На будучым фестывалі, спадзяецца ініцыятар і мастацкі кіраўнік Мікалай Козенка, будуць выпраўлены недахопы мінулых. Па-першае, удзельнікі павінны быць апрануты ў эксклюзіўныя касцюмы, якія адлюстроўваюць этнічныя адметнасці іх мясцовасці. Пажадана, каб на VI "Берагіні" акампанемент конкурсу быў жывым, а не выкарыстоўвалася фанаграма. Творчая праграма аднаго калектыву з 25 чалавек ад пэўнага раёна краіны павінна быць разнажанравай: для таго, каб удзельнікі былі ў аднолькавых умовах, неабходна мець у праграме ўсе віды танцаў, сольных выступленняў, прыклады народна-побытавага і апавядальнага мастацтва.
Аргкамітэт фестывалю вырашыў адмовіцца ад таго, каб у конкурсе ўдзельнічала моладзь, узрост якой перавышае 21 год, аднак прадумваюцца праекты стварэння конкурсаў для тых, каму за 50, а таксама - для дзетак з дзіцячых садкоў. Цягам семінара, арганізаванага Інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, выступілі начальнік роднага для "Берагіні" аддзела культуры Акцябрскага райвыканкама Гомельскай вобласці, выкладчыкі і метадысты ўстановы адукацыі.