Чытач — Газета — Міністэрства

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

Растлумачце, калі ласка, як правільна афармляць праграмы па дысцыплінах ССНУ? Справа ў тым, што палова праграм ідзе табліцай, палова — суцэльным тэкстам. Дзе можна знайсці метадычныя рэкамендацыі па складанні вучэбна-праграмнай дакументацыі? На пытанне адказвае галоўны спецыяліст упраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Людміла МУХА:

 

  - Вучэбная праграма - дакумент, у якім вызначаны змест навучання і найбольш мэтазгодныя спосабы арганізацыі яго ўсведамлення навучэнцамі. У вучэбнай праграме адлюстроўваюцца мэты навучання і выхавання, раскрываюцца змест дысцыпліны, рэкамендуемыя дыдактычныя працэсы і найбольш падыходзячыя арганізацыйныя формы навучання. Тыпавая вучэбная праграма вызначае памер вучэбнага матэрыялу, неабходнага для фарміравання ў навучэнцаў ведаў, практычных уменняў па дысцыпліне. Тыпавая вучэбная праграма - адзіная для ўсіх форм навучання і мае наступную структуру:

1) тлумачальная запіска;

2) прыкладны тэматычны план;

3) змест праграмы;

 4) крытэрыі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў па дысцыпліне;

5) літаратура.

У тлумачальнай запісцы фармулююцца канкрэтныя мэты і задачы вывучэння дысцыпліны, вызначаюцца яе роля і значэнне ў навучанні, указваюцца міжпрадметныя сувязі, прыводзяцца, пры неабходнасці, кароткія рэкамендацыі па арганізацыі вывучэння асобных раздзелаў і тэм, правядзенні кантрольных урокаў. У прыкладным тэматычным плане прыводзяцца назвы раздзелаў і тэм, указваецца, згодна з вучэбным планам, колькасць вучэбных гадзін на тэарэтычныя, практычныя заняткі, кантрольныя ўрокі. Раздзелы нумаруюцца адной арабскай лічбай, а тэмы - дзвюма лічбамі: першая - нумар раздзела, другая - парадкавы нумар тэмы (1.1, 1.2 і г. д.).

У змесце праграмы па кожнай тэме фармулююцца мэты яе вывучэння з улікам узроўню засваення вучэбнага матэрыялу. Мэты вывучэння тэмы павінны быць скаардынаваны паміж сабою па ўзроўнях засваення вучэбнага матэрыялу. Нумары, назвы раздзелаў і тэм у "Змесце праграмы" адпавядаюць прыкладнаму тэматычнаму плану. Крытэрыіацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў па дысцыпліне распрацоўваюцца на падставе інтэгральнай дзесяцібальнай шкалы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў устаноў. Кантрольныя ўрокі (прагляды) плануюцца пасля вывучэння асобных тэм ці раздзелаў і ўказваюцца ў змесце праграмы. У раздзеле "Літаратура" прыводзіцца асноўная і дадатковая вучэбная, даведачная літаратура. Спіс літаратуры афармляецца згодна з ГОСТ 7.1-84 "Бібліяграфічнае апісанне дакумента. Агульныя патрабаванні і правілы складання". Агульныя патрабаванні па складанні і распрацоўцы тыпавой вучэбнай праграмы распрацаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і змешчаны на сайце ўстановы адукацыі "Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі" www.ripo.unibel.by (раздзел УМО ССО). Акрамя таго, штогод факультэтам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў прафесійнай адукацыі праводзяцца мэтавыя курсы па рабоце з вучэбнапраграмнай дакументацыяй. Кантактны тэлефон: 245-84-43 (аддзел маркетынгу).

 Як правільна аплаціць працу выкладчыка, калі ў яго затарыфікаваны гадзіны як прафкампаненту, так і агульнаадукацыйныя?

- У вашым выпадку за правядзенне вучэбных заняткаў як выкладчыка агульнаадукацыйных дысцыплін, так і прафесійнага кампаненту аплата працы ажыццяўляецца згодна з нарматыўнымі дакументамі незалежна ад крыніцы фінансавання.

Якая лічба ў разліку зарплаты выкладчыка ССНУ з'яўляецца асноўнай для налічэння прэмій і надбавак?

- Для вызначэння памеру прэміі выкладчыку ў разлік прымаецца педагагічная стаўка з улікам педагагічнай нагрузкі і павышэнняў тарыфнага акладу (да 7 працэнтаў, за стаж працы па спецыяльнасці, у сувязі з пераводам на кантрактную форму найму згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29), якія падсумоўваюцца і складаюць аклад, а таксама Палажэнне аб прэміраванні, зацверджанае кіраўніком арганізацыі, і пастанова Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ад 5 лютага 2002 г. № 13. Пры разліку надбаўкі, устаноўленай за высокія прафесійныя, творчыя, вытворчыя дасягненні ў працы, складанасць і напружанасць працы, а таксама за выкананне асабліваважных работ базай з'яўляецца аклад, надбаўкі за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі - тарыфны аклад, а надбаўкі за валоданне замежнымі мовамі і прымяненне іх у практычнай рабоце - ад стаўкі першага разраду. Звяртаем увагу, што згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2003 г. № 1134 выкладчыкам устаноўлена скарочаная працягласць працоўнага часу - не больш за 36 гадзін на тыдзень (1440 гадзін у год), што дазваляе аплаціць усе адпрацаваныя вамі гадзіны ў поўным аб'ёме.

На пытанні адказвала кансультант аддзела бюджэтнага фінансавання эканамічнага ўпраўлення Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ніна АЛЯКСЕЕВА

Калі ў вас ёсць пытанні ў рубрыкі "Чытач - Газета - Міністэрства" і "Юрыдычныя тонкасці", накіроўвайце іх на адрас рэдакцыі: 220013, г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 77, на электронную скрыню: kultura@tut.by або пакідайце ў адпаведнай тэме на форуме нашага сайта

www.forum.kimpress.by