Вяртанне франтаватага дэндзі?

№ 20 (786) 19.05.2007 - 25.05.2007 г

Да ХІХ стагоддзя самымі вялікімі моднікамі былі мужчыны, але два стагоддзі таму яны вырашылі: няхай жанчыны змагаюцца за прыгажосць, а нам падайце, калі ласка, прдстаўнічы і элегантны касцюм, у якім нам будзе зручней зарабляць грошы. З тых часін мода стала асацыіравацца выключна з жанчынамі, якія, нібы “цэлае мора матылькоў”, ляталі “зіхатлівай хмарай над чорнымі жукамі мужчынскага полу”, як апісваў у “Неўскім праспекце” М. Гогаль. Быць яркім, кідкім для джэнтэльмена з гэтага часу стала дрэнным тонам, а цяперашнія кансерватыўныя мужчыны і ўвогуле адмаўляюцца ад таго, што на іх знешні выгляд хоць нейкім чынам уплывае мода. Хаця, вядома ж, гэта толькі словы.

 /i/content/pi/cult/115/323/Dendi.jpg
Касцюм пераростка — апошні піск!
 

Тое, што мода тычыцца ўсіх мужчын, а не толькі тусоўнай моладзі, даказаў нядаўні Тыдзень моды ў Беларусі, які прадставіў значную колькасць варыянтаў менавіта мужчынскага адзення. І самае галоўнае, яго модная сутнасць на бліжэйшы час заключана не столькі ў тым, што цяпер нашы мужчыны стануць насіць, а — якім чынам? А паколькі не ўсе нашы чытачы змаглі папрысутнічаць на дэфіле, для іх пра новае “як?” раскажа аўтар мужчынскай калекцыі “Брытанскія традыцыі”, названай лепшай у дзелавым стылі, гомельскі дызайнер ААТ “Камінтэрн” Ірына ГАРЛЕНКА. — Ірына, кідаецца ў вочы тое, што сучасны мужчынскі касцюм цяпер не зусім такі, якім мы прывыклі яго бачыць: класічныя штаны запраўлены ў боты, пінжак з кароткімі рукавамі… Як жа цяпер правільна падбіраць нашым капрызным “антымоднікам” касцюмы?

— Сучасны касцюм для мужчын прадстаўлены, у асноўным, у трох стылях, якія і дыктуюць свае правілы. Каб не палохацца, што ў ім нешта кароткае ці шырокае, і ці патрэбна гэтаму так быць, варта сказаць пра гэтыя напрамкі. Першы ўмоўна называецца англійскім касцюмам, які пазнаецца па ідэальнай пасадцы на фігуры, выразных, крыху расшыраных плячах і форме, якая ў руху не мяняе свой сілуэт. Другі напрамак — амерыканскі: вольны, мешкаваты касцюм з пакатай лініяй плячэй. Думаю, нашы мужчыны не зусім гатовыя да яго: шырокія штаны і пінжак могуць падавацца крыху шыракаватымі, але гэта такі стыль. Трэці сучасны напрамак — гэта “дэндзі”, які мы яшчэ называем еўрапейскім ці італьянскім стылем. Ён надае мужчынам малайцаваты выгляд за кошт вельмі аблягаючага пінжака з нешырокімі плячыма, з укарочанай даўжынёй рукавоў і самога вырабу, і такіх жа штаноў. Яго вобразная асацыяцыя: хлопчык вырас — касцюм застаўся. Заўважу, што такі пінжак на манекенах зусім не глядзіцца, а вось на фігуры пачынае “іграць”. Гэты стыль, дарэчы, ужо падтрымала маскоўская багема. Дадам такую важную рысу: укарочаныя штаны патрабуюць высокага абутку, які аблягае шчыкалатку. У маёй калекцыі вы бачыце такую варыяцыю: класічныя штаны запраўлены ў гетры, а тыя — у паўбоцікі.

 — Дарэчы, якой даўжыні павінны быць класічныя штаны? Кансультанты магазінаўкажуць, што па нейкім еўрастандарце яны павінны напалову закрываць абцас мужчынскага абутку.— Прадаўцы арыентуюцца на дрэс-код, і хаця ў модзе — укарочаныя штаны, нашы мужчыны любяць доўгія і вельмі доўгія, якія закрываюць абцас. Але ў Еўропе так не апранаюцца. І калі параўнаць нашы касцюмы з еўрапейскімі, напрыклад, ад Армані, беларускія будуць на рост даўжэйшыя — на 5-6 см. 
— Мода ж модай, а якія змены прыйшліся на класіку?

— У класіцы асноўнае змяненне — гэта тканіны, якія становяцца крэатыўным ядром мужчынскай моды. Напрыклад, цяпер касцюмы могуць блішчэць, нібы атлас, а на самой справе з’яўляцца шарсцянымі. Такую ілюзію дае тэхналогія паліравання шэрсці. У пінжаках бізнес-класа цяпер з’явіліся кішэнькі для мабільнікаў, зробленыя з тканіны, якая не дапускае апраменьвання.

 — А якая першая адзнака таго, што касцюм “не сядзіць”?
— У штанах гэта няроўная стрэлка, якая можа “завальвацца”. У ідэале яна павінна быць выразнай, строга вертыкальнай і ніякай іншай. Нават апраўдання тыпу “ў мяне такія ногі” не дастаткова, каб купіць штаны, якія дрэнна сядзяць. Можна знайсці штаны і на неідэальныя ногі, бо адна з функцый адзення — выпраўляць фізічныя недахопы. Што да моладзі, ёй бывае нязвыкла адчуваць класічныя штаны на таліі, бо яна прывыкла да джынсаў, якія мадэлююцца заніжанымі. Ім можна параіць некласічны напрамак касцюма, дзе штаны нібы і класічныя, але з заніжанай лініяй таліі. Але калі юнак набыў класічны варыянт штаноў, нельга спрабаваць апускаць іх пояс ніжэй: нічога прыстойнага не атрымаецца. А што да памылак, якія часцей сустракаюцца ў падборы пінжакоў і ўвогуле касцюмаў, дык самая галоўная — ігнараванне такога параметра, як паўната, якая вызначаецца памерам таліі. Таму ў плячах касцюм можа добра сесці, а ў таліі быць мешкаватым. Таму мая парада: звяртайце ўвагу на трэцюю лічбу ярлыка, якая паказвае паўнату касцюма.   


Гламур з акопаў
 

Было б не зусім правільна, калі б мы абмежавалі мужчынскую моду выключна касцюмамі. Па-першае, гэта толькі афіцыйная альбо паўафіцыйная частка гардэроба, а па-другое, ёсць мужчыны, якія іх увогуле не носяць. Але ж верхнюю вопратку дакладна носяць усе. І не здзіўляйцеся, што, гаворачы пра яе, мы пераскокнем у сезон восень-зіма 2007 — 2008: мода заўсёды глядзіць на сезон далей, каб яе прыхільнікі маглі загадзя да яе падрыхтавацца.
— Бліжэйшы сезон — гэта сезон фрэнчаў ды трэнчаў, — раскрыў падчас Тыдня моды ў Беларусі заслону будучыні Аляксандр ХІЛЬКЕВІЧ, галоўны рэдактар некалькіх расійскіх спецыялізаваных у галіне моды часопісаў, член экспертных саветаў буйных фестываляў моды, чыё імя вядома ў прафесійных “модных колах” Італіі, Францыі, Германіі. — Фрэнчы ды трэнчы ў сучасным гардэробе мужчыны — гэта даніна стылю мілітары, Але ён у будучым сезоне паўстае не ў абшарпаным, “акопным” варыянце, а наадварот — гламурным, люксавым, глянцавым. Яшчэ адна тэндэнцыя, якую мужчыны адчуюць у бліжэйшы час — тэма космасу, якая праявіцца ў тканінах верхняй вопраткі эфектам металіка — серабрыстага, залацістага, бронзавага, меднага. Таксама ў халодны перыяд чакайце ўзыходжання на вяршыню моды трэнчаў-дублёнак. Для паліто актуальнымі стануць фасоны, што падтрымліваюць апошні трэнд “кокан”, для куртак — чатыры накладныя кішэні; мех — як на ўсёй мадэлі цалкам, так і ў якасці аздобы. З 80-ых вернуцца да нас спартыўныя сілуэты ў выглядзе дутых ды фастрыгаваных рэчаў. Пінжак — адзін з галоўных “герояў” будучага сезона. Сярод іх аднолькава важнымі будуць аднабортныя і двухбортныя. На іх моцна адаб’ецца ўплыў урачыстых вячэрніх варыянтаў — фракаў ды смокінгаў, эстэтыка якіх перанясецца на паўсядзённую вопратку. Гэта, у першую чаргу, тычыцца афармлення дэталей, напрыклад, каўняроў.Другі важны элемент — наяўнасць жылетаў, якія апранаюцца і да аднабортных, і да двухбортных пінжакоў… А ўвогуле ж, будучы сезон абяцае быць вельмі стыльным. Мужчынская вопратка ідзе да таго, што будзе менш лірыкі і рамантызму. Вобразныя рашэнні стануць прасцейшыя і больш дакладныя. А прастата, у сваю чаргу, будзе кампенсавана франтаватасцю ды скрупулёзнасцю.

   

 /i/content/pi/cult/115/323/Dendi2.jpg
Калі б не англічане…

 Не ўсё ў мужчынскай вопратцы стваралася мэтанакіравана краўцамі. Некаторыя асаблівасці адзення, якія дагэтуль засталіся ў сучасным побыце, узнікалі ў свой час выпадкова. І цікава ўзгадаць пра іх сёння, калі без гэтых дэталей мужчынскі гардэроб выглядаў бы нязвыкла.
Адвароты калашын, якія маюць многія мужчынскія штаны, не з’явіліся б, калі б не Прынц Уэльскі. Менавіта той, сам таго не ведаючы, увёў гэтую дэталь у фасон штаноў у канцы ХІХ ст., калі выйшаў у дажджлівае надвор’е на вуліцу з трошкі падкасанымі калашынамі, што не змаглі не заўважыць навакольныя. Успрыняўшы гэты жэст як сігнал для дзеяння, наступным днём усе дваровыя набліжаныя падкасалі калашыны штаноў на пару пальцаў.Парадная мужчынская вопратка — фрак — таксама з’явілася з нечаканае прычыны. Яго прататыпам быў каптан XVII стагоддзя, у якім вершнікі сталі закладаць крыссе назад, каб было зручней сядзець і ехаць на кані. Гэты прыём так укараніўся, што ў канцы XVIII ст. са звычкі сфарміравалася новая вопратка — фрак, які стаў часткай буржуазнай моды, набыўшы ў ХІХ стагоддзі статус параднай, бальнай вопраткі мужчын. Лічыцца, што другую парадную вопратку — смокінг — прыдумаў брытанскі прэм’ер-міністр ХІХ стагоддзя Б.Дзізраэлі, які падкараціў свой дамашні халат з атласным шалевым (г. зн. авальным) каўняром. Таксама — выпадак, які нарадзіў форму адзення…
Міжволі напрошваецца пытанне: як бы выглядалі мужчыны, калі б не англічане?