, з вашай культуры вы прапанавалі б паглядзець нам? Адразу называюць з дзесятак найменняў тэатральных калектываў сербскай сталіцы: Тэатр оперы і балета, Народны тэатр, Музычны, не забываюцца і пра маладзёжныя калектывы. Хто ведае, мо ў наступнай "Панараме" і прагучыць сербская драматургія? Пакуль жа абменьваемся ўражаннямі ад стыльнай вешалкі над Купалаўскім...

Тэма 5. Гісторыя

 - У нас такіх палацаў, як вашы Мір і Нясвіж, дзе мы ўжо пабывалі, няма. Затое маем старадаўнія крэпасці, вежы- абарончае дойлідства, - параўноўвае Алівера Праліца. - Я ўпершыню ў Беларусі, і бачу, што тут ёсць месцы, куды варта прыязджаць і нашым турыстам. У беларускіх турфірм дакладна маюцца прапановы па Сербіі: тыя ж форты, а таксама Бялград, маленькія турыстычныя гарадкі. А ці прапануюць аналагічныя маршруты ў нашу краіну ў Сербіі? - Па праўдзе кажучы, не чула пра падобныя прапановы. Але, паўтаруся, калі такога няма, то вельмі дарма, - кажа Алівера. Што ж, як тут ні прывесці радкі Мілдрага Паўлавіча: Звіліны на валуне Быццам думкі Знутры прарастаюць...

Тэма 6. Напярэдадні

Калі наша газета выйдзе ў свет, у сербскіх студэнтаў будзе яшчэ адно ўражанне ад Беларусі: яны наведаюць Нацыянальную бібліятэку. - Пакуль даводзілася бачыць яе толькі на фотаздымках, але агледзець знутры такі будынак вельмі хочацца, - кажа Ана Груіч. - Я ў Беларусі ўпершыню. І, вядома, мне цікава тут усё, тым больш бібліятэка - збор ведаў! І Ана, і іншыя ўдзельнікі гутаркі, бывала, прыпыняліся, шукаючы трапнага слова і амаль заўсёды знаходзілі яго самі. Калі праз іх уражанне беларускую мову пачуюць у Бялградзе, думаю, нагод "запытацца" ў энцыклапедыі ці Інтэрнета пра Беларусь паболее. "...Каб сустрэцца раптам са светам, што нарадзіўся са мной і ўва мне".

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах