Да “Лістапада”!

№ 44 (913) 31.10.2009 - 06.11.2009 г

Падрыхтоўка да XVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю выйшла на фінішную прамую. У канчатковы спіс будучай праграмы ўвайшло звыш 270 стужак з 52 краін, што сталася безумоўным рэкордам за ўсе часы правядзення кінафоруму. Аб гэтым на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў аргкамітэт фестывалю.

Асноўная частка "Лістапада2009" будзе складацца з трох конкурсных праграм: поўнаметражнага ігравога, неігравога і дзіцячага кіно. Першая ўключае лепшыя стужкі, знятыя еўрапейскімі рэжысёрамі цягам мінулага года. Сярод прадстаўленых карцін за прызы фестывалю будуць спаборнічаць беларускія - "Інсайт" Рэнаты Грыцковай і "Снайпер. Зброя помсты" Аляксандра Яфрэмава. Конкурсныя ігравыя паказы ўпершыню пройдуць у сталічным кінатэатры "Дом кіно". Судзіць "вялікі" конкурс будуць два журы: міжнароднае кінапрафесіяналаў на чале з расійскім рэжысёрам Паўлам Чухраем і журы беларускай кінапрэсы. Неігравы конкурс на "Лістападзе" трэці раз адбудзецца ў падземных залах комплексу "Цэнтр-відэа". У яго праграму ўвойдуць 26 стужак з 10 краін свету. Беларусь у ім прадставіць мэтр айчыннай дакументалістыкі Міхаіл Жданоўскі са сваёй новай работай "Вечнае вяртанне". Нарэшце, дзіцячы конкурс "Лістападзік", па-традыцыі, прыме сваіх удзельнікаў і гледачоў у кінатэатры "Піянер".
Тут будуць паказаны восем стужак з сямі краін, у тым ліку беларускія "Навагоднія прыгоды ў ліпені" Алены Туравай і Івана Паўлава. Як пісала "К" раней, адкрыццё і закрыццё фестывалю адбудуцца ў Палацы Рэспублікі. А вось фільм адкрыцця - "Цар" Паўла Лунгіна- упершыню пакажуць адначасова ў пяці залах кінатэатра "Беларусь". Упершыню на цырымоніях адкрыцця і закрыцця кінафэсту можна будзе купіць білеты. Але, як сказаў на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка, гэта не будзе азначаць, што "Лістапад" "камерцыялізуецца".
Дзяржава і надалей будзе падтрымліваць галоўнае свята кіно на Беларусі, падкрэсліў у сваім выступленні першы намеснік міністра. Таксама як і ў мінулыя гады, "Лістапад" чакае шмат вядомых у свеце кіно асоб. Кіра Муратава, Кшыштаф Занусі, Таццяна Дароніна, Валянцін Гафт, Аляксандр Міндадзэ, Сяргей Гармаш не толькі будуць гасцямі, але і правядуць майстар-класы ды наведаюць рэтраспектывы стужак са сваім удзелам. Усяго на "Лістападзе-2009" запланавана каля 100 мерапрыемстваў, амаль палова якіх пройдзе за межамі сталіцы.