У мерапрыемстве, што нядаўна адбылося ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Польшчы, прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол нашай краіны ў Рэспубліцы Польшча Віктар Гайсёнак, Эльжбета, Мацей і Мікалай Радзівілы, супрацоўнікі Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. У прывітальным слове Віктар Гайсёнак выказаў падзяку польскаму боку за праведзеную працу і магчымасць перадаць партрэты роду Радзівілаў для музейнай экспазіцыі музея-запаведніка "Нясвіж". Гэта другая перадача карцін Радзівілаў за апошні месяц. На мінулым тыдні, як паведамляла "К", у межах Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Нясвіжскі палац Радзівілаў: гісторыя, новыя даследаванні. Досвед стварэння палацавых музейных экспазіцый" нашчадкі Радзівілаў падарылі музеюзапаведніку шэраг копій партрэтаў і графічных выяў сваіх продкаў. Як паведаміла намеснік дырэктара Дзяржаўнага музея-запаведніка "Нясвіж" Галіна Кандрацьева, на наступным тыдні копіі паступяць у распараджэнне ўстановы і стануць важным унёскам у фарміраванне экспазіцыі. Плануецца, што гэтыя партрэты зоймуць пачэснае месца ў адноўленай партрэтнай зале палаца Радзівілаў.
Ул. інф.