Хто змагаецца з… Вердзі?

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

Прэм’ера оперы Дж.Вердзі “Трубадур” у нашым Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета, якая сталася сумесным беларускагаландскім праектам з удзелам шведска-нямецкіх пастаноўшчыкаў, была названа на прэс-канферэнцыі гістарычнай падзеяй, што стварае новую тэатральную эстэтыку. Ну як пасля такой заявы абмінеш саму з’яву?

 

/i/content/pi/cult/233/3232/14-1.jpgВыбіраем "Трубадура"

Беларускую публіку "Трубадурам" не здзівіш. Упершыню мінчане ўбачылі гэтую оперу Дж.Вердзі, напісаную ў 1852 г., яшчэ ў тэатральным сезоне... 1890 - 1891 гг. у выкананні расійскай антрэпрызы. Потым некалькі разоў спектакль прывозілі італьянцы. Дый у Вялікім тэатры Беларусі яго ставілі тройчы: у 1955, 1963 і 2001 гг. Са сцэнічнымі строямі апошняй пастаноўкі трупа неаднойчы выязджала на гастролі ў Еўропу, дзе опера ўвасаблялася ў натуральных "дэкарацыях", ля сцен сярэднявечнага замка. Але такога "Трубадура", падзеі якога былі б спраектаваны на заходнюю гарадскую мафію сярэдзіны ХХ ст., мы яшчэ не бачылі. Хаця ўсялякіх іншых "перапрачытанняў" класікі наглядзеліся. У тым ліку - на нашай опернай сцэне, у пастаноўках не толькі запрошаных, але і сваіх рэжысёраў. Сярод такой "класікі рэжысёрскага асучаснення" асабіста я вылучыла б пастаноўкі Сусаны Цырук, асабліва яе "Шлюбны вэксаль" Дж.Расіні (пастаноўка 1998 г.), дзе героі ездзілі па глядзельнай зале на веласіпедзе, лёталі на адной з ранніх мадэлей самалёта, круцілі велатрэнажор і ўчынялі "дуэль" на баксёрскім рынгу. А галоўнае - прымушалі моладзь задумацца: дзе - каханне, дзе - разлік, а дзе - проста выбухі гармонаў.

 "Трубадур" і A-dur

 "Трубадур" - таксама пра каханне (пагадзіцеся, знайсці оперу "без кахання" цяжкавата). І дзе б яно ні пульсавала - на старажытнай галеры ці іншапланетнай "талерцы", - кожны ўсё роўна будзе "прымерваць" тыя пачуцці на сябе. Відавочна, што Вердзі ў гэтай оперы, як звычайна, мала закраналі гістарычныя рэаліі: яго хвалявалі пачуцці. Таму зусім невыпадкова, не дзеля смеху, кампазітар "расквеціў" узбуджана-святочнай музыкай рамантычны змрок Сярэднявечча, зліты "ў адным флаконе" з жарсцямі "мыльнай оперы" (заклятыя ворагі аказваюцца роднымі братамі: выкрадзенае графскае дзіця выхоўвалася ў цыганоў). Ды яшчэ - з "морам трупаў" у фінале. Пазней, для французскай пастаноўкі, ён і балетныя сцэны дапісваў, і душашчыпальныя спевы Манрыка ў м о м а н т смерці. Але найбольш распаўсюджана першая рэдакцыя - без залішняга меладраматызму, прасякнутая пульсаваннем энергетыкі. Партытура ў дырыжорскай версіі Віктара Пласкіны не спазнала значных змен і скарачэнняў: можа, хіба тэмпы ў некаторых папулярных фрагментах былі крыху больш стрыманыя за "канцэртныя", у якіх гэтыя нумары адасоблена выконваюцца з эстрады. Аркестр гучыць цудоўна. Часта менавіта ён становіцца галоўнай дзейнай асобай, у ім выдатна чутна абсалютна кожная партыя - асабліва на пачатку оперы, у знакамітым аповедзе Феранда (Дзмітрый Капілаў), а таксама ў іншых фрагментах, дзе вакал падтрымліваецца інструментальнай мелодыяй. Добра прапрацаваны іншыя партыі "другога плана": Інесы (лірычная Ала Пласкіна), Рунца (артыстычны Алег Жукаў), Старога цыгана (каларытны Ілля Пеўзнер). А што ж галоўныя героі?

"Ах ты, бедная мая Трубадурачка!"

 Пад час прагляду новага "Трубадура", я раптам злавіла сябе на думцы, што асабіста мяне "бандыцкія разборкі" не цікавяць. Стала шкада Леанору, якая, паводле задумы пастаноўшчыкаў, вымушана выбіраць паміж двума мафіёзі, кожны з якіх узначальвае свой клан. Узнікла адчуванне, што "карцінка" пераключылася на сучасны крымінальны серыял. Маўляў, адзін хлопец - проста злачынец, хаця і з інтэлігентнымі манерамі. Другі - злачынец быццам бы "высакародны", бо ён яшчэ на гітары граць умее, на што і "купляецца" дзяўчына - спявачка казіно. І, вядома, гіне, дурнічка гэткая! Крыўдна за яе яшчэ і таму, што Настасся Масквіна ў гэтай партыі скарае Боскай прыгажосцю голасу - звонкага, лёгкага, палётнага, папраўдзе чароўнага. Як такую не палюбіць? Але ж кожны склад артыстаў робіць сваю псіхалагічную расстаноўку сіл. У адныя і тыя ж словы, ноты, нават рухі кожны з іх, хоча ён таго ці не, укладае розны сэнс. Пры ўдзеле Станіслава Трыфанава (Граф дзі Луна), Наталлі Акінінай (Азучэна) і Серджыа Панаджыа з Італіі (Манрыка) атрымліваецца спектакль пра жаночыя прыхамасці і капрызы. Яе абраннік - з тэнаравым тэмбрам, прыдатным для харавых спеваў і характарных партый, а не лірыка-драматычных герояў. Да таго ж, ён падобны на гэткага даросла-састарэлага сына маладой маці, мамчынага выхаванца, якога тая даволі часта водзіць па сцэне за руку. Кожны ягоны жэст да Леаноры сведчыць, што гэты самаўлюбёнецзусім не кахае яе, а ў некаторых сцэнах паводзіць сябе з ёй нават жорстка. Іншая справа - дзі Луна: статны, прыгожы, з пачуццём уласнай годнасці, у кожнай фразе яго пластычнага, аксамітавага барытона столькі кахання да Леаноры, столькі жывога болю пакут, што не адгукнуцца, здавалася б, немагчыма! І калі тая не заўважае ўсяго гэтага - значыць, яна ці бессардэчная, ці сляпая. Можа, аслепла ад кахання да Манрыка? Толькі ў гэта штосьці не верыцца. Таму пачынаеш спачуваць дзі Луна, а не тым героям, якія ў Вердзі лічыліся станоўчымі. На жаль, у прэм'ерных паказах (грамадскі прагляд не ўлічваем) не былі пакуль задзейнічаны Уладзімір Пятроў і Таццяна Траццяк. А між тым, у пастаноўцы 2001 года гэтыя партыі былі для іх папраўдзе кароннымі. Таццяна надзвычай выразна прасочвала ўсе змены ў настроі гераіні, акцэнтавала яе перажыванні. Уладзімір жа заўсёды дэманстраваў сапраўднага графа, знаходзячы, тым не менш, мяжу паміж выхаванасцю і жорсткасцю свайго героя. Абсалютна рознымі ў цяперашнім "Трубадуры" атрымліваюцца і дзве Азучэны. Наталля Акініна выбудоўвае сваю ролю напаўзвар'яцелай жанчыны так, быццам перад намі, па меншай меры, знаная артыстка тэатра і кіно. А ў Аксаны Якушэвіч такая грацыя коткі, лёгкасць у хадзе і пластыцы, што заплюшчыш вочы - сапраўдная Азучэна!.. Можа, на гэтае сутыкненне ўбачанага і пачутага і, як вынік, пераацэнку каштоўнасцей і была накіравана рэжысёрская канцэпцыя?

 /i/content/pi/cult/233/3232/14-2.jpgЦені "трубадураў"

Сама па сабе сцэнаграфія Андрэя фон Шліпэ (Германія) - вельмі стыльная, не надакучлівая. Адпавядаюць ёй і сцэнічныя строі Крысціны Халер (Германія), дзе акцэнтуецца чорна-бежавая палітра з рэзкім кантрастам чырвонага і сіняга. Рэжысура святла Вольфі Айберта (Германія) - найвыдатная: мы такой папраўдзе яшчэ не бачылі. Падсветка "знутры" то надае прасторы дадатковую аб'ёмнасць, то "сплюшчвае" яе да графічнасці і нават ілюзіі "тэатра ценяў". Кінапрыём "сумяшчэння кадраў" стварае эфект "залюстэрачча": Леанора прыціскаецца да ралетаў, за якімі схаваны Манрыка, і мы бачым яго быццам яе вачыма - у іншым квадраце сцэны, але за гэткімі ж ралетамі. Рэжысёр Марыяна Берглёф (Швецыя) максімальна тлумачыць заблытанысюжэт. Напрыканцы кожнай сцэны маляўніча паказана тое, што адбудзецца быццам бы паміж карцінамі: і раненне Манрыка, і яго ўзяцце ў палон. Вельмі ажыўляе дзейства выступленне спартсменаў, якія дэманструюць баявыя мастацтвы: яно цудоўна "ўпісваецца" ў мужчынскі хор надзвычайнай артыстычнасцю гэтай не столькі "трэніроўкі да зморы", колькі гульні прафесіяналаў. Бясспрэчна, дзякуючы рэжысёрскай працы, кожны з артыстаў стаў больш асэнсавана ставіцца да зместу вядомых арый і ансамбляў. І ўсё б яно добра, вось толькі... Для такой "карцінкі" сучаснага гарадскога смогу-"цмоку" патрэбна крыху іншая музыка: рок-опера, мюзікл, гэткі "драйв", а не салодка-востры смак мелодый Вердзі, што бліскаюць-звіняць рыцарскімі шпагамі, а часам і ўвогуле ашаламляюць іспанскай тэмпераментнасцю і нават амаль аперэтачнай танцавальнасцю. Вердзі быццам прадбачыў усё гэта, калі пісаў да свайго сябраскульптара: "Гэтыя імпрэсарыо дагэтуль не зразумелі, што калі оперы не могуць быць выкананы ва ўсёй іх некранутасці - так, як яны задуманы кампазітарам, - лепей не выконваць іх зусім... Уяві ж, што адбываецца, калі справа тычыцца змены зместу!!! Што сказаў бы ты, калі б адной з тваіх цудоўных статуй нацягнулі на нос чорную павязку?"

 Tuba mirum

Праўда, успрыняцце гэткага "чарноцця" ў сцэнаграфіі таксама мае сваю "драматургію". Чым больш глядзіш на сцэну, тым больш "размываюцца" на ёй гарадскія абрысы, дазваляючы ўбачыць у сцэнічным убранні так званы фонавы "чорны кабінет", уласцівы многім сучасным пастаноўкам. Гэта, безумоўна, канцэнтруе ўвагу на музыцы. Дый у рэжысуры наўмысна выкарыстаны стоп-кадры, якія ў асабліва значныя моманты дазваляюць гледачу сканцэнтраваць увагу на псіхалагічным стане герояў. Усе кропкі над "і" расставіла выпадковая замена складу выканаўцаў, што адбылася 27 кастрычніка з-за хваробы прызначаных артыстаў. Андрэй Марозаў зрабіў графа дзі Луна няўпэўненым у сабе "змрочным тыпам Сярэднявечча". Ягоныя пачуцці - не каханне, а жаданне завалодаць. Хіба такога абранніка чакае Леанора? Манрыка ж Сяргея Франкоўскага, пэўна, зусім выпадкова стаў "злачынцам": у яго столькі непадробнага кахання ў голасе, а вось карыстацца сцізорыкам "па-бандыцку" ён пакуль не навучыўся. Яно і зразумела. Спявак, не ўдзельнічаючы ні ў адной рэпетыцыі, літаральна выратаваў спектакль і даказаў: яго Манрыка - лепшы! Па прыгажосці голасу з яркімі пачуццёвымі ноткамі і моцы сваёй энергетыкі ён - ідэальны Манрыка сусветнага ўзроўню! Шкада толькі, што галандцы, якія будуць глядзець наш спектакль на працягу лістапада, гэтага не ўбачаць. Што ні кажыце, а змагацца з Вердзі і дакладнасцю яго музычных характарыстык цяжкавата...

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

 На фота:

Станіслаў Трыфанаў (дзі Луна) і Настасся Масквіна (Леанора).

 Наталля Акініна (Азучэна) і Серджыа Панаджыа (Манрыка).  

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"